СЛУЦКІЯ ЗМАГАРЫ НАТХНЯЮЦЬ НА БАРАЦЬБУ
Сёлета мы адзначаем 91-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну, калі над нашай Бацькаўшчынай зноў згусьціліся хмары і пагроза страты незалежнасьці зноў стала рэальнай. Маецца на ўвазе самавольнае і незаконнае падпісаньне ўзурпатарам маскоўскіх дакумантаў пра ўдзел Беларусі ў эўра-азіяцкай інтэграцыі.
Гэта тыя дзьверы ў стойла гнілой імпэрыі, куды Масква заганяе свайго сатрапа. Цяпер нават людзям, далёкім ад палітыкі, становіцца зразумелым сэнс правакацыі 19 сьнежня мінулага году і жорсткага пабіцьця ў Менску мірных людзей. Тыя, хто разумелі і казалі пра маскоўскую задуму сьнежаньскай авантуры, пра інсьпірацыю масавых рэпрэсій у Беларусі, пра спробы тэрактаў дзеля абвінавачваньня і вынішчэньня грамадзянскай супольнасьці і ўсіх здаровых нацыянальных сіл у краіне, тыя мелі рацыю. Авантура з эўра-азіяцкім саюзам (як бачым) рыхтавалася заранёў.
Перш, чым загнаць сатрапа ў Азію, Масква імкнулася задушыць беларускія сілы, каб паралізаваць нацыянальнае супраціўленьне і расчысьціць дарогу да бесканфліктнага захопу Беларусі, гэта значыць уцягнуць нашу краіну ў сваю імпэрыю шляхам палітычных маніпуляцый і эканамічнай вайны. Прытым усё гэта робіцца рукамі Лукашэнкі, які, хапаючыся за ўладу, вядзе сваю рэпрэсіўную вайну зь беларускім народам.
Да сярэдзіны XX-га стагоддзя не было іншага спосабу змаганьня за свабоду, як збройны чын. Грамадзтва, фактычна, ня ведала іншых мэтадаў, бо не было ўнутраных і міжнародных мэханізмаў, такіх, якія ёсьць зараз (дэмакратычная сістэма ўлады, міжнародныя арганізацыі, міжнародная думка, салідарнасьць, грамадзянская супольнасьць, вольны друк і г. д.).
Улада, якая ліквідуе законныя і мірныя мэтады зьмены ўлады, робіць стаўку на зброю і вайну з народам. Гэтую аксіёму і палітычную відавочнасьць, на жаль, не адразу разумеюць людзі, спадзяючыся на законнасьць (якой ужо няма) і на абстрактную справядлівасьць.
Дылема, якая ўзьнікла і якую беларусы (у адрозьненьне ад антыбеларускага рэжыму) ня ведаюць, як вырашыць, — гэта як зьмяніць антынародную ўладу законным і мірным спосабам у той час, калі законы ня дзейнічаюць, а рэжым адкрыта робіць стаўку на грамадзянскую вайну з выкарыстаньнем інтэрвенцыі чужой краіны. Узурпатар пра гэта ўжо неаднаразова аб'яўляў, прыступіў нават да стварэньня новага 120-тысячнага партызанскага войска з рэзэрвістаў.
У 1920 годзе, аказваецца, сытуацыя была больш простай і для народа зразумелай. На краіну йдзе бальшавіцка-маскоўская арда, і зь ёй трэба было ваяваць. Праблема была толькі са зброяй. Змагацца гатовы быў увесь народ, маткі-беларускі самы выпраўлялі сыноў на вайну. За тры дні случакі сабралі 10-тысячнае войска. Але не было з чаго страляць, і бальшыню адправілі дахаты. А тыя, хто атрымаў зброю, гатовыя былі змагацца да апошняга, гатовыя былі на сьмерць дзеля вольнай Айчыны.
Вось гэты змагарны дух і рашучасьць случакоў натхняла цэлыя пакаленьні беларусаў і натхняе цяпер. Узурпатар і здраднік, што думае здаць нашу краіну ў расейскую Азію і зьбіраецца збройна ваяваць з народам, — гэта цяпер як той бальшавіцкі монстр, які некалі йшоў на случакоў з Усходу. Але як толькі ўздымецца, адродзіцца слуцкі змагарны дух, гэты монстр не пасьпее нават стрэліць, як будзе сьцерты з твару ўлады.
Усяму ёсьць мяжа. У тым ліку і мяжа страху. Надыходзіць пара, калі людзі перастаюць баяцца. І тады будзе новы народны беларускі чын. Будзе — бо ўжо быў.
Слава слуцкім героям!
Слава Беларусі!
Лістапад 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК