ДЗЯДЫ — 2011
Паважаныя землякі, дарагія беларусы!
Настае адно зь вялікіх і сакральных нашых сьвятаў — Дзяды. Гэта вельмі важна, што ў нашай культуры ёсьць такое народнае сьвята, якое адзначае вечнасьць і гістарызм народнага існаваньня.
У пачатку 90-х гадоў па ініцыятыве дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту Вярхоўны Савет зацьвердзіў Дзяды як дзяржаўнае сьвята — Дзень памяці. Гэта было разумнае і правільнае рашэньне. Сьвядомасьць і дух нацыі абапіраюцца на культуру і гісторыю. Адзначэньне Дзядоў накіроўвае думаньне людзей у гістарызм свайго быцьця на сваёй зямлі, у падзеі, справы і дасягненьні продкаў.
Для нас, беларусаў, гэта тым больш істотна, што мы зьяўляемся нашчадкамі найвялікшай гістарычнай культуры, і ня проста культуры, а цэлай культурнай цывілізацыі Вялікага Княства Літоўскага.
Дзьвесьце гадоў расейскай акупацыі і цяперашняя ўнутраная акупацыя антыбеларускай цемры наглядна паказалі, што нішчыцелі Беларусі заўсёды імкнуліся сістэмна разбурыць нашу гістарычную памяць, апаганіць гісторыю, сфальсіфікаваць гераічную і культурную справу пакаленьняў. Рэжым цемры яшчэ ў 90-х гадах ліквідаваў дзяржаўнае сьвята Памяці продкаў. Але, бачыце, яно жыве, незалежна ад варварства нішчыцеляў. І будзе жыць, пакуль жывем усе мы, беларусы! Пакуль памятаем нашых бацькоў, дзядоў і народны пачатак.
Шануйма гэтае сьвята Дзядоў моцна. У ім адбітак нашага існаваньня.
Цяпер шмат хто ўбачыў тое, што было ад пачатку, — прамаскоўскі рэжым вядзе адкрытую палітычную вайну зь беларускім народам. Гэта не навіна ў нашай гісторыі.
Вось мы знаходзімся тут, у Курапатах, на сакральным месцы нашага мартыралёгу, падобных да якога ня шмат існуе ў сьвеце. Расейскімі энкавэдзістамі тут было расстраляна і закапана каля чвэрці мільёна людзей. Гэта фінал антыбеларускай палітыкі. Да гэтага (да зьнішчэньня) гатовыя былі ў выніку — ўсе ненавісьнікі Беларусі, усе ворагі чалавецтва. Тут, у Курапатах, рэалізавана мяжа іхных антычалавечых жаданьняў і сэнс іхнага злачыннага існаваньня.
Тут ёсьць над чым задумацца. Як сьведчыць гісторыя, вусатыя твары дыктатуры з усходу і захаду думалі і рабілі аднолькава, і прыходзілі да аднолькавага чыну — да генацыду, да злачынства супроць чалавецтва.
Нягледзячы на тое, што цяпер шмат хто зь людзей скарыліся цемры, беларусы яшчэ маюць шанц не дапусьціць чарговага злачынства над сабой і народам. Зарукай гэтаму павінна стаць нашая народная памяць, культура і беларуская салідарнасьць супраць дзеяньняў зла.
Слава нашым Дзядам, нашым людзям і вялікім продкам!
Слава героям і пакутнікам, што стаялі, змагаліся і загінулі за Беларусь!
Слава Беларусі!
30 кастрычніка 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК