РАСЕЯ: ЯДУЦЬ САБАК І КАТОЎ
(Лістападаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
13 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вось за гэта і пакараньне” (будзе апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Выступоўцы адзначылі, што ўсё больш людзей у нашай краіне бачаць тупіковасьць палітыкі антыбеларускага рэжыму. Беларусы разумеюць, што рэжым ня робіць ніякіх канструктыўных захадаў для вываду краіны з крызісу. Палітыка лукашызма ва ўсіх сфэрах жыцьця застаецца нязьменнай: весьці Беларусь да катастрофы.
Даведзеная да абсурду эканоміка не вытрымлівае канкурэнцыі з разьвітымі краінамі, яна ня мае пэрспэктывы. У культуры і адукацыі назіраецца стагнацыя больш глыбокая і грунтоўная, чым яна была пад савецкай сістэмай. Лукашысцкія “эліты” дэманструюць сваю поўную бяздарнасьць, непрафэсійнасьць і неадпаведнасьць задачам. Тое, што ва ўсіх сфэрах жыцьця пануе маразм, прызнаюць нават многія асобы, якія працуюць у структурах рэжыму. Найбольш кемлівыя зь іх імкнуцца пакінуць гэтыя структуры і такім чынам скінуць з сябе адказнасьць за развал.
Ратаваць нашу народную гаспадарку, адукацыю і культуру павінны іншыя людзі: сапраўдныя прафэсіяналы, патрыёты Беларусі, сумленныя людзі. У краіне павінна існаваць беларуская ўлада. Такая зьмена можа адбыцца толькі палітычным спосабам. Але палітычныя зьмены павінны быць падрыхтаваны беларускім асьветніцтвам нашых людзей, шляхам гуртаваньня вакол нацыянальнай Ідэі. Дэмагагічныя заявы аб тым, што “спачатку трэба накарміць народ, а потым настане час ідэяў, мовы і культуры”, абвергнуты жорсткай рэчаіснасьцю нашага цяперашняга жыцьця: пад антычалавечым прамаскоўскім рэжымам няма культуры, а матэрыяльнага дабрабыту таксама не стварылі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра драматычнае становішча многіх беларускіх сем'яў. Людзям ужо не хапае мізэрных заробкаў, каб пракарміць дзяцей. Многія работнікі зьязджаюць у Расею, каб зарабіць грошай. Але некаторыя зь іх ужо вярнуліся з гэтых “заробкаў”. Яны распавялі пра эксплуатацыю і зьдзек з “гастарбайтэраў” у маскоўскай імпэрыі. Работнікаў цынічна падманвае расейская адміністрацыя, яны становяцца ахвярамі нападаў крымінальных структураў. Работнікі недаядаюць, жывуць у жудасных умовах, ім ня выплочваюць заробленыя грошы.
З розных канцоў нашай краіны паступаюць трывожныя зьвесткі. На рынках гандляры пачалі прадаваць тухлае мяса (людзі называюць гэта “дахляцінай”). Гандляры ўжо ня крыюцца і прапануюць свой “тавар” па значна ніжэйшых коштах, чым якаснае мяса. Людзі ведаюць пра якасьць “тавару” і становяцца ў чэргі, каб набыць небясьпечны для здароўя прадукт. Між сабой людзі дзеляцца рэцэптамі, колькі часу трэба варыць гэтае “мяса”, каб яно было прыдатным да ежы і г.д. Тыя, што вярнуліся з заробкаў у Расеі, распавядаюць, што нават у Маскоўскай вобласьці людзі масава ядуць сабак і катоў (там сытуацыя яшчэ горшая).
Даведаўшыся пра заклікі дыктатуры ўтвараць “тэрытарыяльную армію”, “ісьці ў партызаны”, што “будуць раздаваць кулямёты і гранатамёты”, беларусы ў розных рэгіёнах краіны адрэагавалі на гэта аднолькава. Мужчыны засьмяяліся і выказалі камэнтары не выбіраючы словы. Людзі кажуць, што як трэба, то зброю возьмуць, але за лукашызм ваяваць ня будуць. Усе чакаюць, якую яшчэ правакацыю наладзіць антыбеларускі рэжым, які знаходзіцца ў стане паўраспаду.
Сойм разгледзеў мерапрыемствы асьветніцкай праграмы.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 лістапада 2011 г.