РЭЖЫМ ТРЫЗЬНІЦЬ ПРА ПУТЧ

Работнікі міліцыі апошнім часам пачалі пытацца ў сваіх неміліцэйскіх суседзяў і знаёмых: “А што рабіць?” Справа ў тым, што начальства актыўна прамывае ім мазгі і наладжвае трэніроўкі на тэму здушэньня масавых пратэстных выступаў насельніцтва. Як вядома, пакуль яшчэ такіх масавых пратэстаў няма. Але начальства ўпэўнена, што абавязкова будуць. Беларусы кажуць людзям у пагонах, каб яны не выконвалі злачынныя загады і не душылі ўласны народ. Падказваюць таксама, што пасьля падзеньня рэжыму будзе наладжаны трыбунал над тымі, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады.

Беларусы падказваюць людзям у пагонах, каб яны далучаліся да беларускага народа, часткай якога яны зьяўляюцца. Вось такім абаронцам правапарадку будзе гонар і слава. Днямі сам Лукашэнка ўнёс крыху яснасьці ў гэтую тэму. Выступаючы перад сваёй намэнклятурай ён прагаварыўся перад тэлекамэрай: “Я попросіл діректоров предпріятій, чтобы оні массово не увольнялі людей до Нового года...” Атрымліваецца, што пасьля Новага году будзе можна масава звальняць людзей. Рэжым прадугледжвае таксама поўны эканамічны і фінансавы калапс у апанаванай ім Беларусі. З нетраў намэнклатуры ўжо чуюцца паведамленьні аб тым, што ёсьць рэжымны праект аб звальненьні з працы (выкідваньні на вуліцу) 1 мільёна чалавек (гэта адпавядае якраз плянам Крамля (!).

Мільён работнікаў, як можна меркаваць, ня будуць мерзнуць на вуліцы і чакаць галоднай сьмерці. Яны дадумаюцца нагадаць пра свае правы і абавязкі ўлады. І тут начальнік рэжыму папулярна патлумачыў, што зьбіраецца рабіць.

12 верасьня было абвешчана аб утварэньні нейкага новага “Сьледчага камітэту”, які будзе падпарадкоўвацца “непасрэдна прэзыдэнту”. Цікава, і навошта “прэзыдэнту” спатрэбіўся гэты неканстытуцыйны ворган, калі пракуратура і іншыя і без таго адладжана працуюць на рэжым? Прыкметна, што загад аб гэтым “сьледчым камітэце” уступае ў сілу з 1 студзеня 2012 года. Што называецца, “с Новым годом, товарішчі”.

Гэтыя дадзеныя і захады дыктатуры дазваляюць меркаваць, што рэжым рыхтуе, магчыма, нейкі свой новы путч на пачатак студзеня 2012 года і ўжо лепіць пад сабой “законадаўчую базу” у выглядзе “сьледчага камітэту”, воргану путча, які будзе рэалізоўваць масавыя рэпрэсіі ў нашай краіне. Інфармацыя і тэндэнцыі вельмі трывожныя. Важна, каб наш народ не напалохаўся і не разгубіўся, а рыхтаваўся да абароны Бацькаўшчыны ад путча. Узурпатар уваліцца ў сваю яму.

Янка Базыль