АБ ТЭНДЭНЦЫЯХ У ГРАМАДЗТВЕ І ЎЛАДЗЕ
(Ліст да сяброў верасьнёўскага Сойму КХП-БНФ.)
... Становішча сапраўды зьмяняе межы ранейшых дачыненьняў у Беларусі. Найперш гэта тычыцца зрухаў у грамадзкай сьвядомасьці і ў паводзінах узурпатара ўлады.
Адносна цяперашняга стану грамадзтва мы не павінны, аднак, мець ілюзіяў, што нешта станецца само сабой. Зрухі гэтыя не глыбокія, бо пагрунтаваныя ў асноўным на сацыяльных і эканамічных цяжкасьцях. Наша задача выкарыстаць гэты стан дзеля больш грунтоўнай нацыянальнай асьветы грамадзтва, бо яно цяпер здольнае ўспрымаць ідэі. Калі салідарнае нацыянальнае жыцьцё і свабода стануць патрэбнасьцю людзей, тады будзе і асэнсаваная барацьба і перамога. Мы гэта ўжо ведаем з гісторыі змаганьня Народнага Фронту.
Наша асьвета цяпер (прынамсі да канца году) павінна ісьці пад сьцягам 20-годдзя Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Матэр'ялы ёсьць. Памятайма, што гэта нашая найбольшая палітычная каштоўнасьць, найбольшы здабытак і найвялікшае палітычнае дасягненьне, якое зьмяніла гісторыю. Пад гэтым сьцягам трэба рыхтавацца і да Дзядоў, і да ўгодкаў Слуцкага Збройнага чыну, і да іншых мерапрыемстваў.
Другі аспэкт, што вынікае з цяперашняга стану ўлады і грамадзтва, — гэта паводзіны ўзурпатара і палітыка Расеі. Мы бачым, што ягоная хворая псіхалогія выбудоўваецца ў полі афрыканскіх паняцьцяў Кадафі. Ён імкнецца заручыцца падтрымкай Масквы, каб яна (у выпадку, калі рэжым захістаецца, а народ падымецца) увяла ў Беларусь сваё войска дзеля абароны ўзурпатара. І Масква паабяцала яму гэта. Іхняя палітыка, як бачым, набывае дзікія рысы 30-х гадоў.
Мы павінны ўлічыць гэты панічны паварот іхняга палітычнага думаньня, бо выснова тут відавочная: Лукашэнка не павінен больш заставацца ва ўладзе. І гэта праблема тэрміновая. Яна вымагае хуткага, дакладнага аналізу і дакладных палітычных дзеяньняў.
На сёньняшні дзень добра зразумелае тое, што гэтую выснову трэба пашыраць у грамадзтве, паказваць на вялікую небясьпеку для людзей, нацыі і грамадзтва, калі ўзурпатар і надалей будзе сядзець на месцы беларускага прэзыдэнта і нішчыць народ. Ён гатовы яго абрабаваць да ніткі (забраць усе грошы) і аб'яўляе пра гэта. Ён гатовы запрасіць чужое войска (што абазначала б страту незалежнасьці), каб яно забівала беларусаў, дзеля захаваньня ягонай над імі ўлады. Гэта думаньне і паводзіны вар'ята. І чым хутчэй такое будзе спынена, тым бясьпечней для людзей і краіны.
Жыве Беларусь!
Зянон Пазьняк
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
11 верасьня 2011 г.