“ТИП НОРДИЧЕСКИЙ, ПРЕДАННЫЙ ФЮРЕРУ...”
(Сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)
На фоне разбуральнага крызісу антыбеларускі рэжым няўклюдна спрабуе разьвесяліць народ. 10-11 верасьня былі абвешчаны ў Менску “днём горада”. Улада мабілізавала ўсю музычна-сьпеўную папсу, акрабатаў і шапікі з таварамі, разьвесіла транспаранты з аптымістычнымі лёзунгамі.
Але менчукі масава праігнаравалі рэжымныя скокі. Вуліцы і плошчы ў гэтыя дні былі зусім пустымі. Расейская папса ня выклікала цікаўнасьці. Каля шапікаў таксама было пуста, бо ў людзей няма грошай, каб купляць тавары і харчы па высокіх цэнах. Спадзяемся, што наступным разам рэжым вынайдзе сродак на стварэньне аптымістычнай шматфігурнай карціны. Курсантаў розных масьцяў апрануць у цывільныя строі, курсантак у рускія сарафаны. Яны арганізаванымі натоўпамі будуць фланіраваць па тэрыторыі рэжымнага “праздніка” і ўдаваць “счастіе”. Зробяць таксама сьвяточнае апалчэньне з сем'яў намэнклятуры, гэбэ і міліцыі. Незабыўны Муамар Кадафі ў апошні пэрыяд сваёй дыктатуры так дакладна і рабіў.
Тым часам ужо праз тыдзень рэжым вынайшаў актуальную форму “праздніка-счастія”. 17 верасьня ў Менску праводзіліся афіцыёзныя кірмашы па раёнах сталіцы. Зноў наставілі шапікаў, разьвесілі рэжымныя сьцягі, зноў зараўла расейская папса. Гэтым разам атрымалася шматлюдна і вельмі дынамічна (аж надта).
Па сталіцы пранеслася чутка, што на кірмашах цэны на харчовыя тавары на 4-5 тысячаў менш, чым у крамах. Жыхары кінуліся туды, адкуль аглушальна гучалі музыка і сьпевы. Ніхто, аднак, не танцаваў і не вадзіў карагоды. Перад шапікамі і машынамі з харчамі сабраліся дзе чэргі, а дзе і натоўпы. Пад “Раз-два-трі, казачок!..” і “Я тебя поцеловала...”, якое неслася з рэпрадуктараў, людзі хапалі і выносілі мяхі з капустай і цыбуляй, па 10 пляшак алею і г.д. “Адкуль бульба?” — гукнуў нехта з натоўпу. “Із Рогачёва!” — адказалі спатнелыя ад напругі прадаўцы. Народ панёс чарнобыльскі прадукт дахаты, радуючыся выйгрышу ў некалькі тысячаў. Макабрычныя сцэны, мабыць, парадвалі намэклятуру.
18 верасьня расейскія тэлеканалы паказалі рэпартаж з вайсковых вучэньняў “Шчіт Отечества”, што адбываліся ва Уладзімірскай вобласьці Расеі. Туды нагналі таксама тысячы беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі, яны ўдавалі “ваеннае братэрства”. Маладыя беларусы беглі пасярод дыму разам з стракатай публікай шматнацыянальнай імпэрыі. Пакуль што гэта былі манэўры. Паказалі на тэлеэкране і непаўторную фізіяномію міністра абароны РБ Жадобіна. З пад каласальнай фуражкі-патэльні галава Жадобіна сказала: “Мы говорім на одном языке с нашімі русскімі братьямі по оружію. Это одін язык военного братства, военной тактікі, воспітанія і патріотізма...”
Божа, барані Беларусь ад расейскай тактыкі. Беларускія вэтэраны ўсіх пакаленьняў распавядуць, што за тактыка ў маскоўскай арды — “Грудью, товарішчі, грудью!” Гэта значыць, у поўны рост, у лоб, не лічачыся з чалавечымі жыцьцямі. Абы дакласьці начальству пра чарговую піравую перамогу. Толькі апошнія гады ў расейцаў усё атрымліваюцца піравыя паразы...
У верасьні ў дзіцячых установах Беларусі прайшлі бацькоўскія сходы. Сярод іншага адміністрацыя растлумачыла бацькам “палітыку партыі і правіцельства”. А менавіта, што рэзка скарачаецца аб'ём дзіцячага харчаваньня ў садках і школах. Пра падзеньне якасьці дзіцячага харчаваньня бацькі ўжо здагадаліся самы ў сувязі з шэрагам інцыдэнтаў у розных месцах краіны: дзеці масава труцяцца няякаснай ежай. Адміністрацыя спасылаецца на крызіс. Некаторыя бацькі пытаюцца: “А как мы можем повліять на это?” Беларускія бацькі-патрыёты тлумачаць такім, што паўплываць можна толькі ліквідацыяй акупацыйнага антыбеларускага рэжыму ў нашай краіне.
20 верасьня рэжым прызначыў новага Генэральнага пракурора, адправіўшы ў адстаўку Р. Васілевіча. Цяпер Генпракурорам акупацыйнага рэжыму зьяўляецца палкоўнік А. Канюк. З афіцыйнага фотаздымка на народ глядзіць (паводле лексікі кінафільма “Сямнаццаць імгненьняў вясны”) “тіп нордіческій, преданный фюреру, в порочашчіх связях не замечен”... Фотавобраз пракурорскага работніка адпавядае ягонай біяграфіі. Ён пачаў кар'еру ва Упраўленьні ваенных трыбуналаў у Маскве, працягнуў яе ў трыбуналах у Казахстане і Аўганістане. З 1987 г. працуе ў пракуратурах БССР. Каштоўны, загартаваны пракурорскі кадр. Рэжым рыхтуе малютаў скуратавых перад канчатковым зьвядзеньнем рахункаў з беларускім народам. Але беларускі народ таксама рыхтуецца.
Псэўдаапазыцыя зноў аднаўляе свае “маўклівыя пратэсты”. Вось якія камэнтары гэтай дзейнасьці далі на старонках Радыё Свабода беларускія патрыёты.
21.09.2011 11:56
Бенедзікт:
Беларусы!
Усе гэтыя “народныя сходы” ды “рэвалюцыйныя серады” ёсьць звычайным выпускам пары ў сьвісток, каб панізіць ціск абурэньня ў грамадстве ды засьвяціць перад сьпецслужбамі актыўных людзей.
Сытуацыя такая, што трэба весьці тлумачальную працу зь людзьмі, падрыхтавацца так, каб быў сапраўдны народны выбух, а не чарговы сьвісток, пад кіраўніцтвам збанкрутаванай псэўдаапазіцыі.
Адхіленьне расейскага стаўленіка Лукашэнкі ад улады — асноўнае.
21.09.2011 11:23
Каліновец:
Дарагія беларусы, не далучайцеся да гэтай штучнай туфты. Пачытайце, якая ў іх праграма. Цяпер патрабаваньне павінна быць адным: Лукашэнку ў адстаўку! Патрабаваць нечага ад хунты, пляскаць і тупаць — гэта тупік. Колькі можна займацца пустым? Выйсьці трэба адзін раз і разам вырашыць галоўнае пытаньне. Але гэты ўсенародны выступ трэба рыхтаваць, а не пасылаць людзей на драбязу.
22.09.2011 17:15
Марта:
Надзьмуты да вялізных памераў цэпэлін “маўклівага пратэсту” здзьмуўся з пшыкам. У беларусаў не прынята выпендрывацца ў абстрактныя формы: пляскаць, тупаць, скакаць, задзіраць ногі або рукі, круціць азадкам — рабіць усё гэта пад шыльдай сур'ёзнай тэмы. А абарона Бацькаўшчыны ад акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму — гэта самая сур'ёзная цяпер тэма. Як толькі пачалося гэтае плясканьне-дрыганьне, многія разумныя людзі не прынялі яго. З 1988 года наш народны авангард — Народны Фронт — змагаецца пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і Пагоняй. А тут груповачка віртуальных і да таго ж русскоязычных маладзёнаў наладжвае нам “маўклівы пратэст”. Людзй зьневажаюць, бьюць, арыштоўваюць, а яны ў ладкі пляскаць павінны — дзікі абсурд. Урэшце да бальшыні беларусаў дайшло, што гэта абсурд. Больш не дазволім маніпуляваць сабой. Прыслухаемся да Зянона Пазьняка. Ён ужо даў свой прагноз: разьвязка набліжаецца, вызваленьне блізка. Толькі трэба не флэш-мобы рабіць, а рыхтавацца да сур'ёзных падзеяў, у якіх усё будзе вырашаць народ.
22.09.2011 07:47
Рурык:
Урэшце нашы людзі па ўсёй краіне паўнавартасна і адэкватна ацанілі пустую і дурнаватую задумку расейскамоўных арганізатараў мерапрыемства. Нашы людзі не прышлі на гэты вадэвіль з апладысмэнтамі і глуханямым стаяньнем-хаджэньнем. Будзем спадзявацца, што псэўдаапазыцыі давядзецца шукаць новы спосаб тлуміць голаў беларусам. Але з кожным разам усё цяжэй рабіць з нас блазнаў і паяцаў. А некаторыя так прывыклі займацца гэтым. Наш народны выступ адбудзецца ў бліжэйшай будучыні. Выйдзем мільёнамі і толькі адзін раз — раз і назаўжды, каб пазбавіць краіну ад акупацыйнага рэжыму. Пляскаць у ладкі ня будзем, гэта дакладна. Будзем ўздымаць над сабой бел-чырвона-белыя сьцягі і выразна фармуляваць патрабаваньне пра вызваленьне радзімы.
22.09.2011 07:52
Данута:
Больш няма дурных хадзіць на вашыя карагоды з плясканьнем-тупаньнем. Людзі скемілі, што маюць справу з палітычным жульніцтвам і правальнай задумкай асобаў, што кіруюцца русскоязычнымі “сацсеткамі”. Будзем рыхтаваць усенародны пратэст — магутны і пераможны, пад нацыянальнымі сымваламі і ў беларускай мове. Сурагат больш ня пройдзе.
Янка Базыль