ДЗЯДЫ Ў ЛОШЫЦЫ






6 лістапада сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ арганізавалі традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар Дзядоў. Людзі сабраліся каля палаца культуры “Лошыцкі” у Менску і прайшлі шэсьцем да месца, дзе пахаваны ахвяры расейскага акупацыйнага тэрору 1937 года. У Лошыцкім Яры НКВД расстраляў тысячы беларусаў. У 1990-х гадах фронтаўцы ўсталявалі на гэтым месцы манумэнтальны крыж. Людзі ішлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і выявамі Пагоні, несьлі транспаранты “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму” і “Беларуская Салідарнасьць — наш супраціў расейскай акупацыі”.

Перад Крыжом на магілах пакутнікаў адбыўся мемарыяльны мітынг. Быў зачытаны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Лошыцкі Яр. Дзяды-2011” (публікуецца). Перад грамадой выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, сп. Валеры Буйвал, сакратар Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы распавялі пра гісторыю гэтага месца пакутніцтва, дзе сярод ахвяраў расейскага НКВД ёсьць шмат беларусаў, якія звабіліся на камуністычную прапаганду ў Заходняй Беларусі і перайшлі савецка-польскую мяжу, каб жыць у “пралетарскім раі”. Іх адразу ж арыштоўвалі і дастаўлялі ў спэцаддзел НКВД на Белай дачы ў Лошыцы. Людзей катавалі, а потым расстрэльвалі ў Лошыцкім яры. Гэта ёсьць вялікая лекцыя нашаму народу. Нельга давярацца прапагандзе, абяцанкам і заявам акупантаў нашай краіны. У беларусаў ёсьць свая праўда і свой цывілізацыйны шлях. З гэтага шляху нас на працягу стагоддзяў спрабавала зьвесьці ардынская Масква. Пэрыяд савецка-маскоўскай акупацыі быў вельмі трагічным у нашай гісторыі. Гэтую палітыку зьнішчэньня беларусаў і беларускай цывілізацыі працягвае цяпер антыбеларускі акупацыйны рэжым, кіруемы з Масквы.

Апошнім часам эканамічны правал і рэзкае зьбядненьне мільёнаў беларусаў прымусілі многіх урэшце расплюшчыць вочы і пазбавіцца ад ілюзій. Але якім коштам! На ілюзіі і на наіўную веру ў рэжымныя і псэўдааапазыцыйныя абяцанкі змарнаваны гады. Урэшце нашы людзі павінны зразумець, што ад антычалавечага, чужога, навязанага нам рэжыму можна пазбавіцца толькі шляхам народнай Беларускай Салідарнасьці і нацыянальнага супраціву.

Выступоўцы падкрэсьлілі, што расейская імпэрыя зноў рыхтуе агрэсію супраць Беларусі, зноў зьбіраецца забіваць наш народ і наладжваць на нашай зямлі генацыд. Пакуль што Масква дзейнічае праз марыянэткавы менскі рэжым, які агучыў плян раздачы аўтаматаў, кулямётаў і гранатамётаў “тэрытарыяльнай арміі з 120 тысячаў байцоў”. Вядома, што прафэсійныя беларускія вайскоўцы з сьмехам прынялі гэтую чарговую выхадку дыктатара. Але справа сур'ёзная. Дыктатура зьбіраецца раздаваць зброю асобам крымінальнай сьвядомасьці, якія ненавідзяць беларусаў, нашу мову, культуру і Дзяржаву. Рэжым рыхтуе маштабную правакацыю супраць Беларусі. Трэба ўсім нам быць пільнымі і мацаваць Беларускую Салідарнасьць.

Выступоўцы падзяквалі ўдзельнікам мэмарыяльных мерапрыемстваў, якія адбыліся на Дзяды па ўсёй нашай краіне. Беларусы не забываюць сваіх продкаў, ахвяры свайго народу. Гэта ёсьць сьведчаньне духоўнай культуры, якая злучае нас як Нацыю.

Людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа” і ўсклалі да Крыжа кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы.

Падчас мітынгу рэжымныя структуры зьдзейсьнілі напад на сп. Уладзімера Юхо, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Правакатар ударыў яго ззаду па галаве і сышоў з месца мерапрыемства. Асобы ў цывільным, якія прадставіліся работнікамі міліцыі, затрымалі сп. Юхо пасьля мітынгу і зьвезьлі яго.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

6 лістапада 2011 г.