СЦЭНЫ ПЭРЫЯДУ ПОЗЬНЯГА ЛУКАШЫЗМУ
Вынік злачынства Лукашэнкі
Сацыяльны крызіс апошняга этапу лукашызма даецца ў знакі працавітым беларусам. У мутнай вадзе галечы і дэстабілізацыі актывізуюцца жулікі і злодзеі ўсіх масьцяў. У апошнія месяцы стала праблемай дзейнасьць бандаў, якія актывізаваліся ў сельскай мясцовасьці. Яны (у асноўным цыганы, шмат “гастралёраў” з Расеі) нападаюць на калгасныя статкі і прыватныя гаспадаркі, захопліваюць коней і кароў і гоняць іх прэч. Іх ужо чакаюць перакупшчыкі, якія вязуць гэты тавар у Расею. Беларусы пакуль маўчаць. У іншых краінах, калі адбывалася такое і ўлады бязьдзейнічалі, сяляне арганізоўвалі атрады самаабароны. Гэта вынік злачынства Лукашэнкі, які ліквідаваў усходнюю мяжу і парушыў суверэнітэт Беларусі.
“Вы на мітынгі ходзіце?!..”
Беларускія патрыёты добра памятаюць, як у нядаўнія яшчэ часы падчас дэманстрацый Беларускага Народнага Фронту куражыліся і кпілі з патрыётаў гандляры, што круцілі дулі ды гукалі: “Вы всё со своімі флажкамі ходіте, белоруссамі заделалісь. А мы вот деньгі зарабатываем! Шлі бы лучше работать. В колхоз! Вкалывать!..”
Людзі спакойна тлумачылі ім, што дзейнасьць Народнага Фронту забясьпечыла ім элемэнтарнае права на прыватную маёмасьць і камэрцыйную дзейнасьць. Што незалежная дэмакратычная Беларусь ёсьць гарантам іхнага дабрабыту і посьпеху ў бізнэсе. Што трэба ўсім ўставаць пад нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і разам бараніцца ад дыктатуры. Гандляры рагаталі.
І вось днямі патрыёты зайшлі на Чэрвенскі рынак у сталіцы. Убачыўшы цэны, беларусы схапіліся за галаву і выказалі свае адносіны да стану эканомікі. У адказ была цікавая (якасна новая) рэакцыя гандляроў. Дулі яны больш не паказвалі, а раптам закрычалі: “І что вы жалуетесь? Гнать надо усатого! На мітінгі ходіть надо, вот... Вы на мітінгі ходіте?!” Такое ў навуцы называецца эвалюцыяй грамадзкай сьвядомасьці.
Правакатары
“Ценявікі” не супакойваюцца. 26 кастрычніка зноў ажывіліся “сацыяльныя сеткі” (даруйце, “социальные сети”). “Ініцыятыва” абвастрыла сваю лексіку. Раней яно называлася “Революція через соціальные сеті”. Цяпер закруцілі яшчэ “круче” — “День гнева. Пора менять власть”. Палітжулікі заклікаюць людзей зьбірацца 6 лістапада пад адміністрацыяй Лукашэнкі. І абяцаюць, што “вступіть в сообшчество может каждый”. Яны зноў хочуць падставіць беларусаў пад удар, пад бессэнсоўную рызыку. Зноў дапамогуць гэбусе выявіць палітычна актыўных людзей. Зноў скончаць паразай і пшыкам. Спадзяемся, што беларусы ня купяцца на гуканьні гэтай двухаблічнай публікі. Выйсьці ўсім народам трэба будзе, калі насьпее і будзе падрыхтавана сытуацыя.
Такія вось “незалежныя”
Сустрэнеш у Беларусі замежнага журналіста, а ён адразу пытаецца пра лёс “незалежнай беларускай журналістыкі”: “Як яна, бедная, яшчэ трымаецца пад прэсам рэжыму?..” Урэшце і мы пацікавіліся тым, як яна “трымаецца”. Набылі, напрыклад, газэту “Свободные новости плюс” (нумар за 19 кастрычніка 2011 г.), што мае рэпутацыю “незалежнай”. І прачыталі там шмат чаго цікавага і кур'ёзнага. Напрыклад, інтэрв'ю з Андрэям Дзімітрыевым. Гэтая маладая асоба сапраўды ўславілася тым, што першай з усіх зазывалаў-гукальшчыкаў на выбары ад падстаўной псэўдаапазыцыі выступіла па БТ і асудзіла “удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня 2010 г.”.
За гэтым першым выступілі і іншыя, напрыклад, Раманчук (“наш Ярэк”). У іншай краіне такія правакатары былі б назаўсёды праваленыя, “спаленыя”. Ім бы ніхто не падаваў рукі. Іх бы здалі ў рэзэрвы спэцслужбаў і загадалі не высоўвацца. А вось “незалежная журналістыка” лічыць інакш. У тытул артыкула-інтэрв'ю з Дзімітрыевым газэта паставіла ягоную цытату: “Люди устали и от власти, и от оппозиции”. Працытуем і мы гэтага “аднаго з кіраўнікоў апазыцыі”: “Надо сделать так, чтобы за нами дёйствительно стояли все эти тысячи людей. А потом мы их позовём и они выйдут...”
Мы папярэджваем беларусаў: ня слухайце гуканьня правакатараў і не хадзіце за імі. Агентура ўжо раскрылася, далей ня трэба раскрываць. Падобна, што гэта ў нашай краіне ўбачылі і зразумелі ўсе, але толькі не “незалежная” рускамоўная журналістыка. І зьдзіўляцца ня трэба. У тым жы нумары “Свободных новостей плюс” ёсьць артыкул пад тытулам “Белорусы спаивают россиян”, пра тое, як зь Беларусі вывозіцца гарэлка і трапляе на шэры рынак у Расею. Пачытаеш такое і адразу зразумееш, што, аказваецца, не Беларусь зьяўляецца ахвярай маскоўскай імпэрскай палітыкі, а, наадварот, — уся расейская бяда ад нашай Беларусі. Такія вось “рэдакцыйныя заданьні” і “журналісцкія канцэпцыі” у гэтых “незалежных”.
“Ну, хаця б дажыць”
У месцах, дзе сустракаюцца і размаўляюць людзі, апошнім часам загучэла новая тэма. Пэнсіянеры і нават маладзейшыя шчыра заяўляюць сваім сумоўцам: “Ну, хаця б дажыць, хаця б пабачыць, як Лукашэнку накінуць кайданкі на рукі! Цярпець ужо немагчыма. Жыць не даюць!” Заўважана, што фармулёўка думкі лагічная і ў рамках цывілізаванасьці. Людзі ўжо не крычаць агрэсіўныя праклёны, не згадваюць слова “снайпэр”, а сапраўды хочуць пабачыць сьледства, суд і даведацца пра прысуд. Можна кваліфікаваць гэта як рост прававой сьвядомасьці ў нашым грамадзтве.
Янка Базыль