ТОЛЬКІ СВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЎЛАДА СТВОРЫЦЬ УМОВЫ ДЛЯ ГОДНАГА ЖЫЦЬЦЯ ЛЮДЗЕЙ
“Ніякую праблему нельга вырашыць на тым жа ўзроўні, на якім яна ўзьнікла” Альберт Эйнштэйн
Большая частка беларускага насельніцтва нарэшце зразумела, што на першых і апошніх свабодных дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбарах, паверыўшы папулісцкім абяцаньням аднаго з кандыдатаў, прывяла да ўлады чалавека, якому абсалютна чужыя нацыянальныя інтарэсы беларускага народа, яго мова, яго культура, яго маёмасьць і дабрабыт ды і ўвогуле сам беларускі народ для яго чужы. Што ж, як кажуць нашыя людзі, лепш позна зразумець, чым ніколі. Ад тых выбараў мінула больш за 17 гадоў.
Дык што ж зрабіў гэты чалавек для народа, які даверыў яму вышэйшую дзяржаўную пасаду?
З таго, што абяцаў, — нічога.
Карупцыянераў не пасадзіў. Замест іх у турмах сядзяць палітычныя апаненты.
Страчаныя ў банках пад час інфляцыі пачатку 90-х грошы, людзям не вярнуў ні грашыма, ні халадзільнікамі, ні тэлевізарамі. Больш за тое, сёлета раскруціў такую інфляцыю, ад якой беларускі народ зьбяднеў болей чым у тры разы. Пры гэтым працэс зьбядненья не толькі не спыняецца, а паскараецца вельмі хуткімі тэмпамі.
Заводы “запусціў” хіба што так, як запускаецца дойная карова перад ацёлам. Толькі “ацёла, пасьля якога зьяўляецца малако”, на тых заводах нешта не прадбачыцца.
Затое шмат чаго ён зрабіў для задавальненьня сваіх асабістых інтарэсаў.
1. Стварыў сабе, па яго ўласным прызнаньні, “царскія паўнамоцтвы”.
2. Пазбавіў народ магчымасьці пераабраць яго праз свабодныя дэмакратычныя выбары, празь якія сам прыйшоў да ўлады. Стварыў такую “выбарчую сістэму”, якая заўсёды збяспечвае яму “элегантную перамогу”, бо падлік галасоў не падкантрольны грамадзтву.
3. Дзеля ўмацаваньня асабістай улады разбурыў асноўныя дзяржаўныя інстытуты.
3.1 Ліквідаваў паўнавартасны парламант. А тое, што замест яго існуе (далей — яно) ўжо шмат гадоў не прызнаецца ніводнай цывілізаванай краінай сьвету, паколькі яно не абіраецца на свабодных дэмакратычных выбарах. Любы закон, які яно прымае, можа быць адменены ўказам Лукашэнкі, бо свайму ўказу ён надаў аднолькавую з законам сілу. Акрамя таго, яно пазбаўлена магчымасьці ажыцьцяўляць кантроль над дзяржаўным бюджэтам і маёмасьцю. Яно нават не мае неабходных для гэтага сродкаў парляманцкага кантролю, такіх, як, напрыклад, Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь, што існавала ў далукашэнкаўскі перыяд. У выніку дайшло да таго, што калі аднойчы адзін з дэпутатаў гэтага “яно” пры абмеркаваньні бюджэту нясьмела задаў пытаньне тагачаснаму міністру фінансаў Мікалаю Корбуту: “Якія сродкі атрымлівае наша краіна ад гандлю зброяй, і як яны выкарыстоўваюцца”, то міністр шчыра прызнаўся: “Я ня ведаю, бо гэтыя сродкі праз бюджэт не праходзяць”. І ні ў каго з прадстаўнікоў гэтага яно ня ўзьнікла пытаньне: “А куды ж ідуць гэтыя сродкі і колькі іх?” на такое пытаньне сьмеласьці ў яно не хапіла.
Усьведамляючы сваё нікчэмнае становішча, яно сьвядома ўносіць у многія законы такія палажэньні, якія даюць права Лукашэнку адмяняць гэтыя нормы закона. Напрыклад, у некаторых законах, каб дагадзіць “уладару”, пасьля ўстаноўленай нормы яно звычайна піша, “если иное не установлено Президентом Республики Беларусь”. Ці ж гэта заканадаўчы орган незалежнай дэмакратычнай краіны? Такое не змог бы прыняць ніводны парламент сьвету. Гэта ёсьць прыклады, якія красамоўна пацьвярджаюць адсутнасьць у нашай краіне паўнавартаснага парламенту.
3.2 Зрабіў усё, каб суды не зьяўляліся незалежнай галіной улады. Цяпер яны залежныя ад рэжыму і поўнасьцю яму падкантрольныя. Такія суды засудзяць любога, нават не вінаватага, чалавека, калі ён не падабаецца рэжыму. Прыкладаў, вядома, шмат.
3.3 Урад ён зрабіў абсалютна бяспраўным і не самастойным. Гэты урад, не маючы неабходных паўнамоцтваў, існуе толькі для таго, каб у пэўны час панесьці адказнасьць за вынікі не сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі.
4. Манапалізаваў сродкі масавай інфармацыі.
5. З шырокага ўжытку выціснуў беларускую мову — жыватворчую крыніцу годнага жыцьця беларусаў і найбольш эфектыўную зброю абароны нацыянальных інтарэсаў. Каб падкрэсліць непрыязнае стаўленьне да беларускай мовы, ён свайго малодшага сына аддаў у расейскамоўную школу, дзе ўсё выкладанне ідзе па-расейску, а беларуская мова, па словах дырэктаркі школы, будзе як другая замежная. Вельмі цяжка, проста немагчыма знайсці людзкія словы, каб даць ацэнку такому ўчынку чалавека, які займае вышэйшую дзяржаўную пасаду.
6. Мэтанакіравана разбурае сістэму беларускай адукацыі, пра што яскрава сьведчыць пастаянна зьніжаемы ўзровень ведаў выпускнікоў школ па ўсіх прадметах. Месцы ў беларускіх ВНУ пачалі займаць двоечнікі і троечнікі. Сытуацыя не толькі не паляпшаецца, а з кожным годам становіцца яшчэ горшай.
7. Разбурае беларускую эканоміку. У выніку зьніжаецца канкурэнтаздольнасьць найбольш важных відаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, расьце адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балансу — аднаго з важнейшых макраэканамічных паказчыкаў. Гэта — адна з галоўных прычын сёньняшняга валютна-фінансавага крызісу.
8. Сьвядома стварыў спрыяльныя ўмовы для алкагалізацыі, дэградацыі і выміраньня нацыі.
9. Забараніў спрадвечныя нацыянальныя дзяржаўныя сымвалы — гэрб “Пагоню” і сьвяты Бел-Чырвона-Белы сьцяг, а дзяржаўнымі сымваламі абвясьціў штучныя сымвалы савецкага часу, якія не адпавядаюць сапраўднай беларускай гісторыі.
10. Спрыяе катастрафічнаму падзеньню маральнага ўзроўню грамадзтва, прычым у значнай ступені асабістым прыкладам.
11. Сёньняшняя Беларусь — эўрапейскі і сусьветны лідар па колькасьці асуджаных і па колькасьці міліцыянераў на 100 тысяч насельніцтва, а таксама лідар па самазабойствах.
12. Каб працягнуць далей сваё ганебнае існаваньне, гандлюе нацыянальнай маёмасьцю, набытай многімі папярэднімі пакаленьнямі беларусаў.
Пералік вынікаў яго разбуральнай дзейнасьці можна бясконца працягваць. Але, каб лепш зразумець яго антынародную сутнасьць варта больш глыбока ўсьвядоміць хаця б частку зь яго апошніх прапаноў. Вось некаторыя зь іх.
Ён загадвае стварыць такія эканамічныя ўмовы дзеля адабраньня грошай у насельніцтва, пры якіх людзі самы панясуць у беларускія банкі ўсю сваю валютную наяўнасьць, паколькі, па яго зьвестках, на руках у людзей знаходзіцца 7 млрд. даляраў. Што гэта за ўмовы, няцяжка здагадацца. У савецкі час у людзей валюты не было. Ды і новая старшыня нацбанку падказвае, што валюта людзям не патрэбна. А вось для ўмацаваньня рэжыму 7 мільярдаў даляраў адабраць хочацца.
А чаго варта яго патрабаваньне, каб пасьпяховыя прадпрымальнікі, якія маюць звышпрыбыткі, падзяліліся сваімі грашыма зь дзяржавай (а хто не падзеліцца, ад таго адбяруць). Што гэта можа абазначаць? Ці не чарговая гэта экспрапрыяцыя?
Падобна на тое, што цывілізаваныя шляхі вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблемаў яму не вядомыя. А калі вядомыя, то асабіста яму такія шляхі не падыходзяць.
А дзеля чаго, ці для каго прынята дамоўленасьць аб магчымасьці выкарыстаньня калектыўных сіл аператыўнага рэагаваньня (КСАР) “пры звароце законна абранага кіраўніка дзяржавы ў выпадку неабходнасьці абароны канстытуцыйнага ладу ў гэтай краіне”? Ці ж не зразумела, што намерваецца зрабіць у Беларусі гэты чалавек?
Як мне, дык відавочна, што кожны дзень знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе прыносіць маёй роднай краіне найвялікшыя страты.
Мікалай Крыжаноўскі
дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня