ЛОШЫЦА. ДЗЯДЫ — 2011

Паважаныя сябры-фронтаўцы. Паважаныя землякі.

Вітаю Вас ў Бацькаўшчыне! Зычу моцнасьці ў жыцьці і змаганьні!

У Беларусі працягваюцца Дзяды. Сёньня мы ў Лошыцы, у месцы, дзе быў зарослы яр, у якім у 1937 годзе расейскія энкавэдзісты расстрэльвалі беларусаў. На расстрэл сюды прывозілі ў шэсьць раніцы ў “хапунах” і нават на грузавіках. Па сьведчаньні лошыцкіх старых жыхароў, зь якімі мне прыходзілася гаварыць, у экзэкуцыях часам бралі ўдзел мясцовыя падонкі (за невялікую плату ім давалі пастраляць у людзей). Энкавэдзісты імкнуліся запэцкаць іншых у сваім злачынстве.

Па маіх падліках тут расстралялі каля дзесяці тысячаў чалавек. Даведаўшыся, што пасьля дасьледваньня Курапатаў, мной рыхтуюцца раскопкі ў Лошыцы, камуністычныя ўлады мабілізавалі тэхніку і засыпалі Лошыцкі яр. Потым на гэтым месцы пабудавалі гаражы і заасфальтавалі тэрыторыю. Так злачынныя ўлады і іхны злачынны Камітэт схавалі сваё злачынства, каб пазьбегнуць асабістай адказнасьці.

Ім не ўдасца, аднак, схавацца ад адказнасьці гістарычнай. Для народу гэта вельмі важна. Мусіць быць сцьверджана справядлівасьць, каб прадухіліць новыя злачынствы.

Для беларусаў, якія апынуліся цяпер пад уладай цёмнай, варожай беларусам і псіхічна ненармальнай асобы, неабходна глыбока і рацыянальна ўсьвядоміць вопыт генацыду, што напаткаў нас у ХХ стагоддзі. Шмат хто яшчэ не разумее, што ашалелы узурпатар, адчуваючы свой канец, рыхтуе крывавую бойню для ўсяго народа, які ён ненавідзіць, не паважае яго культуру, мову, гісторыю, абзывае зьняважлівымі словамі. Іншым здаецца, што яно не сур'ёзна, што такога ўжо ня можа быць. Нажаль, гэта ня толькі сур'ёзна, але рэальна. Усім цяпер тое рыхтаваньне можна бачыць і чуць.

Каб не аглохнуць, не асьлепнуць трэба наведваць Лошыцу і Курапаты, спытацца аб праўдзе ў нашых Дзядоў. Дзяды могуць дапамагчы нам разарваць ланцуг злачынстваў і вынішчэньня нацыі. Так, як здарылася гэта ў 1988 годзе, калі менавіта Дзяды, палеглыя ў Курапатах, узьнялі на змаганьне наш беларускі вольны дух.

Слава нашым Дзядам і вечны спакой!

Будучыня Беларусі хай будзе сьветлай і сьветазарнай, народ — вольным, а праўда хай пануе! І гэтак будзе.

6 лістапада 2011 г.

Зянон Пазьняк