ЗАМЕЖНЫ ДРУК (15–18.08.2011)
Перамога народаў
15 жніўня 2011 г. швайцарская газэта “Tribune de Geneve” напісала пра інтэрв'ю М. Гарбачова для “Россійской газеты”. Гарбачоў прызнаўся, што прэзыдэнт ЗША Буш за два месяцы да падзеяў патэлефанаваў яму ў Крэмль і папярэджваў, што рыхтуецца путч. Цяпер Гарбачоў кажа пра сваю тадышнюю рэакцыю: “Я падумаў, што трэба быць ідыётамі, каб пайсьці напралом... Але, на жаль, гэта сапраўды былі ідыёты”.
Наш камэнтар: Дагэтуль Гарбачоў не прызнаецца, што і ён цудоўна ведаў пра падрыхтоўку путча. Ведаў, таму што, як кажуць злыя языкі, сам быў на чале путчысцкай хунты. Але, калі настаў “дзень Х” і з першых імгненьняў путч пачаў правальвацца, Горбі здрадзіў сваім супольнікам і абвясьціў сябе “ахвярай путчыстаў”. Путч праваліўся, таму што народы салідарна паставіліся на супраціў рэстаўрацыі саўдэпіі. Вось гэта было галоўнай прычынай няўдачы путчыстаў і перамогі незалежніцкіх сілаў.
Алесь Хадасевіч
Рацыянальны цуд
15 жніўня 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што прэзыдэнт Польшчы Камароўскі прызначыў 15 новых генэралаў Войска Польскага. Сьвята ўзброеных сілаў Польшчы адзначаецца ў гэты дзень у памяць пераломных падзеяў бітвы за Варшаву (“цуд над Віслай”). На месцах баёў і на магілах герояў адбыліся ваенныя і рэлігійныя цырымоніі, былі ўскладзены вянкі.
Наш камэнтар: 13-14 жніўня 1920 г. бальшавіцкая армія падышла вельмі блізка да Варшавы. Троцкі гукаў на ўвесь сьвет: “Да Варшавы 16 вёрстаў, Эўропа наша!” Ленінская хунта сапраўды зьбіралася пасьля разгрому Польшчы ўдарыць “чырвонымі кліньнямі” на Берлін, Рым і захапіць усю Эўропу. Бальшавікі ўжо былі цалкам упэўненыя ў перамозе. Ва ўрадавых колах у Варшаве пачалася паніка, міністры патрабавалі ад Пілсудскага пайсьці на замірэньне з Масквой і ратавацца любым коштам. Але лідар не паслухаў іх. У Варшаве адбываліся патрыятычныя маніфэстацыі. Дзесяткі тысячаў мужчын, — студэнты, рабочыя, сяляне, — запісваліся дабраахвотнікамі і накіроўваліся на фронт.
15 жніўня на варшаўскім напрамку адбываліся цяжкія абарончыя баі пад Радзымінам і Осавам, дзе вырашаўся лёс краіны. Тут бараніліся стомленыя доўгім адступленьнем вайсковыя часткі і атрады дабраахвотнікаў. Колькасная перавага бальшавіцкай арды была вялізная. Пазыцыі некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Каб натхніць байцоў, польскія афіцэры парушылі статут. Замест таго, каб кіраваць наступам з тылу, яны ішлі перад шыхтамі, асабістым прыкладам натхняючы жаўнераў і апалчэнцаў. Пад Осавам разам з афіцэрамі начале шыхтоў ішоў у контрнаступ ксёндз-капэлян Ігнацы Скарупка. Ён загінуў разам з сотнямі вайскоўцаў. Але 15 жніўня бальшавікам не ўдалося прарваць фронт. Ужо на наступны дзень, 16 жніўня ў адказ быў зьдзейсьнены флангавы ўдар з-пад Вепжа. Чырвоныя дывізіі былі разьбіты і пачалі ўцякаць на Усход.
Сучасьнікі назвалі польскую перамогу над імпэрскім ворагам “цудам”. Але ў цудоўных падзеяў былі рацыянальныя прычыны: нацыянальная салідарнасьць народу ў бядзе, сапраўдны лідар і разуменьне кожным з абаронцаў асабістай адказнасьці за лёс айчыны.
Валеры Буйвал
У войску расейскі маразм
15 жніўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла з Варшавы. У палявой катэдры Войска Польскага адбылася імша за айчыну. Падчас урачыстасьці выступіў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Ён сказаў: “Армія зьяўляецца адным з стаўпоў, на якім абапіраецца ня толькі бясьпека нас усіх, але таксама абапіраецца цэлы будынак дзяржавы”.
Наш камэнтар: Здавалася б, як інакш мог бы выказацца прэзыдэнт краіны на тэму арміі гэтай краіны? Інакш нельга.
Але інакш бывае. З Беларускай арміі нядаўна вярнуліся юнакі, што адслужылі тэрміновую службу. Яны распавядаюць, у што ператварыў наша войска лукашыстоўскі рэжым. Паўсюль — камісарска-савецкая “пропаганда і агітація” на мове нашага спрадвечнага ворага, з выявамі Крамля, чырвоных сьцягоў, Суворава-Кутузава і ідыёцкімі “стіхамі”: “Из одного металла льют/ Медаль за бой, медаль за труд!” і г.д. Генэральскія кар'еры робіць шэраг маскоўскіх гастралёраў, якія ня крыюцца з сваёй нянавісьцю да ўсяго беларускага, да нашай дзяржавы, мовы і культуры. Усе іхныя намаганьні накіраваныя на абалваньваньне беларускага жаўнерства і выхаваньне нашых людзей у гатоўнасьці памерці за Расею. Вайсковая тэхніка даведзена да мізэрнага стану. Танкі спыняюцца на маршы з-за паломак. Зрусіфікаваныя афіцэры аддаюць бязглуздыя загады. Падчас апошніх вучэньняў маладыя жаўнеры апынуліся пад артылерыйскім агнём. Калі яны дабеглі да камандзёраў і паведамілі ім пра гэта, тыя адказалі: “Этого не может быть, туда не стрелялі...” Пануе расейскі маразм. Вось да чаго даводзіць русіфікацыя арміі.
Юрка Марозаў
“О літераторе Міцкевіче...”
16 жніўня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла, што амэрыканская паліцыя знайшла скрадзены нядаўна малюнак вялікага нідэрляндскага мастака 17 ст. Рэмбрандта і вярнула яго ў музэй.
Наш камэнтар: У нармальнай краіне ведаюць і ганарацца культурай свайго народу, сочаць за тым, што адбываецца з нацыянальнай спадчынай, якая знаходзіцца за межамі краіны.
У акупаванай Беларусі ўсё наадварот, працуе зьнішчальная антыбеларуская махіна. Днямі па БТ паказалі дыктарку з халодным, непрыемнага выгляду тварам (яны там нібыта з-пад штампу). Скрывіўшы губы, дыктарка брыдкім тонам (імітуючы маскоўскі “говорок”) зрабіла застаўку для відэасюжэту: “Мы напомнім о літераторе Міцкевіче, ізвестном как Якуб Колос...” У відэасюжэце выступалі нашчадкі Якуба Коласа, яны па-беларуску распавядалі пра вялікага песьняра. Але акупанцкае БТ зрабіла ўсё магчымае, каб прадставіць шчыры расповед як рэпартаж з рэзэрвацыі. Нават пры саветах не заўсёды былі такія гнюсныя формы падачы беларушчыны ў Беларусі. Нават тады Коласа дыктары называлі “вялікім беларускім паэтам”. Ратуйма родную культуру ад русіфікатарскай паняверкі, ад дзікага лукашызма!
Юрка Марозаў
У кожнай хунты свой канец
16 жніўня 2011 г. бэльгійская газэта “Le Soir” апублікавала артыкул пад тытулам “Лібія: шэсьць месяцаў паўстаньня, а Кадафі ўсё яшчэ на месцы”. Газэта аналізуе прычыны такой доўгай барацьбы супраць дыктатара.
Наш камэнтар: На наш погляд, галоўнай прычынай цяжкасьці змаганьня супраць Кадафі ёсьць падкрэсьлена нацыянальны характар ягонай дыктатуры. З такімі даць рады сапраўды цяжка.
Іншая справа антыбеларуская хунта, якая з волі Масквы куражыцца ў нашай краіне. Нічога, акрамя русіфікатарства ды “праваслаўнага атэізму”, яна так і ня здолела пакласьці сябе ў аснову. А гэта ёсьць хліпкі базіс. Салідарны народ магутней за прыслужнікаў чужой імпэрыі.
Алесь Хадасевіч
Нішто ня выратуе імпэрыю
17 жніўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Былы дарадчык Барыса Ельцына, адзін з галоўных архітэктараў расейскіх рэформаў пачатку 90-х гадоў, сказаў, што Расея можа распасьціся, так як 20 гадоў таму гэта здарылася з Савецкім Саюзам, калі ўлады не мадэрнізуюць краіну. Генадзь Бурбуліс, які быў разам зь Ельцыным, калі той ускараскаўся на танк, каб кіраваць праціўнікамі путча Янаева ў жніўні 1991 г., заявіў, што праз 20 гадоў у Расеі няма дэмакратыі, грамадзянскай супольнасьці і свабоды СМІ”.
Наш камэнтар: Калі крамлёўскія фігуры апынаюцца на пэнсіі па-за крамлёўскімі мурамі, ад іх можна пачуць цікавыя канстатацыі. Зразумела, што ФСБ (якое займае ў імпэрыі месца даўняй КПСС) ня будзе “мадэрнізаваць Расею”. Нішто ня выратуе імпэрыю ад распаду.
Юрка Марозаў
Позна дайшло
18 жніўня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Я быў мягкі, прызнаўся Гарбачоў”. Былы генсек КПСС і прэзыдэнт СССР у сувязі з 20-годдзем правальнага путчу ўспамінае. Кажа, што трэба было выслаць Ельцына амбасадарам у Брытанію або ў якую былую брытанскую калёнію. Трэба было выйсьці з КПСС і заснаваць дэмакратычную партыю рэформаў. Экспэрт па постсавецкіх дзяржавах Андржэй Саўкуп сказаў на гэта, што ў Ельцына было надта шмат сілаў. Каб ні Ельцын, путч мог бы ўдасца. Але далей экспэрт прызнае, што СССР максімальна праіснаваў бы 2-3 гады.
Наш камэнтар: Добра, што Гарбачоў прызнаецца ў тым, што зразумелі ўжо мільёны людзей. Палахлівы вярхоўны начальнік пакінуў у рашаючы момант сваю хунту і схаваўся ў Крыме. Добра, што на ягоным месцы ня быў Ельцын. Гэты п'яны сібірскі бузацёр не спыніўся б перад бамбардоўкамі сталіцаў саюзных рэспублік і не пабаяўся б забіць мільёны людзей у імя саўдэпіі. Гэта добра разумеў старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, які ў жніўні 1991 г. зьвярнуўся да ўсяго беларускага грамадзтва (нават да камуністаў) з заклікам абвяшчаць і мацаваць незалежнасьць Беларусі, каб не застацца ў ельцынскай “дэмакратычнай” Расеі. Тады, пасярод эйфарыі і захапленьня “першым дэмакратам Масквы” Ельцыным, многія нават разумныя людзі не адразу зразумелі, пра што гаворыць сп. Пазьняк. Праз пэўны час да ўсіх дайшло.
Алесь Хадасевіч
Зноў пішуць пра дрэнь
18 жніўня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла, што арганізацыі гомасэксуалістаў і лесбаў плянуюць правесьці акцыю пратэсту ў прысутнасьці Рымскага Папы Бэнэдыкта XVI падчас ягонага візыту ў Мадрыдзе. Яны зьбіраюцца публічна цалавацца перад пантыфікам. Збачэнцаў будзе каля 300. На дні каталіцкай моладзі ў Мадрыд зьехалася больш за мільён хлопцаў і дзяўчат з усяго сьвету.
Наш камэнтар: Ня дрэнь, а нармальнасьць павінна бачыць каталіцкая Іспанія і ўвесь сьвет.
Алесь Хадасевіч
Балаган у Бэльгіі
18 жніўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала з Бэльгіі. Там французкі бізнэсовец Рашыд Нэказ заплаціў у судзе штраф па 50 еўра за двух жанчын, якія былі аштрафаваны за тое, што хадзілі па вуліцах у бурках (від паранжы). Ён нават стварыў фонд, зь якога будзе аплочваць такія штрафы. У сваім звароце да СМІ Нэказ казаў, што “такім законам парушаюцца правы жанчыны, якая сама носіць, што хоча, і абмяжоўваецца свабода”.
Наш камэнтар: Калі б на радзіме сп. Рашыда (зразумела, што Францыя яму несапраўдная радзіма) нейкія эўрапейкі вырашылі б прайсьціся па вуліцы ў дэкальтэ і мініспадніцах, то было б вельмі добра, каб яны захавалі здароўе і нават жыцьцё. Там ніхто ня стаў бы тэарэтызаваць над “правамі” і “свабодамі”. Там за такое і камянямі могуць забіць.
А ў Эўропе “усё можна”. Пры чым, кожнаму... Эўрапейскія грамадзтвы моцна стаміліся ад усяго гэтага чужынскага балагану і пачынаюць актыўна галасаваць за правыя народныя, хрысьціянскія партыі.
Юрка Марозаў
Імітацыя паліцаі ў Нарвэгіі
18 жніўня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра штогадовы сход Паліцэйскага прафсаюза Нарвэгіі. Сход прыняў рашэньне ўвесьці новае правіла: узброіць нарвэжскую паліцыю. Асабліва горача на гэтую тэму выступалі тыя чыны, якія знаходзяцца на першай лініі змаганьня са злачыннасьцю. Дагэтуль бальшыня паліцэйскіх хадзілі бяз зброі. Частымі былі выпадкі нападу на паліцыю, страляніны і гвалту.
Наш камэнтар: Апошні жудасны тэракт шмат чаму навучыў нарвэжцаў і ў тым ліку паліцыю гэтай краіны. Лібэральная неахайнасьць давяла краіну да трагедыі. Раней палісман ня меў права нават спытаць у грамадзяніна паказаць пасьведчаньне асобы. Гэтым карысталася цемра інтэрнацыянальных жулікаў і крымінальнікаў, для якіх Нарвэгія была месцам беспакаранасьці і “правоў чалавека” (чытай — “правоў злачынца”). Падобна, што вікінгі пакрыху ўспамінаюць, хто ў хаце гаспадар.
Алесь Хадасевіч