ТРЫМАЦЦА ДАЛЕЙ АД РАСЕЙСКАЙ БОМБЫ
Мы прадастаўляем вашай увазе артыкул маскоўскага публіцыста Ільлі Яшына з расейскай інтэрнэт-газэты Грані.Ру. Пасьля абвяшчэньня Медведевым Пуціна як кароннага кандыдата на прэзыдэнцтва гэтая тэма на працягу некалькіх дзён застаецца адной з галоўных ў СМІ ўсяго сьвету. Тэму трактуюць і так, і гэтак, але, на наш погляд, сьціслы аналіз І. Яшына найбольш выразна адлюстроўвае сэнс падзеі.
Можа падасца, што аўтар не выкарыстаў галоўныя фарбы, малюючы эскіз партрэта кандыдат-прэзыдэнта. Ён не згадаў, што менавіта Пуцін аддаваў дзікія загады на абстрэл школы ў Беслане (“вызваленьне закладнікаў”) і на іншыя тэрарыстычныя дзеяньні маскоўскай улады на сваёй і чужой зямлі. Ён ні слова не сказаў пра кантору, зь якой выйшаў Пуцін. Але гэта вядома ўсім і многія гэта разумеюць. Здольныя думаць у Расеі ўжо зразумелі, што маскоўская імпэрыя ідзе да бунта і канчатковага краху. Гэта ня толькі інтэлектуалы дэмакратычных і лібэральных поглядаў. Гэта зразумелі таксама і многія саўдзельнікі дзяржаўных злачынстваў розных адміністрацыйных узроўняў. Яны актыўна вывозяць нарабаваныя капіталы за мяжу, уладкоўваюць там свае сем'і і рыхтуюць глебу для сябе. Мільёны абрабаваных “дорогіх россіян” ня здольныя думаць і разважаць, яны толькі ненавідзяць і чакаюць нагоды, каб (як казаў прафэсар Прэабражэнскі) “усё падзяліць”. Вяртаньне монстра, знаёмага па сюжэту папярэдняй сэрыі, — эфэктны прыём, на якім грунтуецца жанр “жахаў”. У Крамлі, аднак, творыцца не мастацкі фільм і не раман, тут казка становіцца быльлю, матэрыялізуецца і ўблытвае ў сюжэт дзесяткі мільёнаў людзей.
Падзеі апошніх месяцаў у Беларусі сьведчаць аб тым, што ў каторы ўжо раз Крэмль абраў нашу Беларусь у якасьці ахвярнай істоты для свайго трыюмфальнага шабасу. Скораная, захопленая, падпарадкаваная Беларусь павінна зрабіцца падарункам Пуціна расейскаму грамадзтву, якое стамілася ад паразаў і адступленьняў. Інтэнсіфікацыя захопу нашай дзяржаўнай маёмасьці маскоўскімі алігархамі, разгром нашай эканомікі, шалёная русіфікацыя і сталінізацыя нашага грамадзтва — усё гэта знакі расейскай інвазіі на беларускай зямлі. Акупант пакуль што выкарыстоўвае мясцовы марыянэткавы рэжым у якасьці прыкрыцьця і публічнага выканаўцы сваёй імпэрскай палітыкі. Зразумела, што маскоўская “дэмапазыцыя” ня будзе Бараніць нашу Дзяржаву ад сваёй імпэрыі. Яна даўно ўжо ні на што ня здольная, бо з самага пачатку мела галоўнай каштоўнасьцю не дэмакратыю, а сваю імпэрыю.
Абараняць сваю Радзіму ад расейскіх захопнікаў ёсьць абавязкам самых беларусаў. У нас ёсьць усё для гэтага. Ёсьць патрыятычная моладзь, ёсьць сотні тысячаў мужчын у Беларускай арміі і ў рэзэрве, якія прайшлі ваенную падрыхтоўку. Ёсьць нацыянальны лідар — Зянон Пазьняк. Ёсьць народ, які хоча жыць у сваім нацыянальным доме.
Нам трэба як мага далей трымацца ад бомбы, якую крамлёўска-лубянскія вар'яты падкладваюць пад сваю Расею. Увесь цывілізаваны сьвет напружана назірае за іхным порканьнем вакол запаленага кнота. Гіне пыхлівы богапраціўны Вавілон. Нельга дапусьціць, каб Беларусь стала ягонай апошняй ахвярай.
Юрка Марозаў
Бомба пад Расеяй
Ніякай трагедыі, безумоўна, не адбылося. Наадварот, вяртаньне Пуціна ў Крэмль усё расставіла па сваіх месцах. Сьмешна зараз успамінаць прыўкрасныя гуканьні лібэралаў чатырохгадовай даўніны, якія зьвязвалі з прэзыдэнцтвам Медведева спадзяваньні на палітычную “адлігу”. Цяпер нават самыя наіўныя пазбавіліся ад шкодных ілюзій наконт таго, што гэтая ўлада здольная правесьці лібэральныя рэформы “зьверху”. Медведев публічна прадэманстраваў сваю палітычную нікчэмнасьць і пераканаў нават самых адданых сваіх паклоньнікаў, што ён быў і застаецца падначаленым Пуціна.
Чаму ілюзорныя спадзяваньні на адлігу былі шкоднымі? Ды таму, што яны паралізавалі волю да барацьбы ў вялікай колькасьці людзей. Вельмі лёгка было думаць, што дэмакратыю нам падораць з Крамля. Не, сябры, ніхто вам не прынясе свабоду на сподачку. Свабоду ва ўзурпатара трэба вырываць, і лёгкай гэтая барацьба ня можа быць паводле вызначэньня.
Зразумела, што наступныя 12 гадоў (калі Пуцін утрымае ўладу гэтыя два прэзыдэнцкія тэрміны) абяцаюць быць даволі драматычнымі. Сьвет уступіў у пэрыяд эканамічнай турбулентнасьці. Пэрыяд “нафтавага эльдарада” для Расеі заканчваецца. Нафтадаляры, што хлынулі ў краіну, былі бяздарна спушчаны ў трубу: ніводнай інстытуцыйнай рэформы Пуцін так і не правёў. А гэта значыць, што фундамэнтальныя праблемы Расеі апошніх гадоў будуць абвастрацца.
Працягнецца бязьмежны рост карупцыі. Ужо цяпер пуцінскія чыноўнікі, колькасьць якіх за апошнія 10 гадоў вырасла ў паўтара разы, штогод раскрадаюць да траціны Унутранага валавага прадукту. З кожным наступным годам бюджэтны пірог будзе менш, а галодных чыноўніцкіх ратоў — больш.
Абвострыцца сацыяльнае расслаеньне. Амаль дваццаць мільёнаў нашых суайчыньнікаў жывуць па-за рысай беднасьці ўжо цяпер — пры завоблачных коштах на нафту. А цяпер паглядзім на манеўры Кудрына, які марыць уцячы з ураду. Ён разумее: рост галечы запраграмаваны сістэмай і абсалютна непазьбежны. У той жа час наўрад ці нехта ў сьвеце здолее пацясьніць пуцінскіх сяброў-алігархаў з рэйтынга Forbes. Яны — апірышча рэжыму, і вяртаньне “старэйшага” у Крэмль будзе ўспрынята адназначна: дапілоўвай, што не пасьпелі распілаваць, адбірай бізнэс у “цярпілаў”, высмоктвай нафту, пампуй газ. Адным словам, сьвята працягваецца.
Захаваецца палітычная манаполія. Партыя жулікаў і злодзеяў, якую ў афіцыйных дакумэнтах прынята называць “Едіная Россія”, захавае за сабой кантроль над ворганамі дзяржаўнага кіраўніцтва, якія будуць канчаткова ператвораны ў кардонныя домікі. Усе, хто супраць, — ворагі і агенты Амэрыкі. Праз некалькі гадоў кадыраўскія выбарчыя стандарты будуць распаўсюджаны паўсюль. Ды гэта ўжо адбываецца: паглядзіце на выбары ў Пецярбурзе, дзе выбаркамы гераічнымі намаганьнямі ўтрымалі вынік Мацьвіенкі, каб ён не перавысіў 100%.
Палітычная манаполія, памножаная на карупцыю і рост сацыяльнага расслаеньня, — надзейны рэцэпт для падрыву краіны. У Тунісе і Эгіпце зыходныя прадпасылкі былі абсалютна ідэнтычныя.
Робячы перадачу ўлады прадметам прыватнай зьдзелкі, Пуцін закладвае пад Расею бомбу і правакуе бунт. Цалкам верагодна, што ён разумее гэтыя рызыкі, але стрымацца, падобна, ужо ня можа. Пуцін стаў закладнікам той сістэмы, якую сканструяваў уласнымі рукамі.
Ён яшчэ не стары чалавек. На рахунках у заходніх банках вялізныя грошы. Нерухомасьць у розных месцах. Ён сусьветная знакамітасьць. Здавалася б, самы час пажыць ў сваё задавальненьне. Чаму не сысьці прыгожа? Ды таму, што гарантыяй усяго гэтага багацьця зьяўляецца ўлада — і толькі ўлада. Ва ўсіх крамлёўскіх жыхарах сядзіць страх, што альтэрнатыва ўлады адна: лава падсудных. Яны ведаюць, якім спосабам “зароблены” гэтыя капіталы.
У гэтай выбухованебясьпечнай сытуацыі галоўная мэта дэмакратычнай апазыцыі — не дапусьціць крывавага разьвіцьця падзеяў. Гэта наша місія. Гэта наша адказнасьць. Разумею, што ў многіх зараз настрой сабраць чымаданы і зьехаць падалей. Ня трэба гэтага рабіць. Сорамна пакідаць сваю краіну падонкам, якія кралі. Трэба заставацца і супрацьстаяць ім.
Ільля Яшын
Пераклад з расейскай.