БЕЛАРУСЬ ВЫРАТАВАЎ НАРОДНЫ ФРОНТ
Праз 20 гадоў усе мы, — удзельнікі тых падзеяў, — у дэталях успамінаем той драматычны дзень — панядзелак 19 жніўня 1991 года. Сапраўды, нечакана для самых сябе дзесяткі тысячаў беларусаў і мільёны жыхароў савецкай імпэрыі зрабіліся суб'ектамі гістарычнага працэсу. Можа гэта да канца не ўсьведамлялася, можа не было адмысловай фармулёўкі, але кожны, хто ў той дзень ішоў не на працу, не па сваіх справах, а на барыкады і плошчы, каб далучыцца да абаронцаў свабоды і незалежнасьці, разумеў сваю асабістую адказнасьць за агульную, народную справу. Ніхто ня ведаў, чым гэта ўсё скончыцца. Многія былі гатовыя памерці ў той дзень, але не саступіць крамлёўска-лубянскім путчыстам.
Для мяне зьвестка пра путч прагучала з радыёпрыёмніка раніцай: “У цэнтар Масквы накіроўваюцца танкавыя калёны. Каля Белага дому зьбіраюцца тысячы людзей...” Хаця жыў я не ў Маскве, а ў Менску, але адразу зразумеў (як і ўсе “савецкія людзі”), што гэтыя падзеі непасрэдна тычацца ўсіх нас. Што гульні ў “дэмакратыю-перастройку”, якія з пераменным посьпехам вяліся зь лютага 1985 года, завяршаюцца адкрытым наступам цемрашальскай савецкай рэакцыі. У адрозьненьні ад безьлічы русістаў і саветолагаў ва ўсім сьвеце, якія на розныя лады камэнтуюць тыя падзеі, мы зусім ня думалі тады пра Гарбачова і ягоны лёс. Першыя думкі палітычна актыўных людзей былі пра лёс уласнай сям'і, пра сваё жыцьцё і пра нашу Бацькаўшчыну. Было зразумела, што ў гэты дзень будзе вырашацца ўсё.
На плошчы ў цэнтры нашай сталіцы (цяпер пл. Незалежнасьці) перад будынкам Вярхоўнага Савету раніцай сабралося няшмат людзей, чалавек можа 120-150. Мужчыны і жанчыны трымалі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, твары ва ўсіх былі сур'ёзныя. Страху не было. Усе дзяржаўныя і калядзяржаўныя структуры рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Памятаю, як праз плошчу праехаў вялікі турыстычны аўтобус-лайнэр, у якім сядзелі нейкія замежнікі з спакойнымі фізіяноміямі. Экскурсаводка энэргічна махала рукамі і нешта ім распавядала. Пазьней знаёмыя з “Інтурыста” сказалі мне, што начальства загадала ім у дні путча паведамляць кліентам: “Гэта ў Маскве падзеі, а ў нас тут усё спакойна...” Хаця большасьць беларускіх грамадзянаў таксама не ўключылася ў тое, што адбывалася. Але ў працоўных калектывах, зразумела, праца ў той дзень не заладзілася. Усе абмяркоўвалі путч і яго магчымыя наступствы. Нямногія (зь ліку стукачоў, але некаторыя таксама і “по веленію сердца”) гукалі: “Так ім і надо! Вот теперь наведут наконец-то порядок!” У некаторых працоўных калектывах мясцовыя расейцы бегалі па тэрыторыі і кабінэтах, шукаючы фронтаўскіх актывістаў, каб расправіцца зь імі. Толькі нашы актывісты ў той дзень не сядзелі на працоўных месцах.
У фронтаўцаў была адна думка: “Што скажа Зянон Пазьняк? Дзе ён?” Гадзінаў каля 12.00 у Доме-музэі Максіма Багдановіча адбылося надзвычайнае паседжаньне Сойму і Управы БНФ “Адраджэньне”. Зянон Пазьняк спакойна тлумачыў прычыны падзеяў і заклікаў сяброў арганізоўваць супраціў. “Путч не падрыхтаваны. Інакш мы тут з вамі не сядзелі б...” — сказаў Старшыня. Гэта потым мы даведаліся, што на чыгуначнай станцыі Радыятарная рэжым ужо сабраў быў вагоны з закратаванымі шыбамі, а нашы імёны былі ў сьпісах на арышт.
Ужо пад вечар 19 жніўня людзей і нацыянальных сьцягоў на плошчы перад Вярхоўным Саветам значна паболела. Я зь некалькімі хлопцамі паехаў на легкавой машыне, каб забраць з хованкі фронтаўскую імправізаваную складную трыбуну-подыюм. Толькі мы адкрылі гараж з нашай хованкай, як да нас падскочыў міліцэйскі патруль: “А вы что тут делаете, а?” Паразмаўляўшы зь імі хвілін дзесяць, мы забралі подыюм і паехалі на плошчу. Стала зразумела, што нават у першы дзень путча рэжымныя структуры не рашаліся дзейнічаць жорстка. Яны, як высьветлілася потым, чакалі загаду з Масквы. А там былі свае праблемы.
Толькі мы склалі трыбуну-подыюм, на яе ўступіў Зянон Пазьняк і зьвярнуўся да людзей з яркай прамовай. Вакол яго стаялі дэпутаты Апазыцыі БНФ. Па ўсім адчувалася, што вось гэта і ёсьць сапраўнае кіраўніцтва Беларусі. Яны, а не Дземянцей, Кебіч або яшчэ якая намэнклатура ўвасаблялі тады народны супраціў крамлёўска-лубянскаму путчу. А ўсе разам — дэпутаты-фронтаўцы і патрыёты па ўсёй Беларусі — былі той новай Беларусьсю, якая пасьля двух стагоддзяў расейскай акупацыі заяўляла аб аднаўленьні сваёй дзяржаўнай незалежнасьці і разрыве фэадальных адносінаў з Імпэрыяй Зла.
У дні путча многія людзі, якія былі ў Фронце, раскрыліся, паказалі сваю сапраўдную сутнасьць. Напрыклад, у Пінску народным супрацівам путчыстам кіраваў фронтавец Яўген Шатохін. Мясцовыя камунякі не чакалі такой рашучасьці ад чалавека мірнай прафэсіі, таленавітага мастака-графіка. Яўген Шатохін начале фронтаўскіх структураў спыніў дзейнасьць КПСС і ВЛКСМ у старажытным горадзе, заняў і апячатаў будынкі гэтых бальшавіцкіх кантораў, узьняў над Пінскам пераможны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.
Першы дзень путча заканчваўся ў трывозе. Змаганьне працягвалася. Але фронтаўцы ўжо адчулі, што імпэрыя захісталася. З усіх канцоў імпэрыі паступалі зьвесткі пра тое, што мільёны патрыётаў злучаюцца ў супраціве ГКЧП, што ў рэспубліканскіх парлямантах і Маскве верх бяруць антыпутчысцкія сілы. Ужо заўтра стала вядома, што ГКЧП лётаў у Крым да Гарбачова (які, па некаторых зьвестках, быццам бы быў прызначаны начальнікам путча, ды ў рашаючы момант здрадзіў сваёй хунце). Фароскі “палонны” нават не пусьціў іх на парог сваёй дачы. Путч пачаў валіцца, першымі абвясьцілі аб сваёй дзяржаўнай незалежнасьці парляманты Эстоніі і Латвіі (Летува зрабіла такую дэкларацыю яшчэ ў сакавіку 1990 года). Змаганьне завяршылася перамогай, 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб незалежнасьці Беларусі статус канстытуцыйнага закона.
Пасьля стыхійных сьвяткаваньняў на плошчы перад будынкам Вярхоўнага Савету я ўвайшоў у салон аўтобуса. Галава яшчэ была поўная яркіх уражаньняў, сэрца радасна калацілася. А вакол былі спакойныя (як тыя замежнікі ў “лайнэры”) фізіяноміі пасажыраў, занятых выключна сабой. Падумалася: “Адбываецца такое! А ім хоць бы хны...” У наступныя гады многія беларусы так і ня выйшлі з гэтага аўтобуса, так і засталіся пасіўнымі пасажырамі гістарычнага працэсу. Занятыя сваім камфортам, яны па-свойму камэнтавалі перамены ў жыцьці: “А я думал, что всё само собой получілось...” І не зьдзіўляліся, што раптам адкрыліся дзяржаўныя межы для паездак, стала магчымым займацца бізнэсам і казаць, што думаеш. Абывацелю здавалася, што ўсё гэта яму звалілася зь неба. Толькі той, хто змагаўся, ведаў, што гэта адваяваў для народу Беларускі Народны Фронт.
У гістарычнай навуцы ўяўленьне — гэта ёсьць забаронены прыём. Але давайце на момант умоўна перакрочым праз забарону і ўявім сябе, што было б, калі б у нас не было Фронта і нацыянальнага лідэра Зянона Пазьняка. Беларусь у 1991 годзе засталася б “на правах аўтаноміі” у складзе Расейскай Фэдэрацыі. Колькі б нашых юнакоў і мужчын загінулі і былі б скалечаны на Каўказкай вайне? І лукашызм не спатрэбіўся б для разгрому беларускай народнай гаспадаркі, культуры ды бізнэсу. Усё было б разгромлена Масквой ужо даўно, больш хутка і грунтоўна. У жніўні 1991-га Народны Фронт выратаваў Беларусь.
Але ўлада засталася ў камуністычнай намэнклятуры. “Вораг захапіў народную крэпасьць”. — як вызначыў Зянон Пазьняк. У нашай вызваленай краіне атабарыўся пачварны рэжым антыбеларускай здрады, які выконвае волю імпэрскай Масквы па зьнішчэньню беларускага народу і нашай эўрапейскай цывілізацыі. Да апошняга часу многія з грамадзянаў не разумелі таго, што адбываецца зь імі і з краінай. Іх задавальняў той камфорт, які яны здолелі стварыць для сябе за гады незалежнасьці. Яны верылі заявам хунты пра “стабільнасьць” і “прагрэс”. Іх не хваляваў лёс зьняважанай беларускай культуры і мовы. Яны ўжо і забыліся пра перамогу Народнага Фронту. Але аказалася, што крымінальнікі могуць дзейнічаць толькі па-крымінальнаму. У цяперашні час хунта рэалізуе на нашай тэрыторыі маскоўскі праект з папулярнай у рэцыдывістаў формулай: “Адкарміць і закалоць кабанчыка”. Як толькі беларусы накапілі грошай на банкаўскіх рахунках, набралі крэдытаў, прызвычаіліся да валюты ў сваіх руках, дзяржкрымінальнікі абвалілі фінансава-эканамічную сістэму Беларусі і абрабавалі мільёны нашых людзей. Многія беларусы апынуліся ў пастцы.
Што ж рабіць? А рабіць трэба тое, што рабілі ў жніўні 1991-га: гуртавацца вакол Беларускага Народнага Фронту — авангарда беларускага народа, вакол нацыянальнага лідара Зянона Пазьняка. Рабіць трэба тое, да чаго “не дашлі рукі” у многіх з нашых суграмадзянаў у тыя жнівеньскія дні. Падзеі ставяць перад намі ўсімі альтэрнатыву: або мы пазбавімся ад хунты, або крымінальная гадзіна зьнішчыць нашу краіну і нас. Ад гэтай альтэрнатывы ня ўдасца ўцячы ні на падработкі ў Маскву, ні ў “далёкае замежжа”. Калі кожны беларус усьведаміць сваю асабістую адказнасьць за свой і народны лёс, а грамадзтва будзе дзейнічаць салідарна, то наша Рэвалюцыя пераможа імпэрыю, як перамагла яе два дзесяцігоддзі таму.
Валеры Буйвал