УГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ


Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 91-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 27 лістапада аўтобус з менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У мерапрыемствах удзельнічалі фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!”. Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Людзі маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі. Сёлета з фронтаўцамі было шмат моладзі. Многія зь юнакоў і дзяўчат упершыню наведалі змагарную Случчыну.

На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Слуцкія змагары натхняюць на барацьбу” (публікуецца). Выступілі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, а таксама Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра подзьвіг Беларускай народнай арміі, якая нарадзілася і прыняла баявы хрост на Случчыне. Не выпадкова цяперашні рэжым хавае ад беларусаў гэтую славутую старонку нашай гісторыі, як зрэшты і ўсе іншыя яркія старонкі.

Працягваецца шматгадовая акупанцкая кампанія індактрынацыі нашых людзей і асабліва дзяцей і моладзі фальшывай інфармацыяй і фальшывымі, антынацыянальнымі ідэямі. Наш народ прадстаўляецца лукашыстоўскай прапагандай выключна як безабаронная ахвяра ворагаў і захопнікаў. Масква прадстаўляецца не як захопнік і зьнішчальнік, а як “выратавальнік і дабрадзей” Беларусі. Наша мінуўшчына, аднак, дае зусім іншы вобраз беларусаў — народу, які біў захопнікаў на сваёй зямлі і гнаў іх прэч. Сапраўдная беларуская гісторыя — гэта праўда пра наш народ і яго культуру. Таму мы ніколі не пакінем сьвятыя мясьціны на Случчыне і ў іншых рэгіёнах Беларусі, дзе нашы ваяры змагаліся супраць акупантаў, супраць самага лютага з захопнікаў — маскоўскай імпэрыі.

Калі расейскія бальшавікі захапілі Беларусь, яны мэтадам расстрэлаў і высылак арганізавалі ліквідацыю і выдаленьне карэнных случакоў і засялілі гэты край іншымі людзьмі. Яны рабілі так, таму што баяліся ваярскага духа случакоў. Яны баяліся, што Случчына ўзьнімецца зноў, а за ёю ўся Беларусь. Рабілі так, каб прышлыя не маглі нічога ведаць пра Слуцкі Збройны Чын 1920 года. Але акупантам і іх прыслужнікам не ўдалося вычварыць нашу памяць. Хлусьня аказалася бязмоцнай перад веліччу праўды беларускага народнага змаганьня за Айчыну.

Гэтае змаганьне ўваходзіць цяпер у рашаючую стадыю. Крах палітыкі антыбеларускага акупацыйнага рэжыму дае магчымасьць нашаму народу назаўсёды пазбавіцца ад маскоўскага прыгнёту. Мы — за мірны шлях зьмены ўлады. Мы — цывілізаваны эўрапейскі народ. Але беларусы ня будуць цярплівымі безабароннымі авечкамі ў момант, калі люты вораг робіць усё для канчатковай ліквідацыі нашай Дзяржавы і зьнішчэньня нашай культуры, калі рэжым паводле загаду з Крамля гатовы фізічна нішчыць нашых людзей і ўжо здае ў імпэрыю зла нашу нацянальную маёмасьць. Але Беларусь павінна быць вольнай і незалежнай. Настане час і зьдзейсьніцца ідэал слуцкіх герояў.

Людзі прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну людзі сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Гучалі беларускія патрыятычныя песьні і ваярскія гімны.





Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

27 лістапада 2011 г.