БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ
Жыцьцё беларусаў у Нью-Ёрку, што гуртуюцца вакол Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы сьвятога Кірылы Тураўскага на Атлянтык эвэню ў Брукліне, разьвіваецца, дзякуючы агульнай працы грамады і ўтварэньню сваіх беларускіх традыцыяў. Так пасьля набажэнства ў царкве беларускае жыцьцё прадаўжаеца ў грамадзкай залі, дзе праводзяцца нацыянальныя сьвяты, сустрэчы, выставы, паседжаньні і г. д.
Адным са складнікаў утварэньня культурных традыцыяў у Беларускай царкве сьвятога Кірылы Тураўскага зьяўляюцца (стаўшыя ўжо рэгулярнымі) прэзэнтацыі кніг Зянона Пазьняка (якія ён выдае кожны год), а таксама паказ кінафільмаў на беларускія тэмы.
Зусім нядаўна мы знаёміліся з кнігай З. Пазьняка і С. Навумчыка “Дэпутаты незалежнасьці”, і вось літаральна праз некалькі месяцаў — новая кніга — “Сэсія Незалежнасьці”, на прэзэнтацыю якой і сабраліся беларусы ў нядзелю 30 кастрычніка. У дадатак аўтар выданьня прадставіў яшчэ і новую выдадзеную брашуру “Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў”.
На суд гледачоў быў прадстаўлены таксама фільм Алеся Кудрыцкага (з удзелам і тэкстам З. Пазьняка), зроблены ў пачатку 2011 г., — “Дарога ў Вільню”, — які беларусы ў Нью-Ёрку глядзелі разам упершыню.
Творчасьць аўтара шматбаковая і ўражвае сваім аб'ёмам. Адметнае тое, што аб чым бы ні пісаў Зянон Пазьняк, яго думкі і разважаньні носяць жыцьцесцьвярджальны зьмест і настройваюць чытача на аптымізм і веру ў вялікі сэнс нашага змаганьня, якім бы цяжкім ні быў сёньня лёс Беларусі: Беларусь жыла і будзе жыць!
У сваім уступным слове З. Пазьняк зазначыў, што гэты год ідзе пад знакам 20-годдзя нашай незалежнасьці. Менавіта таму была пастаўлена задача адзначыць гэтую дату адпаведным чынам, каб яна засталася ў гісторыі.
Аўтар разумее, што такую працу належыла б рабіць беларускім навукоўцам і гісторыкам у Беларусі, каб яны зьбіралі матэрыялы, дасьледвалі гэты знакаміты час нашай гісторыі, абапіраючыся ў тым ліку і на сьведчаньні самых дэпутатаў Незалежнасьці, некаторыя зь якіх ужо адышлі у іншы сьвет, і мы не пасьпелі зафіксаваць іхныя ўспаміны і думкі для нашай будучыні.
На вялікі жаль, сістэмнага навуковага дасьледваньня зь беларускіх пазыцыяў не вядзецца. Больш актыўныя якраз фальсіфікатары і непрыяцелі беларушчыны.
“Ёсьць добрыя беларуская гісторыкі, але яны займаюцца другімі пытаньнямі, — зазначыў Зянон Пазьняк. — Можа быць у гэтым ёсьць пэўныя прычыны, бо яны жывуць у такім рэжыме, што вельмі цяжка гаварыць аб спадчыне, аб гісторыі сваёй Бацькаўшчыны. Але, тым ня менш, гэта не здымае віны з нашай навукі, бо ёсьць шмат магчымасьцяў (і выдавацца за мяжой, і даваць матэрыялы ў Інтэрнэт). Бацькаўшчыну, нашу культуру трэба бараніць увесь час і ўсюды.”
Як цудоўны прыклад сказанаму Зянон Пазьняк зьвярнуў увагу на выставу эмігранцкай літаратуры, якая выдавалася беларускай моладдзю ў амэрыканскіх і ангельскіх лягерах для беларускіх уцекачоў на тэрыторыі акупаванай Нямеччыны і якую сабраў Уладыка Сьвятаслаў. “Вы ўбачыце, чым жылі там беларусы у часы, калі не было нават чаго есьці: дзеці вучыліся, арганізоўваліся скаўцкія атрады, была самадзейнасьць, сьпявалі беларускія хоры, выдаваліся часопісы, кнігі. Гэта рабілі звычайныя беларусы, сярод якіх мала хто меў навуковыя ступені. А вось такім чынам яны адлюстравалі цэлую эпоху. Тады ж быў выдадзены і “Парсіваль”, — сказаў выступоўца. — Сёньня ж атрымліваецца так: найвялікшы дзень у нашай гісторыі 25 Жніўня 1991 г. не дасьледуецца. Больш 200 гадоў ішла велізарная барацьба за незалежнасьць Беларусі, за стварэньне незалежнай дзяржавы. У 1918 годзе такая дзяржава была аб'яўлена, але яе не далі стварыць, яе зьнішчылі. Адбылася бальшавіцкая акупацыя, Беларусь падзялілі на дзьве часткі. Далей наша гісторыя разьвівалася вельмі цяжка, за гэты час мы страцілі мільёны людзей — адбыўся генацыд.
Але барацьба ўсяроўна не спынялася. Яна ішла, як падводная рэчка, як тарфяны пажар. І калі ўзьнікла такая магчымасьць, яна выбухнула на паверхню: стварыўся Беларускі Народны Фронт, паднялася інтэлігенцыя, моладзь. І праз тры гады, 25 Жніўня 1991 года, адбылося тое (тая дата), да чаго 200 гадоў ішлі пакаленьні беларусаў. Беларусь адрадзілася, была створана Беларуская Незалежная дзяржава.
Але ўлада засталася ў старой каляніяльнай адміністрацыі, у старой намэнклятуры, і Масква гэта выкарыстала — праз тры гады (скарыстаўшы дэмакратычную працэдуру) правяла на прэзыдэнта Беларусі свайго стаўленьніка.
Што адбывалася потым, вы ведаеце: нішчылася ўсё, што было заваёвана за тры гады (школы, мова, сымвалы, гісторыя), — гаварыў спадар Пазьняк. — Найвялікшая падзея замоўчваецца і затоптваецца гэтай антыбеларускай уладай. Чаму гэта робіцца — зразумела: каб выхаваць новае пакаленьне сьляпым, каб яно нічога ня ведала, што адбывалася літаральна тады, калі яны нарадзіліся. Дарэчы, — напомніў Зянон Пазьняк, — па загаду Лукашэнкі зьнішчана ўся фанатэка на БТ, у тым ліку і выступы дэпутатаў, што былі ў архівах тэлебачаньня, бо гэта наша гісторыя, культура, а вайна ідзе супраць нацыі і культуры. Зьнішчаюцца дакуманты таго часу, зьнішчаюцца і стэнаграмы сэсіяў Вярхоўнага Савета. Зараз яны засталіся ў адзінкавых экзэмплярах.
З такім становішчам нельга мірыцца. Разуменьне гэтага вымушае нас, удзельнікаў тых палітычных падзей, брацца за тое, за што павінна брацца акадэмічная навука, дзейныя дасьледчыкі.
Сутнасьць кнігі “Сэсія Незалежнасьці” — факсімільнае выданьне стэнаграмы нечарговай 5-й сэсіі Вярхоўнага Савет 24-25 жніўня 1991 г., калі была аб'яўлена Незалежнасьць. Гэтую стэнаграму прышлося шукаць па частках у розных людзей, у каго захаваліся экзэмпляры. Гэтым займаліся ў асноўным сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Яны прыслалі мне копіі (сканы), і мы сабралі стэнаграму. Яна выдадзена. Таксама зроблены палітычны аналіз і апісаны падзеі (як гэта адбывалася). Брашура “Незалежнасьць Беларусі. 20 гадоў” — гэта адбітак з прадмовы зь невялікімі дадаткамі.
Безумоўна, стэнаграма, — гэта як бы толькі шкілет зьявы, на які была насаджана ўся палітыка Сэсіі Незалежнасьці. Тут не адлюстраваны настрой у залі, нашыя шматлікія кулуарныя размовы, розныя сутыкненьні, тое, што гаварылі дэпутаты без мікрафона (у сістэме фіксавалася толькі тое, што ішло на запіс праз мікрафон). Стэнаграма не паказвае падтэкстаў, не паказвае, як успрымаліся пэўныя выступы пэўных людзей. Так некаторыя выступы камуністаў могуць падацца лягічнымі. Але ўспрыняцьце іхных прамоў было іншае (таму што гэта ўсё была — хлусьня). Да таго ж кожны выступовец меў на той час пэўны “імідж” у ВС, і тое, што некаторыя гаварылі, магло здавацца і выглядаць лягічна, але на справе выступ у залі не ўспрымаўся і нават шкодзіў пазыцыі самога выступоўцы. (Па стэнаграме ж можна падумаць: добра выступіў.)
Шмат якія рэчы стэнаграма адлюстраваць ня можа, і таму я імкнуўся ва ўступным артыкуле, у аналізе падзеі паказаць тое, што не магла адлюстраваць стэнаграма.
Але стэнаграма — гэта дакумант, і тут ужо ня ўдасца зрабіць нейкія фальсіфікацыі.Тут відаць, хто што казаў і як хто галасаваў па кожным пытаньні. (Па дакумантах, дарэчы, відаць, што Лукашэнка не галасаваў. Ён быў на сэсіі, але ня ўдзельнічаў у ёй і не рэгістраваўся.)
У дадатку да кнігі сабраны зьвесткі пра дэпутатаў, хто як галасаваў, хто выступаў, хто да якой групы адносіўся, ёсьць фатаграфіі дэпутатаў Апазыцыі БНФ, фатаграфіі падзей і некаторыя дакуманты”, — скончыў свой выступ спадар Пазьняк.
У працэсе абмеркаваньня новай кнігі З. Пазьняка Тацьцяна Красоўская ахарактарызавала барацьбу за “парадак дня” сэсіі ў першы дзень (за зьняцьцё М. Дземянцея, аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ/КПСС і галоўнае — аб незалежнасьці) як надзвычай цяжкую і выказалася, што ўражаная прачытанай кнігай глыбока, як мастацкім творам. “Чытаючы стэнаграмы 1-га дня, мы бачым надзвычайна моцнае змаганьне, бо камуністычная маса ў залі магутная па колькасьці, і нават ня верыцца, што ў такой сытуацыі можна было перамагчы”, — казала прамоўца.
Спадарыня Тацьцяна асабліва зацікавілася асобай С. Шушкевіча. “Нярэдка можна пачуць фразу: “За часы Шушкевіча”, — кажа яна. — Складаецца ўражаньне, што гэты чалавек (які быў пэўны час першай асобай у дзяржаве) спрычыніўся да нашай незалежнасьці як змагар, як чалавек, які здабываў незалежнасьць. Пэўна ж, ён вучоны, доктар навук ды і “дэмакрат”.
Чытаючы стэнаграму сэсіі пераконваешся якраз у адваротным — і гэта моцна ўражвае. Як сьведчаць дакуманты, менавіта Шушкевіч да апошняга часу сэсіі быў катэгарычна супраць (!) незалежнасьці Беларусі. Ён называў гэта “бязглузьдзіцай”. Ён пастаянна падтрымліваў пазыцыю камуністаў, намэнклятуру, пастаянна рабіў розныя “шпількі” у бок змагарнай Апазыцыі. Я раней успрымала С. Шушкевіча як чалавека вучонага і перадавых дэмакратычных поглядаў. На справе ён аказаўся, на маю думку, у той сытуацыі нікчэмным. Ён ня толькі не дапамагаў Апазыцыі ў яе змаганьні, але ўсяляк перашкаджаў ёй, не даваў слова ці не зважаў на заўвагі змагароў і быў самым пасьлядоўным праціўнікам незалежнасьці. “Здаўся” ў пытаньні пра незалежнасьць ён толькі ў канцы, калі ўжо канчаткова здаліся камуністы разам з Малафеевым.
Але ўразілі мяне ня толькі яго паводзіны (кажа далей Т. Красоўская), але і зьмест ягоных прамоў (і ў якасьці ілюстрацыі сваіх думак зачытала некатрыя выступы С. Шушкевіча). Я увесь час думала, якой “акадэміі” ён вучоны, бо яго прамовы і рэплікі блытаныя, няма выразнасьці думкі — адна, як кажуць,”каша” ў галаве. Часам не разумееш, што ён хацеў сказаць, ясна толькі, што супраць Апазыцыі. Гэта маё ўражаньне пра С. Шушкевіча са стэнаграмы. Для мяне зразумела адно: ён ніякі не “здабыччык” незалежнасьці, а наадварот — яе праціўнік.
І тое, што зрабіла Апазыцыя БНФ (а іх было няшмат) — грандыёзна. Прыдзе час, і іхнымі імёнамі назавуць плошчы і вуліцы, будуць створаны музэі іхнага змаганьня. Мы павінны памятаць пра іх і быць ім удзячнымі”, — падсумавала сваю прамову спадарыня Татьцяна.
Андрусь Падлескі пачаў свой выступ з катэгарычнай заявы: “Я кнігу не чытаў, але абавязкова буду чытаць! На той час, калі разгортваліся гэтыя падзеі, я працаваў на заводзе “Інтэграл” звычайным працаўніком. У нас было ўнутранае радыё, і мы (калі пачалася сэсія) сядзелі нашым цэхам і слухалі пасьля зьмены трансьляцыю. Гэта слухалася лепш за любую музыку, што звычайна неслася ў эфір. Гэта таксама мая гісторыя і маё жыцьцё.”
Натальля Федарэнка падзялілася, зь якім захапленьнем чытала кнігу З. Пазьняка да позьняй ночы: “Гэта на самой справе цікава. Мы павінны ведаць сваю сапраўдную гісторыю. Цяпер ёсьць кніга і выдадзена з аналізам усёй сытуацыі”, — выказалася Н. Федарэнка і падзяквала спадару Зянону Пазьняку за тое, што адбылося ў нашай гісторыі, за аднаўленьне таго, што фактычна было зьнішчана.
Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Ганна Сурмач успамінала: “Падчас змаганьня за незалежнасьць Беларусі я знаходзілася разам з усімі там, на плошчы Незалежнасьці. Я добра памятаю тыя падзеі, бо гэта найбольш важнае, што адбылося ў маім жыцьці. І зараз, усьлед за моладдзю, я б хацела ад нас, старэйшых, хто перажыў гэта ўсё на ўласным лёсе, падзякаваць спадару Зянону Пазьняку за ўсё зробленае практычна дзеля аднаўленьня нашай незалежнасьці і за тое, што ён гэта ўсё ўвекавечыў для гісторыі, што гэта ўжо ніхто ня здолее выкрэсьліць з нашай памяці. Напісанае — застаецца!
Але гэтая старонка нашай гісторыі, — зазначыла выступоўца, — ужо перагорнутая. Уся гэтая справа аднаўленьня незалежнасьці была зроблена добра, годна і без памылак. Але вынікі нашай рэвалюцыі зараз спажываюць злачынцы і несумленныя людзі.
Тое, што гэтая падзея ўвекавечана — вельмі важна. Але ня толькі ў гэтым значэньне гэтай кнігі, гэтай нашай гаворкі. Мы сёньня ўзгадваем гэту гісторыю, цешымся, што маем незалежнасьць. Але давайце глянем на рэальнае жыцьцё сёння. Нашая незалежнасьць, якую здабылі з такімі цяжкасьцямі, як ніколі знаходзіцца ў самай вялікай небясьпецы. Нядаўнія падзеі, якія адбыліся ў сьвеце, зьмянілі і падзеі ў Беларусі. Арабскія рэвалюцыі ў краінах, дзе ў іхных дыктатарскіх рэжымах ня так даўно шукаў сяброў Лукашэнка, у асноўным перамаглі, дыктатуры абваліліся і ўсе добра зразумелі, што можа чакаць дыктатараў. Захад заявіў, што ня хоча больш весьці ніякіх перамоваў з Лукашэнкам. Сытуацыя дайшла да таго, што Лукашэнку сёньня трэба тэрмінова шукаць выйсьця, каб яго не спасьцігнуў лёс Кадафі ці нешта падобнае. Гэта стан, калі ён загнаны ў кут, і таму цяпер ідзе небясьпечны гандаль Беларусьсю. Ён гандлюецца з Масквой. І гэта ўжо ня тое, што было раней (калі ён гуляў з Расеяй у розныя гульні). Цяпер гэта ўжо ня гульні, а сур'ёзныя справы. І ён можа здаць Беларусь за сваё ўласнае жыцьцё, здаць Расеі; краіна, народ — для яго нішто ў параўнаньні са сваёй скурай.
Сёньня нашая незалежнасьць, здабытая з такім вялікім намаганьнем, — стаіць на мяжы: ці застанецца яна нашай ружовай мараю, ці застанецца асьвячаць жыцьцёвы гістарычны шлях нашага народу?
Цяпер мы ўсе, каму дарагая будучыня нашай краіны, павінны задумацца, што можна зрабіць рэальна, каб пазьбегнуць хуткага захопу Беларусі Расеяй, пакуль гэта ня сталася.
Вось, мне здаецца, тая галоўная роля (пасьля таго, што зроблена спадаром Зянонам) у гэтых кнігах, — тое, што нам сёньня нагадвае, якой працай, якімі намаганьнямі здабытая была незалежнасьць, як яе трэба шанаваць і як сёньня трэба за яе ізноў змагацца. Мы ня можам толькі цешыцца тым, што набылі. Перад новым пакаленьнем сёньня стаіць тая ж задача: здабытую незалежнасьць замацаваць так, каб яна засталася на вякі з намі.”
Прагляд фільма “Дарога ў Вільню”, зьнятага рэжысёрам Алесем Кудрыцкім пра Віленшчыну, пакінуў вельмі прыемныя ўражаньні ў прысутных.
Гледачы ўбачылі помнікі, сядзібы, старыя муры беларушчыны, якія зараз разбураюцца горш, чым пры саветах (тады ў палацах былі нейкія ўстановы і будынкі неяк даглядаліся). Цяпер гэта ўсё кінута і валіцца, бо людзі, якія зараз ва ўладзе на Віленшчыне, абыякавыя да нашай гісторыі і культуры — іх тут раней ніколі не было, гэта ня іхняя культура і гісторыя.
У фільме ёсьць расповяд пра “Паўлаўскую рэспубліку”, Паўла Брастоўскага — маладога энэргічнага князя — і пра тое, што ён зрабіў у канцы ХУІІІ стагоддзя ў Паўлаве каля Тургеляў (скасаваў прыгоннае падданства сялян і ўвёў рэспубліканскае самакіраваньне). “Гэты фільм зроблены дзеля таго, — падкрэсьліў Зянон Пазьняк, аўтар тэксту, і сцэнару фільма, — каб беларусы расплюшчылі вочы на самых сябе, на Віленшчыну, што засталася як бы “за мяжой” і не дасьледуецца беларусамі. Помнікі ж павінны захоўвацца”.
Прысутныя высока ацанілі фільм. “Ён зьняты бездакорна. Не магу назваць ніводнага слова ў гэтым фільме, якое б было тут “чужым”. Зроблены ён надзвычай добра, і створаны, фактычна, двума аўтарамі: рэжысёрам Алесем Кудрыцкім і Зянонам Пазьняком (у фільме гучаць яго вершы). Гэта сапраўды вельмі прыгожае і вельмі зьмястоўнае кіно. Яму трэба даваць ход”, — абагуліла сказанае Ганна Сурмач.
Падсумоўваючы сустрэчу, З. Пазьняк адказаў на пытаньні, падзякваў выступоўцам за прыхільнасьць і зацікаўленьне спадчынай Беларусі.
Марыля Якушэвіч