“НАМ ВАЖНЫ НАШ НАРОД, А НЯ ЗАХАД І НЕ МАСКВА”

(Інтэрв'ю зь Зянонам Пазьняком)

Падпісаныя ў Маскве пагадненьні аб канчатковай перадачы Расеі “Белтрансгазу” камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Навумчык: Здаецца, у 1997-ым годзе Вы ўпершыню заявілі пра намер Расеі ўзяць пад кантроль беларускую маёмасьць — прадпрыемствы і транспартную інфраструктуру. Памятаю, што шмат кім гэта ўспрымалася ня проста крытычна, але і іранічна, і лейтматывам такога стаўленьня была фраза “Ды каму патрэбна нешта ў Беларусі?”. Аказалася — патрэбна, і вось сёньня “Газпром” робіцца цяпер ужо поўным, на 100 адсоткаў, уладальнікам “Белтрансгазу”. Што будзе наступным?

Пазьняк: Ня мае значэньня, што будзе наступным. Істотна тое, што наступнае — будзе. Тут трэба ўлічваць задачу Масквы, стратэгію, разьлічаную на пэўны час. Расейскай — па пляне Масквы — павінна стаць уся беларуская маёмасьць і нерухомасьць, перш за ўсё зямля. Расейскай павінна стаць нашая інфраструктура і нашая рабочая сіла. На пераходны пэрыяд захоўваецца фікцыя асобнай дзяржавы з сатрапам на чале, на якога будзе скідвацца адказнасьць. Сатрапія спатрэбіцца найперш для таго, каб вынішчыць нацыянальна-этнічныя асновы беларускага народа і зьмяніць насельніцтва. Пасьля гэтага адпадае неабходнасьць назвы “Беларусь” і наяўнасьці асобнага дзяржаўнага ўтварэньня. На гэтым этапе павінен стацца фінал гістарычнай вайны і рэальны канец Вялікага Княства Літоўскага.

Наступнай “распрацоўкай” стане Польшча.

Усю гэтую палітыку, якая робіцца на нашых вачах, апантана падтрымлівае расейскае грамадзтва і так званы рускі народ, які сам знаходзіцца на стадыі выміраньня.

Што да “Газпрому” і “Белтрансгазу”, дык расейцы разумеюць, што гэтая зьдзелка — незаконная. Спадзяваньні толькі на зьнішчэньне Беларусі. Калі ж Беларусь застанецца, вызваліцца ад рэжыму і адродзіцца — “Белтрансгаз”, і ня толькі “Белтрансгаз”, будзе вернуты беларускаму народу. Дакладней, Беларусь па праву сама забярэ сваё.

Навумчык: Выказваюцца меркаваньні, што ствараемы па ініцыятыве Пуціна так званы “Эўразійскі саюз” — мае ў значнай ступені прапагандысцкі характар, з улікам хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і настальгіі значнай часткі расейскага электарату па СССР. Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы такога ўтварэньня?

Пазьняк: Расейская палітыка — экстэнсіўная, агрэсіўныя і імпэрская. Яна канкрэтная. У ёй ніколі не было нічога пустога, прапагандысцкага. Прапаганда выкарыстоўваецца дзеля сьцьвярджэньня канкрэтнай мэты. І калі гэтая канкрэтная мэта распрацоўваецца, расейцы пускаюць слых, што гэта, маўляў, несур'ёзна, што гэта “піярскі” ход і г.д. Гэта ўсё — прапаганда дзеля адводу вачэй, а на самой справе ўсё ня так. Такім чынам дасягаецца мэта. Эўразійскі саюз — чарговая авантура, узьніклая ў крамлёўскіх мазгах. Яна гэткая ж канкрэтная, як авантура аўганскай вайны, інвазіі ў Чэхаславаччыну, нападу на Грузію ці павароту ўстыч сыбірскіх рэк.

Ня трэба ацэньваць расейскую палітыку з пункту гледжаньня рацыянальнай нармальнасьці. Ці ненармальнасьці. Ня трэба імкнуцца зразумець Расею розумам. Трэба ведаць адно: што гэтую авантуру яна будзе ажыцьцяўляць. Сам працэс ажыцьцяўленьня такога расейскага прадукту палітыкі будзе дрэнным для ўсіх. Нават калі авантура праваліцца.

Калі ж уявіць, што новы “саюз” яны зробяць, дык гэта стане канцом толькі для Беларусі. Казахстану расейская палітыка ні па чым — яны самі рэсурсная краіна, а Назарбаеў ня нішчыць сваю нацыю, культуру, мову і вандроўную гісторыю. (У дужках заўважу, што ў гэтым сэнсе пастухі авечак і вандроўнікі ў стэпах маюць лепшую пэрспэктыву, чым па-чужому адукаваныя спадкаемцы вялікай цывілізацыі — Вялікага Княства Літоўскага).

Навумчык: Год таму ў сваім відэаблёгу расейскі прэзыдэнт Мядзведзеў абураўся паводзінамі Лукашэнкі і казаў пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, адзначыўшы, між іншым, што Крамлю не абыякавы і лёс зьніклых палітыкаў. Пасьля гэтага былі падзеі 19 сьнежня, масавыя зьбіцьці і масавыя арышты, суды і прысуды, апошні, толькі што — праваабаронцу Бяляцкаму. Мы ведаем рэзка нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. Чаму маўчыць Масква?

Пазьняк: Масква маўчыць таму, што і 19 сьнежня, і здача Бяляцкага — гэта ёсьць справа яе рук.

Эўропа перад расейскай палітыкай выглядае ня проста дурной, але — вельмі дурной. Але не, папраўлюся так: невылечна дурной. Яна ніколі не паразумнее. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, абапертае на фактах.

Мядзьведзеў дазволіў сабе сказаць пра правы чалавека ў Беларусі, таму што Крэмль праводзіў у мінулым годзе кампанію дыскрэдытацыі Лукашэнкі ў Расеі, на расейскім палітычным рынку. Гэта рабілася адначасна з адсяканьнем Лукашэнкі ад Захаду, і папярэднічала авантуры 19-га сьнежня, якая заранёў рыхтавалася, пра гэта вядома было ўжо ў жніўні. Таму разам з называньнем яго “хросным бацькам” пагаварылі і пра правы чалавека. Заўсёды знойдуцца людзі, якія ў такое павераць.

Навумчык: Вернемся да мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Год таму Вы заклікалі да байкоту і казалі, што ўдзел у выбарах будзе “на руку” Лукашэнку і Маскве. Сёньня Вы застаецеся пры сваім меркаваньні, ці, ўсё ж, бачыце ва ўдзеле ў тых выбарах нейкія станоўчыя бакі?

Пазьняк: Якая б не адбылася падзея, у ёй заўсёды (пры жаданьні) можна знайсьці і дрэнныя, і добрыя бакі. Але тут сутнасьць у тым, што добра было б, каб такой падзеі ўвогуле не адбылося. Тая канцэпцыя змаганьня, якую прапаную я, дае ініцыятыву ў рукі грамадзтва і абсякае, падвешвае рэжым.

Тое, што зрабілі так званыя кандыдаты ў прэзыдэнты, дзевяць асобаў, дало магчымасьць Лукашэнку легітымна сфальсыфікаваць выбары і незаконна ўтрымацца ва ўладзе. А Маскве — справакаваць пабоішча 19 сьнежня, прытым рукамі свайго сатрапа. І потым інсьпіраваць разгром нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вось вынік палітычнай дурноты так званых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія самі ж сталі першымі ахвярамі гэтага разгрому. Пра умоўна-станоўчыя бакі такой палітыкі ў народзе кажуць: “Ня варта аўчынка выдзелкі”.

Усе выгоды атрымала Масква. Перш чым загнаць сатрапа ў Азію, ёй трэба было задушыць беларускія сілы, каб паралізавацьь нацыянальнае супраціўленьне, і расчысьціць дарогу да бесканфліктнага захопу Беларусі, гэта значыць — уцягнуць нашу краіну ў сваю імпэрыю шляхам палітычных маніпуляцыяў і эканамічнай вайны. Пры тым усё гэта, паўтараю, робіцца рукамі Лукашэнкі, які, хапаючыся за ўладу, вядзе сваю рэпрэсіўную вайну з беларускім народам.

Тут яшчэ дадам, што ўсё гэта неаднаразова было сказана і паўторана задоўга да выбараў 2010 году. На жаль, нацыянальна-сьляпыя — ня бачаць, нацыянальна-глухія — ня чуюць. Нездарма мы ўвесь час гаворым пра нацыянальную асьвету грамадзтва.

Навумчык: Ці застаецца ў Захаду шанец павялічыць уплыў на Лукашэнку і ў чым, на Вашу думку, ён палягае?

Пазьняк: Ніякага шанцу ў Захаду няма. Бо ён яго ніколі сур'ёзна не шукаў і не шукае. Захад заклапочаны дачыненьнем з Расеяй. Зразумейма нарэшце: “Ніхто ня стане паміраць за Гданьск”. Трэба любіць сваё і сябе, і за гэта стаяць. У 1991 годзе ня толькі Масква — увесь Захад быў супраць нашай Незалежнасьці. Тым ня менш мы, Народны Фронт, шчыра кажучы, чхалі на іхнія меркаваньні. Мы абаперліся на свой народ і здабылі Незалежнасьць, якую Захад вымушаны быў прызнаць. Так робіцца нацыянальная палітыка. Для нас важны наш народ, а не Захад і не Масква.

Навумчык: У гэты момант і ў кароткатэрміновай пэрспэктыве — ці можа беларускае грамадзтва супрацьстаяць больш шчыльнаму ўцягваньню Беларусі ў арбіту інтарэсаў Масквы?

Пазьняк: Можа. Можа, але для гэтага трэба выканаць толькі адну задачу. Лукашэнка не павінен быць ва ўладзе. Ён не павінен быць, катэгарычна, безумоўна і канчаткова. Калі гэтая задача ня будзе ажыцьцёўлена, тады будзе выканана задача Масквы, пра якую я казаў у пачатку. Трэцяга шляху, як некаторыя думаюць, ня будзе. Яго не існуе.

Навумчык: А які шлях адхіленьня Лукашэнкі ад улады?

Пазьняк: Зараз народ стаіць перад альтэрнатывай: альбо ён сваю свабоду і Незалежнасьць абароніць, альбо пляны Масквы могуць быць выкананыя, і ён іх страціць. І ключ да ўсяго — улада Лукашэнкі. Таму ўсе спосабы — а спосабы ёсьць законныя — усе спосабы прыдатныя. Дык вось, законныя спосабы дае сама канстытуцыя. І гэтым шляхам трэба ісьці.

(Інтэрв'ю Сяргея Навумчыка, радыё Свабода)