ЗАМЕЖНЫ ДРУК (12–13.12.2011)
Канторскі фальш
12 сьнежня 2011 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” паведаміла, што ў адказ на масавыя пратэсты супраць сфальшаваных выбараў у Маскве была арганізавана вялікая дэманстрацыя на Манежнай плошчы ў падтрымку Крамля. Там былі “Наші”, “Молодая гвардія” і іншыя пракрамлёўскія маладзёвыя групоўкі. Яны гукалі хорам: “Пуцін! Пуцін!”
Наш камэнтар: У Сеціве і нават на маскоўскіх тэлеканалах паказалі кур'ёзныя эпізоды гэтых мерапрыемстваў афіцыёза. Крэмль сабраў у цэнтры Масквы дзясяткі тысячаў маладзёнаў, якіх прывезьлі на цягніках і аўтобусах з шэрагу вобласьцяў вакол Масквы. Ім бясплатна раздалі модныя курткі і шапачкі, узялі іх на пансіён, потым далі ў рукі адпрасаваныя сьцягі і транспаранты “Мы за Медведева-Путіна!” і сказалі, дзе стаяць і што крычаць.
Але фальшыўка з “порывом молодой душі” лёгка раскрылася як чарговы лубянскі спэктакль з дзясяткамі тысячаў статыстаў. Калі да гэтых крыкуноў падыходзілі журналісты і пачыналі іх здымаць, тыя чамусьці закрывалі твары далонямі і нават адганялі здымшчыкаў ад сябе. Статыстам было сорамна за сябе і свае гуканьне! Потым паказалі вялізныя павільёны на ВДНГ, дзе начавалі тысячы статыстаў. Ім накідалі на падлогу матрасы, і яны спалі там покатам. Вось такая “Маладая гвардыя”, вельмі ж падобная па фальшывасьці на мясцовы БРСМ. Кантора здольная толькі на фальш, калі няма сапраўднай народнай падтрымкі.
Юрка Марозаў
“Я додавлю всех!”
12 сьнежня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала вытрымкі з таемных дзёньнікаў дарадцы М. Гарбачова Анатоля Чарняева. 30 красавіка 1990 г., напрыклад, Чарняеў напісаў у дзёньніку: “Летува — самая ганебная справа Гарбачова. Яна знаходзіцца ў эканамічнай блакадзе. А “паўстаньне” супраць Ландсбэргіса і Прунскенэ, якога ён чакае, так і не адбылося. Ён трымаецца за Летуву не дзеля палітыкі. Ёсьць толькі адна імпэрская ідэалогія: не дапусьціць падзеньня імпэрыі”. Далей Чарняеў успамінае, як да яго тэлефанавалі дэпутаты парлямантаў балтыйскіх рэспублік, прасілі паўплываць на Гарбачова, каб той учытаўся ў іхныя звароты. Гарбачоў заявіў на гэта: “Я додавлю всех!”
Наш камэнтар: Праз пэўны час зьявяцца патаемныя дзёньнікі цяперашняй крамлёўскай хунты. Даведаемся шмат чаго пра іхнае сёньняшняе “давіць-дадавіць”. І чырвонай ніткай праз усе злачынствы гэтай хунты праходзіць галоўная ідэя — не дапусьціць падзеньня імпэрыі.
Алесь Хадасевіч
Румын у Турцыі
12 сьнежня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апісала, як прымалі ў Анкары з афіцыйным візытам прэзыдэнта Румыніі Траяна Бэсэску. Туркі заслалі дарогу ад самалёта чырвоным дываном. Паўсюль рэклямы і плякаты пра турэцка-румынскую дружбу. Прэзыдэнт Турцыі зьвярнуўся да госьця з прыязнай прамовай.
Наш камэнтар: Трэба прачытаць гэты артыкул тым, хто хвалюецца наконт будучых адносінаў паміж вызваленай ад лукашызма Беларусьсю і Расеяй. Румынскі народ перажыў жахі турэцкага іга і вызваліўся ад акупантаў у выніку нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Рассыпалася Асманская імпэрыя, у тым ліку і намаганьнямі перадавых турэцкіх людзей. І вось толькі тады паміж краінамі ўсталяваліся прыязныя адносіны. Так будзе і ў нас з Расеяй (дакладней з тым, што застанецца ад разваленай імпэрыі), калі будзе ліквідавана імпэрская антынародная палітыка ўсходняга суседа.
Алесь Хадасевіч
Праклён Крамлю!
12 сьнежня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра падзеі ў Сірыі. Тамака распачаўся агульнанацыянальны палітычны страйк супраць рэжыму Асада. Бальшыня крамаў і школ зачынены. Працягваюцца баі паміж арміяй рэжыму і атрадамі дэзэрціраў. У некаторых правінцыях адбыліся мясцовыя выбары. Нягледзячы на ўціск з боку рэжыму, колькасьць удзельнікаў галасаваньня была вельмі нізкай. Людзі не выходзілі з дамоў.
Наш камэнтар: Сірыйскі народ паказвае ўсім, як трэба дзейнічаць у змаганьні супраць дыктатуры: арганізоўваць агульнанацыянальны палітычны страйк і байкот рэжымным псэўдавыбарам. Дзіўна, што дагэтуль заходнія СМІ называюць “дэзэрцірамі” Народную армію, якая вядзе барацьбу з рэжымнай бандай.
Па заходніх тэлеканалах паказалі таксама, як паўстанцы і дэманстранты ў Сірыі робяць інсталяцыю з расейскага дзяржсьцяга і партрэта Башара Асада, а потым спальваюць яе. Людзі здагадаліся, хто падтрымлівае антынародны рэжым, хто дае яму зброю. Вечны праклён Крамлю!
Юрка Марозаў
Далоў камуну!”
12 сьнежня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра 30-ю гадавіну ваеннага перавароту і ўсталяваньня ў Польшчы ваеннага становішча. Некалькі сотняў дэманстрантаў, у асноўным патрыятычная моладзь прышлі пад дом, дзе ў Варшаве жыве генэрал Ярузэльскі. Людзі гукалі: “Далоў камуну!”
Наш камэнтар: Новае пакаленьне палякаў не забылася, хто душыў народ на загад Масквы. Маладыя патрыёты ведаюць пра пагрозу вяртаньня чырвонай чумы.
Алесь Хадасевіч
Масква робіць добрую міну
13 сьнежня 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала пра выступ прэзыдэнта РФ Медведева на сацсетках Facebook. Ён выступіў так, што яму адказалі ў Сеціве адразу 12 тысячаў чалавек. Бальшыня зь іх з словамі асуджэньня. Людзі нагадалі яму, што пратэсты праходзілі пад лёзунгамі “За справядлівыя выбары!” Людзі пыталіся: “Дык што, прэзыдэнт Расеі не пагаджаецца, што выбары павінны быць справядлівымі?”
Наш камэнтар: Медведев паспрабаваў зрабіць прыгожую міну пры дрэннай гульні. Ды ня выйшла. Бачна, што з татальнай фальсіфікацыяй на выбарах Крэмль-Лубянка сапраўды сур'ёзна ўляцелі ў праблемы з грамадзтвам, якое пачало задаваць непрыемныя пытаньні проста ў лоб.
Алесь Хадасевіч
У Расеі разабраліся
13 сьнежня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісалі пра новага кандыдата на прэзыдэнта Расеі. Пасьля масавых пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў у Маскве алігарх М. Прохараў заявіў, што будзе кандыдаваць на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Газэта называе яго плэйбоем і супрацькандыдатам Пуціну. Згадвае яшчэ супрацькандыдатаў Міронава і Яўлінскага.
Наш камэнтар: Заходнія СМІ спасылаюцца на выказваньні сваіх мясцовых саветолагаў ды русістаў. Тыя з філасофскім выглядам тэарэтызуюць пра канкурэнцыю паміж Міронавым-Прохаравым і Пуціным. Аднак у Расеі і вакол яе ўжо мільёны людзей разабраліся, што яўлінскія і іншыя з “оппозіціі” — гэта падстаўная агентура, задача якой заключаецца ў тым, каб зацягнуць людзей на выбарчыя ўчасткі і даць сябе надурыць крамлёўскім фальсіфікатарам.
Алесь Хадасевіч
Дэманстрацыі ў Бэнгазі
13 сьнежня 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла пра дэманстрацыі ў Бэнгазі. Да 30 тысячаў дэманстрантаў патрабавалі ад пераходнага ўраду выдаліць з дзяржаўнага кіраўніцтва ўсіх, хто працаваў на дыктатуру Кадафі. Людзі таксама патрабавалі сапраўднай дэмакратыі.
Наш камэнтар: Людзі справядліва патрабуюць выдаленьня з улады і пакараньня тых, хто вызначыўся пры антынароднай дыктатуры. Беларусы ня здолелі завершыць гэты працэс у 1991 годзе, то дагэтуль вымушаны змагацца з постсавецкай гідрай, якая душыць усё жывое ў нашай краіне.
Юрка Марозаў
Падтанцоўшчыкі ў Маскве
13 сьнежня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” задавалася пытаньнем, пазначаным у тытуле артыкула — “А можа гэта змоўшчыкі Пуціна?” На фота ў газэце — вядомы Б. Нямцоў, які трымае білютэнь, “сапсаваны” нейкім ягоным “пратэстным надпісам”. Газэта піша пра міністра Кудрына і алігарха Прохарава, якія зьбіраюцца кандыдаваць. Таксама газэта напісала пра заявы некаторых палітычных партый аб тым, што яны падумаюць, ці не адмовіцца іхным сябрам ад дэпутацкіх пасьведчаньняў, здабытых на сфальшаваных выбарах. Палітолагі ў Маскве мяркуюць, што ніхто зь іх не адмовіцца, бо “гэта азначала б спыненьне кантактаў з Крамлём”.
Наш камэнтар: Гэтым разам польская аналітыка лепш за іншых паказала, што на самой справе адбываецца ў Маскве. Усе гэтыя “супрацьпуцінскія” кандыдаты ёсьць падтанцоўшчыкамі на псэўдавыбарах. Фота Нямцова з “папсаваным” бюлетэнем — яркі таму прыклад. Яны зноў будуць заклікаць людзей “псаваць” бюлетэні. Але перад гэтым людзі мусяць прысьці на “выбарчыя ўчасткі” дыктатарскага шоў і зарэгістравацца, забясьпечыўшы для канторы бачнасьць усенароднай актыўнасьці. Сродкам на гэтае псэўдаапазыцыйнае-рэжымнае жульніцтва зьяўляецца Народны Байкот і пустыя ўчасткі — ганьба і правал дыктатуры.
Юрка Марозаў