КАРЫСЬЦІ АД АЭС НЯ БУДЗЕ, А ТОЛЬКІ РЫЗЫКА І НЕБЯСЬПЕКА

15 верасьня 2011 года А. Лукашэнка падпісаў указ № 418 “Аб разьмяшчэньні і праектаваньні атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь”. З гэтай нагоды некаторыя беларускія эколагі зьвярнуліся да прэзідэнта Расіі Д. Мядзьведзева, каб той адмовіўся ад фінансаваньня будаўніцтва беларускай АЭС і спыніў удзел Расеі ў гэтым праекце.

Занепакоенасьць беларускіх эколагаў безумоўна абгрунтаваная і шчырая. Яны добра разумеюць магчымыя і вельмі верагодныя наступствы апантанага імкненьня рэжыму, насуперак здароваму сэнсу і нацыянальным інтарэсам беларускага народа, пабудаваць па сумніўнай расійскай тэхналогіі ў сейсмічна неспакойнай зоне такі небяспечны аб'ект, якім зьяўляецца АЭС. Думаю, што большасьць беларсаў, якія зь вялікімі стратамі перажываюць наступствы катастрофы, што адбылася на Чарнобыльскай АЭС, пабудаванай па расейскім праекце, таксама занепакоены ўпартасьцю рэжыму. Толькі не варта прасіць літасьці ні ў беларускага, ні ў расейскага рэжымаў, бо гэта іх узгодненае сумесна прынятае рашэньне. І ў гэтым сэнсе экалагічная бясьпека, ці нацыянальныя інтарэсы беларускага народа іх зусім не цікавяць. Такая ўжо прырода абодвух рэжымаў.

Зусім іншая сытуацыя ў дэмакратычных краінах, дзе галоўным прыярытэтам ёсьць нацыянальныя інтарэсы. Аварыя на японскай АЭС “Фукусіма-1” прывяла да забруджваньня вялізнай тэрыторыі, хоць і значна меньшай, чым пры аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак японскія ўлады вырашылі паступова адмовіцца ад выкарыстаньня АЭС у нацыянальнай энэргетыцы. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Токіо міністр эканомікі, гандлю і прамысловасьці Японіі Ёсіа Хаціра (дарэчы для роздуму: чаму ў Японіі на ўсе падкрэсленыя мною тры галіны толькі адзін міністр, а ў Беларусі — аж тры?).

Раней рашэньне пра паступовае закрыцьцё атамных станцый прыняла Нямеччына.. Кіраўніцтва гэтых дзяржаў разумее, што непрадказальных момантаў з АЭС надта многа, і дасягнуць поўнай бясьпекі АЭС немагчыма, тым больш немагчыма ліквідаваць наступствы аварыі на ёй. Пры гэтым варта заўважыць, што такія адказныя рашэньні прынялі краіны, якія па свайму тэхналагічнаму ўзроўню значна пераўзыходзяць Расію.

Нарвегія, якая была трэцяй краінай у сьвеце, што пасьпяхова запачаткавала досьледны ядзерны рэактар (пасьля ЗША і СССР), хоць і праводзіць ядзерныя дасьледваньні, але ядзерную энэргетыку як галіну прамысловасьці вырашыла не разьвіваць.

У Аўстрыі і Італіі адмовіліся ад атамнай энергетыкі пасьля ўсенароднага абмеркаваньня (нацыянальныя рэферэндумы). У Аўстрыі поўнасьцю гатовы рэактар так і не быў уведзены ў эксплуатацыю, а Італія на працягу года пасьля рэферэндума закрыла ўсе свае АЭС. Паступова адмаўляюцца ад ядзернай энергетыкі і іншыя краіны (Бельгія, Нідэрлянды).

У сваім апошнім пасланьні да беларускага народа і нацыянальнага сходу А. Лукашэнка заявіў: “Я прыняў рашэньне будаваць АЭС, я нясу за гэта адказнасьць”.

А дзе ж наш народ — адзіная, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, крыніца дзяржаўнай улады? Чаму нашыя людзі не рэагуюць на хлусьлівыя заявы рэжыму пра жыцьцёвую неабходнасьць АЭС? І што людзям зь яго “адказнасьці”.

Па словах А. Лукашэнкі, “атамная электрастанцыя нам жыцьцёва неабходная. Пабудаваўшы АЭС, мы станем на чвэрць меней купляць газу ў Расіі”. Да таго ж, па яго словах “электраэнэргія, вырабленая на АЭС, на 50 % таньнейшая, чым атрыманая на газавых ТЭЦ”. Гэтыя яго выказваньні ня могуць быць пацьверджаны лічбамі, бо яны не адпавядаюць сапраўднасьці. Прыхільнікі беларускай АЭС, калі ласка, пацьвердзіце таннасьць атамнай энэргетыкі лічбамі.

Размовы пра таннасьць электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, ёсьць міт, які распаўсюджвае атамнае лобі. Атамная энэргетыка ніколі не была таннай. Атамную энэргетыку могуць дазволіць сабе толькі багатыя краіны, якія праз сістэмы схаванага і непасрэднага субсідыяваньня гатовыя падтрымліваць нізкія тарыфы на электраэнэргію, вырабленую на АЭС. У сувязі з гэтым нагадаю, што кошт 1 кВтг электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на:

- парасілавых станцыях у 2,3-2,8 раза,
- газа-мазутных — у 1,9-2,3 раза,
- вугальных — у 1,5-1,9 раза,
- комплексу малых ГЭС, або комплексу ветраэнэргетычных станцый — у 1,6-2,8 раза (Энергия и менеджмент. 2002. №3).

Атамная энэргетыка ня вырашыць праблемы энэргетычнай залежнасьці Беларусі ад Расеі, бо ў Беларусі прыродны ўран не здабываецца.

Запасы таннага ўрану для цеплавых рэактараў параўнальныя па тэрмінах з запасамі нафты. Дэфіцыт урану назіраецца ўжо цяпер, пра што сьведчыць нядаўняее павышэньне ў тры разы цэн на прыродны ўран.

Здабываемы ў Расеі ўран складае толькі 20 % ад усяго спажываемага там урану. Розьніца пакрываецца за кошт савецкіх запасаў, якія ўжо блізкія да вычарпаньня.

Згодна са сцэнаром 2010 года новых стратэгій Міжнароднага энэргетычнага агентства (МЭА), доля электраэнэргіі, вырабляемай на АЭС, ва ўсім сьвеце зьніжаецца. У 1990 годзе яна складала 17 % , у 2008 — 13,5 %, а па прагнозу ў 2015 складзе 12,8 працэнта і далей, як сьведчаць апошнія падзеі, будзе паступова зьніжацца.

У ліку аргумэнтаў на карысьць АЭС А. Лукашэнка прывёў і “скарачэньне на 10 млн. тон выкідаў парніковых газаў”, якія нібыта ён зможа прадаць (не зможа, бо Беларусь не мае дазволу на гандаль квотамі).

Акрамя таго, Міжнароднае агентсва па атамнай энергіі (IAEA) прызнае, што хуткае пашырэньне выкарыстаньня атамнай энэргіі ў мэтах абмежаваньня ўздзеяньня на клімат зьяўляецца немагчымым. Праз некалькі дзесяцігодзьдзяў атамная энэргетыка апынецца без сыравіны. Таму рашэнне кліматычных праблем варта шукаць у выкарыстаньні ўзнаўляемых крыніц энэргіі ў спалучэньні з эфэктыўнымі і энэргазберагаючымі тэхналогіямі.

Па сцэнару новых стратэгій МЭА, доля ўзнаўляемых крыніц энэргіі ў сьвеце, з улікам гідраэнергетыкі, у 2008 годзе складала 18 %, а ў 2035 годзе будзе складаць 33 працэнты. Пры гэтым доля электраэнергіі, вырабляемай з біямасы і адходаў павялічыцца ў 4 разы, а доля ветраэнэргетыкі — у 8 разоў.

У Беларусі ёсьць значна больш танныя, чым АЭС, а галоўнае, хуткія спосабы атрыманьня і эканоміі энэргіі. У першую чаргу — гэта утылізацыя біямасы ў сельскай і лясной гаспадарках, ветраэнэргетыка. Да таго ж разгрупаванасьць узнаўляемых крыніц энэргіі скарачае рызыку выпадковых ці наўмысных збояў у электрасецях.

Абагульняючы ўсе “перавагі” прынятага ім рашэньня, А. Лукашэнка заявіў, што абраны праект АЭС адпавядае “самым высокім патрабаваньням бясьпекі”.

Ці ж сапраўды гэта так? Ці здольная Расея зь яе тэхналагічным узроўнем забясьпечыць такія высокія патрабаваньні? Гэта галоўнае пытаньне, якое патрабуе грунтоўнага аналізу.

У сучасным сьвеце тэхніка-эканамічнае разьвіцьцё адбываецца шляхам зьмяненьня базавых энэргетычных працэсаў, дзякуючы якім мяняецца ўся арганізацыйная структура вытворчасьці. Для ацэнкі пасьпяховасьці сучаснай эканомікі патрабуецца асобны інтэгруючы паказьнік. Яго роль выконвае сёньня такое паняцьце, як “тэхналагічны ўклад”.

Тэхналагічны ўклад гэта сукупнасьць устойлівых вытворчых цыклаў, якія маюць базавы энэргетычны працэс. Ядро тэхналагічнага ўкладу звычайна складаюць галіны вытворчасьці з дамінуючым базавым відам энергіі.

Так, першы тэхналагічны ўклад (пачатак 19 стагоддзя) заснаваны на выкарыстаньні вадзянога рухавіка.

Другі тэхналагічны ўклад (1830-1890 г.г.) характарызуецца паскораным разьвіцьцём транспарту і іншых галін на аснове паравога рухавіка.

Базавым энэргетычным працэсам трэцяга тэхналагічнага ўкладу (канец 19 - пачатак 20 стагоддзяў) стала вытворчасьць элетраэнэргіі, а галоўным энэрганозьбітам — вугаль.

Чацьверты тэхналагічны ўклад (1930-1990 г.г.) заснаваны на далейшым разьвіцьці энэргетыкі з выкарыстаньнем рухавіка ўнутранага згараньня. Галоўным энэрганосьбітам сталі нафта і нафтапрадукты, а таксама газ. Узьніклі рэактыўная авіацыя і касьмічнае машынабудаваньне. Зьявілася атамная энэргетыка.

Пяты тэхналагічны ўклад (1985-2035 г.г.) абапіраецца на дасягненьні ў галіне мікраэлектронікі, інфарматыкі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, новых відаў энэргіі, матэрыялаў, асваеньня касмічнай прасторы, спадарожнікавай сувязі і г.д.

Адбываецца пераход ад разрозненых фірм да буйных кампаній, злучаных электроннай сеткай на аснове Інтэрнэту, ажыцьцяўлдяецца цеснае ўзаемадзеяньне ў галіне тэхналогій, планаванья інавацый.

Асноўным энэрганосьбітам у тэхналагічных працэсах пятага ўкладу зьяўляецца найбольш чыстая крыніца — прыродны газ.

Шосты тэхналагічны ўклад будзе характарызавацца рзьвіцьцём робататэхнікі, нанатэхналогій, сістэмы штучнага інтэлекта, глабальных інфармацыйных сетак, інтэгрыраваных высокахуткасных транспартных сістэм, нетрадыцыйнай энэргетыкі, экатэхнікі і экатэхналогій, новых тэхналогій лячэньня хвароб чалавека і навакольнага асяроддзя. Спецыялісты лічаць, што росквіт шостага тэхналагічнага ўклада прыпадзе на 2040-я гады.

Дык якому ж тэхналагічнаму ўкладу адпавядае вытворчась Расеі ў параўнаньні з больш разьвітымі краінамі?

Вось як гэта ацэньвае генэральны дырэктар Інстытута авіацыйных матэрыялаў, акадэмік Расейскай акадэміі навук Яўген Каблоў: “У ЗША, напрыклад, доля вытворчых сіл пятага тэхналагічнага ўкладу, складае 60 %, чацьвёртага — 20 %. І каля 5 % ужо прыпадае на шосты тэхналагічны ўклад. У Расеі пра шосты тэхналагічны ўклад гаварыць заўчасна. Тут доля тэхналогий пятага ўклада складае прыкладна 10 %, ды і то толькі ў найбольш разьвітых галінах: у ваенна-прамысловым комплексе і ў авіакасмічнай прамысловасьці. Больш за 50 % тэхналогій прыходзіцца на чацьвёрты тэхналагічны ўклад, а амаль трэць — дык зусім на трэці” (Наука и жизнь № 4, 2010 год). Гэтыя лічбы, прыведзеныя расейскім вучоным, сьведчаць пра тое, што тэхналагічная адсталасьць Расеі ад разьвітых краін вымяраецца прыкладна адным тэхналагічным укладам (ня меней 50 гадоў).

Варта заўважыць, што АЭС гэта не толькі ядзерны рэактар. Найперш гэта вельмі складаная сістэма кіраваньня ўсімі тэхналагічнымі працэсамі, якія ажыцьцяўляюцца на АЭС. Менавіта гэтая сістэма павінна грунтавацца на самых высокіх (пятым і шостым) тэхналагічных укладах, каб гарантаваць надзейны ўзровень бясьпекі. Відавочна, што такая задача для Рассеі зь яе тэхналагічным узроўнем — непасільная, якія б аптымістычныя заявы яна не рабіла.

Нарэшце, яшчэ адна вельмі важная праблема. На кожнай АЭС у выніку рашчапленьня ядра ўранавыя стрыжні ператвараюцца ў высокарадыяактыўныя адходы. Радыяактыўныя адходы ўяўляюць вялікую небясьпеку для жыцьця людзей і таму на працягу многіх соцень гадоў павінны захоўвацца ў магільніках, надзейна абароненых ад людзей, жывёл і раслін.

Атамныя станцыі эксплуатуюцца ўжо 50 гадоў, але надзейнага спосабу захаваньня радыяактыўных адходаў да цяперашняга часу ніхто не можа прапанаваць.

Вучоныя ЗША лічаць, што 104 атамныя электрастанцыі разам з радыяактыўнымі адходамі ўяўляюць вялікую пагрозу іхняй краіне.

Калі б 11 верасьня 2001 года, мяркуюць яны, адзін з тых самалётаў, што ўрэзаліся ў Сусьветны гандлёвы цэнтр, замест яго пратараніў АЭС Індыян Пойнт, што знаходзіцца крыху на поўнач ад Нью-Йорка, чалавечыя і эканамічныя страты былі б непамерна большымі.

Гэты артыкул я пішу не для рэжыма, які абсалютна абыякавы да нацыянальных інтарэсаў беларускага народа і сьвядома праштурхоўвае рызыкоўны праект будаўніцтва АЭС у Беларусі. Рэжым і сам добра ведае пра ўсё тое, што тут напісана. Я пішу гэты артыкул у надзеі на тое, што можа, нарэшце, нашыя людзі ачнуцца, расплюшчаць вочы, ўстануць з каленяў ды пачнуць бараніць сваю годнасьць і будычыню сваіх дзяцей.

Мікалай Крыжаноўскі

дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12 склікання