РОБІМ МАБІЛІЗАЦЫЮ ДЗЕЯНЬНЯЎ
(Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
14 жніўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Рыхтуемся да рэвалюцыі” (апублікаваны). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.
Дакладчыкі казалі пра далейшае паглыбленьне сацыяльна-эканамічнага крызісу ў нашай краіне. Людзі па ўсёй Беларусі ўсё больш усведамляюць, што гэты крызіс адмыслова кіруецца імпэрскай Масквой і набывае інтэнсіўнае разьвіцьцё дзякуючы антыдзяржаўным дзеяньням менскіх васалаў Масквы. На сцэну выйшлі імітатары палітычнай дзейнасьці. Яны гукаюць людзей на плошчу Бангалор у Менску на так званае “Народное собраніе”. Іхныя ўлёткі і іншая інфармацыя распаўсюджваецца на расейскай мове. У інфармацыі імітатараў падаецца плян зьвярнуцца да антыбеларускага рэжыму з просьбамі аб аблягчэньні долі беларускага народу, аб “справядлівых выбарах”, “аднаўленьні дакрызісных заробкаў” і г.д. Яны падказваюць беларусам, што трэба прасіць рэжым палепшыцца і пачаць дзейнічаць на карысьць народу.
На першы погляд, гэтыя дзеяньні ёсьць праявай наіўнасьці і інфантылізму. Але займаюцца гэтым “собраніем” асобы, якія вядомыя сваёй дзейнасьцю ў псэўдаапазыцыі ўжо доўгія гады. Яны вадзілі людзей на рэжымныя выбарчыя шоў, мацавалі лукашызм сваім імітатарствам і дэзарыентавалі людзей. Так што іхныя заклікі — гэта сур'ёзны плян па арганізацыі чарговай псэўдаапазыцыйнай пустышкі кшталту “маршаў свабоды” 2000 і 2001 гадоў. Аб'ектыўны сэнс такіх заклікаў (незалежна ад таго, што думаюць ініцыятары) — прадухіліць сацыяльныя дзеяньні, якія пагражаюць існаваньню прамаскоўскага рэжыму.
На самой справе адзіным шляхам выйсьця з крызісу, арганізацыі справядлівых выбараў без Лукашэнкі, вызваленьня нашай акупаванай краіны зьяўляецца ліквідацыя лукашыстоўскай дыктатуры палітычнымі мэтадамі.
Але псэўдаапазыцыйныя імітацыйныя рухі адбываюцца ва ўмовах вялікага скандалу, які апошнім часам разгарэўся вакол фінансавых справаў псэўдаапазыцыі. Усіх (перш за ўсё самых грантаўсккіх дзеячаў) шакіравала лёгкасьць і сістэматычнасьць, зь якой так званыя “фінансавыя донары” здалі рэжыму сваіх кліентаў. Трэба тут нагадаць, што патрыёты-фронтаўцы даўно папярэджвалі псэўдаапазыцыю, што гульня ў прагматызм і палітбізнэс, залежнасьць ад волі грантадаўцаў закончацца скандалам.
Падобна, што завяршаецца чарговы этап ліквідацыі пэўных структураў прамаскоўскай апазыцыі сумеснымі дзеяньнямі лукшызму і Эўразьвязу. Фінансавы скандал разгортваецца адначасова з выдаленьнем псэўда-Фронту з сядзібы ў цэнтры сталіцы. Дзеяньні рэжыму нагадваюць нейкую “зачыстку”.
Псэўдаапазыцыйным пустышкам патрыёты павінны супрацьпаставіць нацыянальнае культурнае і палітычнае асьветніцтва. Грамадзтва павінна рыхтавацца да пераменаў, ствараць сацыяльныя структуры, незалежныя ад рэжыму і яго агентуры. Гуртавацца трэба на ідэі незалежнасьці Бацькаўшчыны, беларускай мове і культуры.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Людзі, што жывуць нават далёка ад межаў з Расеяй, уражаны расейскім патопам. У гарады і мястэчкі штодня прыязджаюць на прыватных аўтамабілях, цягніках і аўтобусах дзесяткі тысячаў расейцаў, гавораць на сваёй моае, як у сябе дома, запаўняюць сабой нашыя рынкі і крамы і скупляюць па “бросавай” (для расейцаў) цане харчовыя прадукты, адзежу, абутак і іншае. Беларусы ня могуць нават праціснуцца праз натоўпы незапрошаных гасьцей, каб купіць ежу для сваёй сям'і. Гэта ёсьць вынік дэнацыяналізацыі і далучэньня Беларусі да шкоднага “мытнага саюза” з Расеяй.
Усё больш людзей разумеюць гэта, некаторыя пачынаюць абараняць беларускія крамы ад патопу. Грамадзтва шукае спосабаў выйсьця з гэтай абсурднай сытуацыі. Трэба да канца растлумачыць нашым людзям, што адбываецца і што трэба рабіць, каб спыніць гэты зьдзек з нашага народу.
Сойм разгледзеў плян мерапрыемстваў па дзейнасьці Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
14 жніўня 2011 г.