ШАСЬЦЁРКА
(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)
Антыбеларускі рэжым працягвае свае “вялікія рэформы”. Пасьля пэрыяду адкрытага банкаўска-валютнага зьдзеку з нашых людзей рэжым перайшоў да новай формы “працы з кліентамі”. Цяпер, калі беларус хоча набыць у абменьніку замежную валюту, ён абавязаны прад'явіць свой пашпарт. Людзі цікавяцца: а навошта? Больш за 15 гадоў пашпарт быў непатрэбны, а тут раптам ён зацікавіў рэжым і банкі. Банкаўскія работнікі распавялі ў нефармальнай абстаноўцы, пра што йдзецца рэжыму. Касір у абменьніку фіксуе дадзеныя з пашпарта грамадзяніна, і яны захоўваюцца ў банку. Але гэта ня ўсё. Банкаўскія работнікі атрымалі загад ад “вышэйстаячых ворганаў” штовечар перадаваць туды (“вышэй”) пашпартныя дадзеныя ўсіх грамадзянаў, што ў гэты дзень набылі 100 і болей даляраў або эквівалент гэтай сумы ў іншых валютах. Што “вышэй” будуць рабіць з гэтымі дадзенымі і гэтымі людзьмі, банкаўскія работнікі ня ведаюць. Аднак, трэба нагадаць беларусам, што менавіта так (з “ленінскага учёта і контроля”) пачынаўся разгром НЭПа і раскулачваньне тых, каго ленінскі рэжым кваліфікаваў як “нэпманаў”. Вось вам і “банкаўская тайна”...
На працягу лістапада ў беларускіх школах распаўсюджваецца афіцыйная міністэрская анкета. У анкеце настаўнікі павінны адказаць на 37 пытаньняў, паводле якіх вызначаецца ўзровень разьвіцьця школьніка. Адгадайце з першага разу, што зьмяшчаецца ў першым пытаньні?
А вось што... Анкета, зразумела, падрыхтавана на акупанцкай мове: “1. Отношение ученика к руководству нашей страны”. Наступнае: “2. Знание государственной символики нашей страны”. Зразумела, што вучні абавязаны быць вернымі антыбеларускай хунце і пакланяцца сьцягу БССР-РБ ды гэрбу “Капуста”.
А цяпер адгадайце, на якім месцы пытаньне пра “отношение к учёбе и знаниям”. Гэтае пытаньне ў анкеце сфармулявана апошнім, 37-ым. Цяпер канчаткова зразумела, каго рыхтуе акупанцкая русскоязычная школа ў нашай паняволенай краіне. Маскве і мясцоваму рэжыму патрэбныя слабаадукаваныя асобы з тупым антыбеларускім “чувством патріотізма” на глебе антычалавечага рэжыму і яго антынацыянальнай сымволікі.
28 лістапада Радыё Свабода пазнаёміла нас зь “яркім эпізодам” міжнароднага жыцьця. Лідар АГП А. Лебедько меў сустрэчу ў Вільні з міністрам замежных справаў Летувы сп. Ажубалісам. Сярод іншага яны “абмяркоўвалі праблему беларускай АЭС, якую будуюць у Астраўцы”. І “выказалі сваю заклапочанасьць”. Хацелася б спытаць у летувіскага міністра: а ці ведае ён, хто такі сп. Лебедько? Ад прафэсійнага райкамаўскага камсамольца тав. Лебедько прайшоў пакручасты шлях у “дэмапазыцыю”. На гэтым шляху ён пасьпеў пабыць прадстаўніком “прэзыдэнта” Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце, мацаваў малады пачатковы лукашызм. Потым стаўся запісным ваяжорам па сьвеце ад менскай псэўдаапазыцыі, гукальшчыкам да ўдзелу ў выбарчых фарсах рэжыму. Гэтая асоба ўжо даўно вызначана беларусамі як арганічная частка рэжымнай антыбеларускай схемы. Тое ж тычыцца і ягонай АГП, ніводнага палітычнага або асьветніцкага мерапрыемства якой ніхто ня можа ўспомніць (акрамя ўдзелу ў рэжымных псэўдавыбарах, якія штораз яшчэ больш умацоўвалі рэжым).
І вось з такой публікай летувіскі міністр клапоціцца наконт атамнай бясьпекі сваёй дзяржавы. У галаве не ўкладаецца...
29 лістапада “Группа товарішчей” з псэўдаапазыцыі выступіла з чарговай сэнсацыйнай ініцыятывай. У Магілеве выказаў ідэю З. Салаўёў, старшыня мясцовай арганізацыі “Партыі БНФ”. Ён запрапанаваў правесьці ў 2012 г. “Кангрэс беларускіх нацыяналістаў”. Казаў таксама пра пагрозу незалежнасьці Беларусі і абарону беларускамоўнай адукацыі. Людзі ў камэнтарах на форумах у Сеціве адразу ж адрэагавалі наконт таго, што некаму хочацца аблегчыць справу для спэцслужбаў антыбеларускага рэжыму. “Маўклівых пратэстаў” было для гэтага мала, дык цяпер арганізатары зьбяруць усіх нацыяналістых разам і “дружненька” засьвецяць іх перад гэбэ. Людзі адрэагавалі на “ідэю” адэкватна.
Трэба яшчэ патлумачыць, што гэта за “Партыя БНФ” такая. У 1999 г., калі рэжымная агентура разам з “інтэлектуаламі-прагматыкамі” (Вячорка, Хадыка, Баршчэўскі, Бяляцкі і г.д.) раскалола Беларускі Народны Фронт, паўстала гэтая групоўка. Яе насуперак Закону зарэгістраваў пад назовам “Партыя БНФ” рэжымны мінюст. Нягледзячы на тое, што ужо была зарэгістравана і дзейнічала Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (скарочаная назва — Партыя БНФ). І пачалося, як у рамане Дзюма пра двайнікоў і вязьня ў жалезнай масцы — пачаўся псэўда-БНФ. Праз некалькі гадоў маладыя “прагматыкі” з добрай выпраўкай і халоднымі тварамі вытурылі з псэўда-Фронту згаданых “інтэлектуалаў” і паставілі над сабой “чалавека ў галіфэ” (такі “фальклёр”) А. Янукевіча. Вытурылі і зрабілі з сваёй групоўкі канчатковае пасьмешышча. Цяпер гэтае пасьмешышча зьбіраецца кіраваць “кангрэсам”. (Шкада, але легендарнае слова БНФ зганьбілі.)
Варта таксама нагадаць, што аўтарам “ідэі” Радыё Свабода прадставіла В. Сіўчыка, які падаў “ідэю” з Львова, дзе ён цяпер кіруе нейкім “беларускім цэнтрам”. Слава Сіўчык — даўно раскрыты хто ён такі. Пры чым, гэтую асобу гналі ад сябе нават у псэўда-Фронце. На загад Вячоркі-Хадыкі Сіўчыка пасярод паседжаньня псэўда-БНФ хапалі за рукі-ногі і выкідвалі з памяшканьня. Пэўны час ён мітусіўся ў амплуа “грамадзкага дзеяча.” А потым “славныя органы” паслалі Сіўчыка апыруўся ў Львове. Цяпер гэты ён “прадстаўляе” там Беларусь.
Трэба беларускім нацыяналістам быць больш асьцярожнымі.
4 сьнежня ў Расеі адбыліся парляманцкія выбары. Хто ня верыў, той урэшце пераканаўся, што на прасторах імпэрыі быў зьдзейсьнены сцэнар, адпрацаваны Крамлём-Лубянкай у Беларусі. Хаця быў даволі выразны нюанс. Пуцінская “Едіная Россія” атрымала не нахрапістую “перамогу”, як лукашэнкаўская групоўка, а крыху менш за палову галасоў. Тут трэба спытацца: а ўсе астатнія партыі-групоўкі, што прайшлі ў Дзярждуму, яны што — не канторскія, не пуцінскія? Дапусьцілі нават “Яблык” Яўлінскага, і гэтым, дарэчы, прадэманстравалі свой “дэмакратызм” — “дык у нас цяпер і апазыцыя прадстаўлена”.
Але што адбылося дакладна, дык гэта пасьлявыбарчая драматызацыя. “Дэмапазыцыя” так, як і ў Менску 19 сьнежня 2010 г., вывела тысячы людзей на плошчу ў Маскве і Піцеры. Людзі і нямцовы-лімонавы пачалі гукаць: “Это же былі не выборы, а фарс!” (А раней вы ня ведалі, што гэта фарс? Чаго вы папёрліся на выбарчы фарс?). Потым псэўдаапазыцыйныя правакатары павялі натоўпы людзей на будынак ЦВК. Там іх ужо чакалі войскі і ОМОН, сотні людзей арыштаваны. Сцэнар вельмі знаёмы беларусам. Сапраўдная змагарная апазыцыя павяла б дэманстрантаў на Лубянку і на Крэмль. Сапраўдная апазыцыя заклікала б людзей да байкоту фарсу.
Тым часам разьвіцьцё экспэрымэнтальнага лубянскага сцэнару ў Беларусі працягваецца. 6 сьнежня Радыё Свабода дала інтэрвію з “мацёрым чалавечышчам” з псэўдаапазыцыі Л. Марголіным, намгенсека АГП. Ён паведаміў, што ўтворана “кааліцыя шасьці”: АГП, “Говорі правду”, псэўда-БНФ Янукевіча, посткамуна “Справедлівый мір” Калякіна, БХД Рымашэўскага і “За свободу” Мілінкевіча. Адным словам, усё знаёмыя твары, якія вадзілі людзей на псэўдавыбары 2010 г., а потым на ЦВК у Менску. Чым гэта для нашых людзей скончылася, мы добра памятаем. Дык вось псэўдаапазыцыя зноў бярэцца за сваё. Цытуем Л. Марголіна: “Палітычныя партыі ня могуць ня ўдзельнічаць у выбарах, таму ў выбарах мы будзем удзельнічаць у любым выпадку...” Марголін удакладніў, што маюцца на ўвазе лукашэнкаўскія “парляманцкія выбары” 2012 г. Што ж, па свойму “геніяльна”. Адчуваецца, што пад гэты ўдзел ім у чарговы раз выпісваюць “палітычны ганарар” у Брусэлі-Берліне-Маскве. Гэта ўжо даволі даўно назвываецца ў іхным асяроддзі “прафэсійнай палітыкай”. Няўжо і на гэты раз нехта паверыць?
Янка Базыль