ЗНАЁМЫ ДЫЯГНАЗ
У Маскве і на шырокіх прасторах імпэрыі запахла смажаным: сістэма ідзе на выбары. 4 сьнежня сёлета адбудуцца парляманцкія, а 4 сакавіка 2012 г. адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Здавалася б, а нам што? Што нам, беларусам, да гэтай смажаніны вакол Пуціна і расейскай дэмапазыцыі. У нас ёсьць свой “прэзыдэнт” і свая “дэмапазыцыя”. І зьявы гэтыя ня менш стылёвыя, чым расейскія аналагі. У некаторых аспэктах нават значна больш, улічваючы савецка-правінцыйныя стылёвыя “разынкі” нашых мясцовых фэномэнаў.
Ня будзем спрачацца аб тым, якая з гэтых зьяваў першасная, а якая ёсьць прадуктам першай. Мяркуючы па тым, як і “прэзыдэнт”, і “дэмапазыцыя” РБ езьдзяць на паклон у Маскву, каб павучыцца адзін “аўтарытарызму”, а другая “дэмакратыі”, то менавіта Масква і зьяўляецца для іх цэнтрам сусьвету, альма матэр і ўсё астатняе. Эклектыка супярэчнасьцяў па лініі “аўтарытарызм — дэмакратыя” нікога не павінна зьдзіўляць. Менавіта так выглядае логіка ў шызафрэніі, як у клінічнай, так і ў палітычнай.
А цікавы беларусам расейскі спэктакль “выбарчай кампаніі” таму, што яны ўжо бачылі гэтую пьесу на сваіх мясцовых падмостках. Было ўсё: хлусьлівыя абяцанкі прэзыдэнт-электа, панегірычны сьпеў хору ягонай вэртыкалі і бадзёрая падтанцоўка “дэмапазыцыі”. Беларусы ў чарговы раз бачаць, як пасьля лабараторнага экспэрымэнту над краінай і насельніцтвам у нашых умовах Масква адпрацоўвае на практыцы апрабаваную ў Беларусі мадэль на бясконцых тэрыторыях свайго райху. І гэта ня проста супадзеньне, бо спэктакль мае тых жа рэжысёраў-пастаноўшчыкаў і сцэнарыстаў. І сядзяць яны ў Маскве.
Яўлінскі і шэраг іншых з расейскай “дэмапазыцыі” паводзіць сябе дакладна так сама, як паводзілі сябе ў кастрычніку-сьнежні 2010 г. дзеячы “дэмапазыцыі” РБ: яны заклікаюць насельніцтва ісьці на выбары. У той жа час ён і ягоныя паплечнікі публічна прызнаюць, што на выбарах, кіруемых рэжымам, выйграць немагчыма. Часам яны ў Маскве нават кажуць, што “гэта ня выбары, а фарс”. Потым яны, праўда, дадаюць, што “на выбары трэба абавязкава пайсьці”. Дык і гэта беларусы чулі ад мясцовых “дэмкандыдатаў”. І многія паслухаліся гэтых гуканьняў і пайшлі на “выбарчыя ўчасткі” псэўдавыбарчага шоў, кіруемага дыктатурай. Дзіўна, але шызафрэнічная логіка разважаньняў “кандыдатаў” многіх дарослых людзей не зьдзівіла, яна іх нават пераканала. Фэнамэнальна!
У адрозьненьні ад “дорогіх россіян” беларусы цяпер масава ведаюць, што гэта значыць і чым гэта скончыцца. Беларусы прайшлі свой лабараторны экспэрымэнт. Многія з тае пары паразумнелі і пачалі больш уважліва прыслухоўвацца да Зянона Пазьняка, да патрыётаў-фронтаўцаў, якія заклікалі да байкоту выбарчага фарсу — эфэктыўнага спосабу барацьбы супраць дыктатуры.
Цяжка было спрачацца з тымі, хто паверыў у гуканьні псэўдаапазыцыі! У “гуканьнях” не прапаноўвалі адкрытай барацьбы, выбаршчык заставаўся нібы нябачны. Гэта прывычна і шмат каго такое самаашуканства задавальняла. У спрэчцы фронтаўцы часам казалі: “Ну, гэта ж тое самае, што хадзіць на выбары ў канцлягеры, дзе камандуе і падлічвае бюлетэні эсэсаўскі канвой...” Актывісты-фронтаўцы казалі гэта, а потым бачылі, што не ўспрымаецца ніяк.
Сапраўды, “дэмкандыдаты” зусім не былі падобныя на ўвязьненых ахвяраў: яны не галадалі, рабілі замежныя ваяжы, модна апраналіся, добра ўладкавалі сваіх нашчадкаў, некаторыя зь іх на працягу апошніх 15-20 гадоў нікуды нават на службу не хадзілі — грантаў на паўнавартаснае існаваньне хапала... Але ўсяроўна было прадчуваньне ўсеагульнай бяды пасярод даволі распаўсюджанай атмасфэры жаданьня паўдзельнічаць у выбарах, кантралюемых рэжымам, і раз гэтыя “выбары” рэфармаваць гэты рэжым.
Бяда настала 19 сьнежня 2010 г., калі нерэфармуемы рэжым паказаў свой зьвярыны твар. Разам з усім грамадзтвам жорстка пацярпелі і некаторыя з “дэмкандыдатаў”. Яны сапраўды сталіся вязьнямі. А нахабная дыктатура абвясьціла пра сваю поўную і элегантную перамогу.
Здавалася б, Яўлінскага і іншых павінен быў бы прынамсі напалохаць гэты адмоўны досьвед іхных менскіх аналагаў. Дзе там! “Такога ў Расеі ня можа быць!” Але ж было, было! І здаўна давён, дастаткова прыгадаць улюбёнца Івана Жахлівага князя Андрэя Курбскага, для якога раптам падрыхтавалі сыры лёх у крамлёўскіх сутарэньнях. Курбскаму тады пашэнціла, ён пасьпеў дабегчы да беларускай мяжы і схавацца ў нашым Крэўскім замку. А яўлінскія пасьля выбараў могуць і не пасьпець... Да таго ж, згаданай мяжы дэ факта няма, у нашым Крэве і паўсюль гаспадарыць той жа крамлёўска-лубянскі хам (дарэчы, з ласкі ў тым ліку тых жа яўлінскіх, якія ўсё надрываліся пра “інтэграцыю”).
А ў прынцыпе палітычная шызафрэнія і ня ёсьць уласна шызафрэніяй. Усё ў маскоўскіх яўлінскіх і мясцовых лебедько-вінцучкоў з псіхікай нармальна. Яны проста адпрацоўваюць сваё псэўдаапазыцыйнае амплуа і нават не заўважаюць, што арганічна ўключаны ў схему палітыкі рэжыму. Таму яны вельмі зьдзіўляюцца, калі іх раптам бяруць “под белы ручкі” і цягнуць караць. Яны ж так добра выконвалі свае псэўдаапазыцыйныя функцыі. У гэты момант гэтыя вельмі практычныя па жыцьці людзі раскайваюцца ў сваёй наіўнасьці. Але ўжо позна.
Мы публікуем фрагмэнт артыкула на гэтую тэму маскоўскага гісторыка і публіцыста Паўла Шэхтмана з расейскай інтэрнэт-газэты Грані.Ру. У артыкуле ёсьць адэкватныя назіраньні і высновы. Мы не пагадзіліся б толькі зь яго фінальнай часткай, дзе аўтар заклікае ўсіх не на выбары, а пратэставаць на Трыюмфальную плошчу. Вядома, што на гэтай плошчы зьбіраюцца папратэставаць ня больш за 300-500 чалавек. Але калі б прышлі нават мільёны (а яны ня прыйдуць), гэта ўсяроўна ня выратуе Маскву і яе райх. Рускі народ і ўсё чалавецтва выратуе толькі распад расейскай імпэрыі.
Алесь Хадасевіч
Яўлінскі: шызафрэнія і подласьць
“Мой абавязак — змагацца за волю супраць існуючага рэжыму. Рэжым ёсьць зло, але рэвалюцыя таксама ёсьць зло. У выніку: я павінен змагацца з рэжымам толькі ў рамках рэжыму, толькі тымі сродкамі, якія дапускае рэжым, і толькі так, каб ні ў якім выпадку не спрыяць зьвяржэньню рэжыму”.
Гэта ёсьць стары, як лібэралізм у Расеі, фэномэн: лібэрал, сутыкнуўшыся з пэрспэктывай рэвалюцыі, у жаху адхінаецца і пачынае мітусіцца ў пошуках выйсьця. А выйсьця няма. Прынамсі ў рэчаіснасьці. Затое ён ёсьць у фантазіі — у фіктыўнай барацьбе, якая на справе ў лепшым выпадку проста не барацьба, а ў горшым — ня што іншае, як форма спрыяньня рэжыму.
Гэтая нанайская барацьба адбываецца пад лёзунгам “Мы за эвалюцыю, а не рэвалюцыю”. І хто б спрачаўся: эвалюцыйны працэс лепш за рэвалюцыю, як мір лепш за вайну, як тэрапія лепш за апэрацыю, як багацьце і здароўе лепш за галечу і хваробы. Балазе, “эвалюцыя” у цяперашняй Расеі непазьбежна азначае дэградацыю. Так што гісторыя не прадастаўляе нам выбару паміж дрэнным і добрым, г. зн. паміж прагрэсам і рэвалюцыяй. Яна прадстаўляе выбар выключна паміж дрэнным і жудасным. Што ў пары “рэгрэс — рэвалюцыя” дрэннае, а што жудаснае — кожны вырашае сам; але падмяняць вырашэньне гэтай праблемы разважаньнямі аб перавагах мірнага паступовага прагрэсу перад крывавымі бунтамі — няшчыра перш за ўсё перад самым сабой.
Чэмпіён нанайскай барацьбы — Р. А. Яўлінскі, што цяпер узьняўся з попелу. Пры ўсёй сваёй, прызнаюся, асабістай агідзе да гэтага пэрсанажу я б ніколі ня стаў пісаць пра яго, калі б са зьдзіўленьнем не адкрыў, што ягоныя прамовы (якія здаюцца мне шчыра дэмагагічнымі ў няменшай ступені, чым, напрыклад, прамовы Жырыноўскага) знаходзяць прыхільнікаў, якія ў захапленьні. Справа, такім чынам, не асабіста ў Рыгоры Аляксеевічы, а ў вышэй апісанай сацыяльна-псіхалагічнай зьяве, якую ён эксплуатуе і якую я назваў бы лібэральнай шызафрэніяй. У выглядзе прыкладу — два тэксты двух лідараў “Яблака”: мініфэст самога Рыгора Аляксеевіча і інтэрв'ю выканаўчай сакратаркі палітрады партыі Галіны Міхалёвай.
Дык вось, Яўлінскі з гонарам заяўляе пра мэты партыі: “Мы маем намер зьмяніць сістэму”. А што гэта за сістэма — расшыфроўвае Міхалёва: “Існуючая сістэма дзяржаўнага кіраваньня не паддаецца ніякім рэформам. Яна аўтарытарная, алігархічная, карумпаваная, пабудаваная на самаабслугоўваньні кіруючых колаў. Тыя, што знаходзяцца ва ўладзе, маюць магчымасьць зарабляць грошы і, як наступства, замацоўваюць свае ўладныя пазыцыі, а грамадзяне іх зусім не хвалююць. Самы прадстаўнікі кіруючай эліты ніякіх рэформаў ня хочуць, а мэханізма ўплыву грамадзтва на ўладу няма. (...) Існуючую сістэму неабходна не рэфармаваць, а трансфармаваць, г. зн. пачынаць усё з пачатку”.
Усё гэта гучыць дастаткова рэвалюцыйна. А апошні сказ — зусім ёсьць цытатай з “Інтэрнацыянала”.
Здавалася б — да зброі, грамадзяне? Але Яўлінскі мае намер разбураць сьвет гвалту куды больш хітрым спосабам: “Для нас катэгарычна непрыймальны ніякі іншы спосаб зьмены ўлады ў краіне, акрамя выбараў”. І тут ідзе цэлая плынь скаргаў на тых, хто заклікае да байкоту: гэтыя заклікі, маўляў, “зьяўляюцца сур'ёзнай перашкодай разьвіцьцю сучаснага грамадзтва ў нашай краіне”. “Плянамерная дэскрыдытацыя выбараў наносіць усім нам ня меншую шкоду, чым іх фальсіфікацыя”, — заяўляе Яўлінскі. І гэта для яго настолькі важная думка, што ён вяртаецца да яе зноў і зноў: “Я яшчэ раз хачу падкрэсьліць: галоўная на сёньня праблема ў краіне (ні больш ні менш!!! — П. Ш.) — не фальсіфікацыя на маючых адбыцца выбарах, а рост абыякавасьці і нават агіда яе грамадзянаў ў адносінах да самога ІНСТЫТУТУ ВЫБАРАЎ”. А Міхалёва тым часам робіць да гэтых палымяных дэкларацый заўвагу: “Сёньня выбары ператварыліся ў імітацыю: усе ведаюць, што адсоткі партыям разьмяркоўваюцца ў Крамлі”.
Далей Яўлінскі распавядае, навошта ён ідзе на выбары і што ён будзе рабіць у Думе: “У нас ёсьць гатовыя альтэрнатыўныя праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, пляны рэформаў сістэм адукацыі і аховы здароўя, судовай сістэмы і гэтак далей. Урэшце распрацаваны праект “Зямля — дамы — дарогі”, рэалізацыя якога можа стацца зыходным пунктам для кардынальных станоўчых зьменаў у Расеі. Мы хочам, каб гэта стала рэчаіснасьцю”. Міхалёва зноў каротка канстатуе: “У сёньняшнім парляманце проста адштампоўваюць рашэньні ўраду”.
Міхалёва шмат скардзіцца на пасіўнасьць грамадзтва, на няздольнасьць яго адстойваць свае ўласныя правы. А Яўлінскі маніфэстуе: “Мы ніколі не падтрымаем ніякіх бунтоў, пераваротаў і рэвалюцый, таму што мы ведаем, што яны прывядуць роўна да той жа сітуацыі, у якой мы знаходзімся цяпер, або стане яшчэ горай”.
Іншымі словамі: гвалтоўная ліквідацыя сістэмы гэтую сістэму ня зьменіць — яе можа зьмяніць толькі ўдзел Яўлінскага ў сістэмных выбарах, што праводзяцца строга паводле правілаў гэтай сістэмы — нагадаю, “аўтарытарнай, алігархічнай, карумпаванай”, не зацікаўленай у рэформах і нерэфармуемай.
Шызафрэнія, як і было сказана.
Калі пачынаеш размаўляць з яблычнікамі аб гэтых супярэчнасьцях, у адказ чуеш нейкія дзіцячыя фантазіі: маўляў, калі мы ўсе як адзін разам прагаласуем за “Яблык” — то “яны” не насьмеляцца і ў краіне настане яблычны рай. Пры гэтым адна палова мазгоў ў яблычнікаў цалкам адмаўляецца прымаць тое, што ў цэлым заўсёды мае на ўвазе другая палова: “яны” — гэта тыя “рабяты”, якія ўзрывалі дамы, жыўцом спалілі дзяцей у Беслане, скралі “ЮКОС”, атруцілі Літвіненку, забілі Магніцкага... І гэта яны — “не насьмеляцца”, калі пытаньне ўзьнікне аб іхнай уладзе і несправядліва нажытай маёмасьці? Калі 100 мільёнаў прагаласуюць за “Яблык” і разыйдуцца па хатах — Чураў і Пуцін спакойна абвесьцяць аб перамозе “Едіной Россіі”. Іншая справа, калі пасьля гэтага 100 мільёнаў разьюшаных выбаршчыкаў выйдуць на вуліцы. Але ж тады якраз і будзе “пераварот, бунт і рэвалюцыя”? А 100 мільёнаў з такім жа посьпехам могуць выйсьці на вуліцы і да выбараў, і падчас выбараў — выбары тут аказваюцца не мэханізмам легітымнай зьмены ўлады, а толькі нагодай для гвалтоўнага зьвяржэньня рэжыму. Ці да гэтага заклікае Яўлінскі?
Непасьлядоўнасьць наогул выглядае даволі па-дурному. Непасьлядоўнасьць, якая пазбаўляе ад прыктычных высноваў, што выцякаюць з ідэй і прынцыпаў, заяўленых самым жа чалавекам, ёсьць праявай баязьлівасьці (спадзяюся, чытач разумее, што я кажу не пра жыцьцёвую дурату і баязьлівасьць). Але непасьлядоўнасьць, якая, пазбаўляючы ад прыктычных высноваў, пры гэтым яшчэ і прыносіць дывідэнды, ёсьць сьведчаньне подласьці.
Апошняе — адмыслова для тых, хто прызвычаяўся захапляцца розумам і шчырасьцю Рыгора Аляксеевіча.
P.S. Яшчэ раз нагадваю ўсім, хто гатовы да рэальнага пратэсту, а не да імітацыі яго: 4 сьнежня, 18-00, Трыюмфальная плошча.
Павел Шэхтман
Пераклад з расейскай.