НАКАПЛІВАЕМ СІЛЫ, НЕ ПАДДАЕМСЯ НА ПРАВАКАЦЫІ
(Ад рэдакцыі Старонкі http://www.biel-ruch.org/)
Плясканьне ў ладкі на вуліцах гарадоў, арганізаванае летам праз “сацсеткі” выглядала на першы погляд заплянаванай правакацыяй, адной з задачаў якой была спроба выцягнуць нашых людзей са структураў РУХУ на вуліцы і, найперш, выявіць іх, потым здушыць, зьбіць, пазбавіць надзеі на перамогу. Мы не сталі высьвятляць колькі рухаўцаў паддаліся на заклікі, але, відаць, няшмат.
Тым часам апладысмэнты на вуліцах выклікалі нечаканаую сытуацыю — паранойную рэакцыю з боку ўлады. Спэцслужбы рэжыму пачалі біць людзей і хапаць усіх без разбару. Рэжым, так бы мовячы, распрануўся перад грамадзтвам у сваёй дзікасьці і маразме. Атрымалася, што правакацыя справакавала сам рэжым і беларусы зблізку ўбачылі яго зьвярыны твар.
Для тых, хто раней не прыглядаўся, убачанае стала добрай навукай. Мы адмыслова ўхвалілі гэтую справу і ўсю гэтую “рэвалюцыю”, якая аб'ектыўна спрацавала на беларусаў, на ўсьведамленьне грамадзтва. Пасьля гэтага мусіў бы настаць перапынак (паўза). Грамадзтва, народ павінны цяпер накопліваць сілы, гуртавацца, салідарызавацца, усьведамляцца ў нацыянальнай культуры, мове і гісторыі, накопліваць і захоўваць сваю моц, каб выступіць за свабоду ў час “Х”.
Трэба разумець самае галоўнае ў такой барацьбе: выйсьці на вуліцы, каб перамагчы, можна будзе толькі адзін раз. Нельга ўжо цяпер выходзіць бязмэтна па сто чалавек, прафанаваць падзеі, зьняверваць і засьвечваць актыўных людзей. Неабходна сто тысяч, гатовых змагацца. Бярэмся за працу асьвету і падрыхтоўку.
Не магу пакуль сказаць дакладна наколькі разумее гэта лукашысцкі рэжым, але ягоныя апекуны ў Маскве і агентура, мяркую, тое добра ведаюць. Беларусы не павінны больш паддавацца на правакацыі, выхадзіць на вуліцы нешматлікімі групамі, падстаўляць свае твары пад фільмаваньне ворагаў Беларусі. Выйсьці трэба тады, калі настане час. Гэты час будзем набліжаць.
18 верасьня 2011 г.
Зянон Пазьняк