УШАНАВАНЬНЕ ДЗЯДОЎ У МЕНСКУ
30 кастрычніка на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у цэнтры Менску сабралася вялікая грамада беларусаў. Ад Гадзіньнікавага завода па праспэкце Скарыны рушыла мэмарыяльнае шэсьце пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Людзі несьлі крыжы, кветкі і транспаранты “Ушануйма ахвяраў Курапат”, “Дзяды”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Шматкілёмэтровы шлях праз цэнтар сталіцы завяршыўся ў Курапатах. Бальшыня з двух тысячаў удзельнікаў шэсьця і мітынга — маладыя хлопцы і дзяўчаты. Многія зь іх упершыню прашлі Крыжовым шляхам і наведалі Народны мэмарыял у Курапатах.
Мэмарыяльны мітынг у Курапатах распачаўся каля Трох Крыжоў на Кальварыі. Быў заслуханы зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка — “Дзяды-2011” (публікуецца). Да людзей зьвярнуліся з прамовамі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра неўміручую памяць аб нашых Дзядах, аб нашых продках, якая ёсьць зьвязуючым кшталтам нашага нацыянальнага існаваньня.
Антыбеларускі рэжым хацеў бы і робіць усё для таго, каб разьбіць гэтую жывую сувязь, пазбавіць нас нацыянальнай памяці. Нажаль, некаторыя людзі паддаліся на рэжымны падман і вырашылі прыстасавацца да антычалавечай сістэмы. Успомнім, як лукашысты гукалі з 1994 года: “Што нам вашы “флажкі”? Сувэрэнітэт не ікона! Спачатку трэба накарміць народ. Вось дамовімся з Расеяй і будзе танны газ, жыць будзе добра і камфортна...” Ну і што, накармілі яны народ? Дзе танны газ? Рэжым абрабаваў мільёны нашых людзей, разбурыў эканоміку краіны.
Але ўсё пачыналася са здушэньня акупацыйным рэжымам беларускай мовы і культуры, са зьнішчэньня нашага духоўнага жыцьця. Вось да чаго давёў вульгарны матэрыялізм прыслужнікаў маскоўскага імпэрыялізма. Наша народная драма паказвае, што галоўным ёсьць духоўнае існаваньне, душа народа. Калі ідзе нармальнае разьвіцьцё духоўнага існаваньня, то людзі працуюць на сябе, ствараюць каштоўнасьці і дабрабыт. Калі падарвана нацыянальная культура, распачынаецца крызіс, упадак і зьбядненьне.
Але ня трэба апускаць галовы. Сёньня мы бачым, як разам з старэйшымі людзьмі да нашай духоўнай традыцыі далучаецца беларуская моладзь. Тут мы бачым сьветлыя, прыгожыя твары юнакоў і дзяўчат. Яны абралі свой шлях у жыцьці, гэта — дарога праўды пад сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Змаганьне супраць сілаў зла, супраць імпэрыі зла працягваецца, яно ўступае ў рашаючую стадыю.
Кожнае пакаленьне мае сваю адказнасьць за абарону нашай беларускай цывілізацыі, нашай дарагой Бацькаўшчыны. Мы, — адраджэнцы 1988-га года, — прынялі паходню змаганьня ад нашых папярэднікаў — змагароў Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер з намі крочаць разам маладзейшыя беларусы, якія працягнуць сьвятую нацыянальную справу пасьля нас. Беларусь вечная, мы вызвалім нашу Радзіму ад акупацыі і будзем жыць у вольнай дзяржаве, на сваёй зямлі. Але для гэтага трэба дзейнічаць, імкнуцца да народнай Беларускай Салідарнасьці.
Выступоўцы нагадалі таксама пра леташнія Дзяды. На мэмарыяльным мітынгу ў 2010 годзе патрыёты заклікалі беларусаў ня ўдзельнічаць у выбарчым фарсе рэжыму, адвярнуцца ад хунты, пакінуць яе сам-насам з пустымі выбарчымі ўчасткамі яе электаральнага фарса. Але тады многія людзі паверылі ў падстаўных зазывалаў “на выбары” і ў “кандыдатаў” выбарчага шоў. Падман завяршыўся хваляй рэпрэсій і фальшывай “перамогай” дыктатара, які даўно ўжо маніпулюе выбарамі. Нельга паўтараць гэтыя памылкі, нельга давярацца хлусам і агентуры рэжыму.
Грамада засьпявала гімн “Магутны Божа”, усклала кветкі на магілы пакутнікаў, запаліла знічкі. Былі ўсталяваны крыжы, якія людзі пранесьлі праз горад.
У той жа дзень сябры Каліноўскай рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ усклалі кветкі і запалілі зьнічкі каля Крыжа на месцы расстрэлаў беларускіх людзей катамі НКВД у менскім парку Чалюскінцаў.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
30 кастрычніка 2011 г.