АБ НЕБЯСЬПЕЧНАСЬЦІ КІРУЮЧАГА РЭЖЫМУ
Фінансавы крызіс, які пачаўся ў Беларусі з пачатку 2011 года, не зьвязаны з агульным сусьветным фінансава-эканамічным крызісам. Ён выкліканы мэтанакіраванай палітыкай Расеі супраць Беларусі і справакаваны рэжымам Лукашэнкі. Мэта такіх дзеяньняў Масквы — разбурыць беларускую фінансава-крэдытную сістэму, абясцэніць беларускі рубель, паралізаваць выплаты па пазыках і падвесьці краіну да дэфолту. У выніку — прымусіць рэжым прадаваць за бясцэнь прыбытковыя прадпрыемствы і завалодаць беларускай эканомікай.
Другі аспэкт гэтай палітыкі, — выклікаўшы беспрацоўе і зьбядненьне беларускага народа пасьля велізарнай дэвальвацыі рубля, сьцягнуць беларускую рабочую сілу ў Расею (праз незаконна адчыненую Лукашэнкам мяжу), пакінуўшы Беларусь на скананьне, а яе эканоміку на лёгкую здабычу рускім алігархам.
Фінансаваму крызісу папярэднічалі штучна створаныя Расеяй так званыя “газавыя”, “нафтавыя”, “малочныя”, “мясныя”, “цукровыя” і іншыя “войны”, уступленьне ў шкодны для Беларусі мытны саюз Расеі і Казахстана, маніпуляцыі рэжыму Лукашэнкі з валютай і рублём у час абясцэньваньня рубля.
Антыбеларуская палітыка Лукашэнкі справакавала і падрыхтавала разбуральныя дзеяньні Расеі супроць Беларусі.
Улада ў Менску ўвесь час дэманструе няздольнасьць і нежаданьне выправіць становішча. Аўтарытарная дзейнасьць гэтага рэжыму стала вельмі небясьпечнай для дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў Беларусі.
Дзеля выпраўленьня становішча мусяць быць хуткія і радыкальныя захады. Першым дзеяньнем такіх захадаў павінна стаць дабраахвотная адстаўка Лукашэнкі. Лукашэнка мусіць тэрмінова пакінуць пасаду. Выпраўляць правал павінны іншыя людзі.
ХІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і ІХ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
27 жніўня 2011 г.
г. Менск