IX ЗЬЕЗД КХП — БНФ
27 жніўня сёлета ў Менску адбыўся ІХ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і ХІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. У залі паседжаньняў былі выява Пагоні і шмат нацыянальных Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў. На пачатку Зьезду дэлегаты засьпявалі беларускі гімн “Магутны Божа”. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Наперадзе Адраджэньне” (публікуецца). З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Мікалай Крыжаноўскі, сябра Сойму Фронту і Партыі і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі.
Выступоўцы павіншавалі Зьезд з 20-годдзем вялікай перамогі беларускага народа — аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў жніўні 1991 года. Пройдзены шлях паказаў, наколькі каштоўнай зьяўляецца свая нацыянальная дзяржава. Колькі было б бедаў і ахвяраў, калі б 20 гадоў таму беларусам не ўдалося б вырвацца з расейскай імпэрыі. Цяпер усім нацыянальна сьведамым людзям трэба гуртавацца ў важнай справе асьветніцтва, каб напоўніць наш сувэрэнітэт нацыянальным зьместам, каб беларус сапраўды адчуў сябе гаспадаром на ўласнай зямлі, у сваёй дзяржаве.
Апошнія 17 гадоў былі цёмным пэрыядам у нашай гісторыі. Антынацыянальная, бесчалавечная дыктатура нанесла ўдары па нашай культуры і цывілізацыі, абрабавала мільёны беларусаў. Але нельга апускаць рукі і здавацца на міласьць гвалтаўнікам-чужынцам. На працягу нашай гісторыі ім ня раз ужо здавалася, што ўдалося загнаць беларускі народ у магілу. Але беларусы ўздымаліся і гналі акупантаў прэч з сваёй зямлі ды пачыналі аднаўляць свой нацыянальны дом. Так і цяпер знойдуцца ў нашым народзе сілы, знойдуцца людзі, здольныя арганізаваць супраціў акупанцкаму злу. Актуальная задача нацыянальнага асьветніцтва — стварэньне паралельных беларускіх адукацыйных і культурніцкіх асяродкаў, якія б не былі падпарадкаваны разбуральнаму ўзьдзеяньню антыбеларускай, антыкультурніцкай палітыкі русіфікацыі. Перш за ўсё трэба працаваць з дзецьмі і моладдзю, і пачынаць гэтую працу трэба з беларускай адукацыі і самаадукацыі ў беларускіх сем'ях. Трэба сарваць пляны Масквы па вынішчэньню беларускага духоўнага і культурнага жыцьця.
Усё больш людзей па ўсёй Беларусі разумеюць, што рэжым вядзе краіну да катастрофы і што гэтым працэсам кіруе імпэрская Масква. Важна, што людзі ўспомнілі: аб гэтых тэндэнцыях і гэтай небясьпецы Зянон Пазьняк і Беларускі Народны Фронт папярэджвалі ўжо даўно. На жаль, многім, “ня верылася” у беспэрспэктыўнасьць антыбеларускай дыктатуры, якая жыла хлусьлівымі абяцанкамі і абсурднымі антыэканамічнымі экспэрымэнтамі. Цяпер многія пераканаліся, што сапраўды жывуць у акупаванай краіне і што трэба нам пазбавіцца ад гэтай акупацыі. Дакладчыкі выказаліся па праблемах эканомікі, сацыяльнага і культурнага жыцьця нашай краіны.
Выступілі таксама дэлегаты з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра нашэсьце з Расеі. Расейцы штодня прыязджаюць тысячамі ў беларускія гарады і пасёлкі і скупляюць харчовыя і бытавыя тавары, пакідаючы пасьля сябе пустыя паліцы. Гэта ёсьць вынік дэвальвацыі беларускага рубля і ўступленьня Беларусі ў “мытны саюз” з Расеяй. Усё больш нашых працаздольных людзей вымушаны выязджаць на рабскую працу ў Расею. Расейская дзяржмафія захоплівае нашы прадпрыемствы і беларускі бізнэс. Толькі салідарны нацыянальны супраціў можа спыніць гэтыя дзікія працэсы.
Дэлегаты распавялі таксама аб справах псэўдаапазыцыі, казалі, што беларусам у нацыянальна-вызвольнай барацьбе трэба спадзявацца толькі на свае сілы і народную салідарнасьць. Грантаўскія структуры і ненацыянальныя ўстановы псэўдаапазыцыі паказалі сваю несамастойнасьць і схільнасьць да карупцыі і фактычна дзейнічалі на карысьць Масквы і прамаскоўскага рэжыму.
Дэлегаты абмеркавалі і прынялі Зварот да парлямантароў, урадаў, эканамічных структураў краін сьвету, а таксама рэзылюцыі Зьезду “Аб небясьпечнасьці кіруючага рэжыму”, “Аб беларускай мове” і “Аб недапушчэньні пабудовы Атамнай электрастанцыі ў Беларусі” (публікуюцца).
Адбылося абмеркаваньне і галасаваньне па сябрах кіраўніцтва Фронта і Партыі. Старшынёй Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ быў адзінагалосна абраны сп. Зянон Пазьняк. Былі абраны таксама намесьнікі старшыні Фронту і Партыі сп. Юры Беленькі і сп. Сяргей Папкоў. Быў абраны новы склад Сойму і Управы Фронту і Партыі.
Пасьля заканчэньня працы Зьезду адбыўся сьвяточны канцэрт. Перад грамадой выступіла выдатная сьпявачка Тацьцяна Грыневіч, якая выканала беларускія патрыятычныя і лірычныя песьні пад акампанемэнт гітары. Фронтаўцы віталі цудоўны выступ апладысмэнтамі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
27 жніўня 2011 г.