ЗАМЕЖНЫ ДРУК (11–12.08.2011)

Дэмакратыя ў абарону сябе

11 жніўня 2011 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра імклівы працэс збору подпісаў праз інтэрнэт у Вялікай Брытаніі. Подпісы зьбіраюцца пад пэтыцыяй у парлямант краіны. Людзі патрабуюць пазбаўленьня сацыяльных ільготаў і сацыяльнага жыльля ўдзельнікаў пагромаў у ангельскіх гарадах. За два дні сабрана ўжо 97 тысячаў подпісаў. Для разгляду пэтыцыі ў парляманце дастаткова 100 тысячаў подпісаў.

Наш камэнтар: Эўрапейскае грамадзтва бароніцца ад крыміналу, выкарыстоўваючы дэмакратычны парадак. Вельмі важна ўмець карыстацца дэмакратыяй у абарону грамадзтва, а не наадварот.

Алесь Хадасевіч


Жывуць нянавісьцю

11 жніўня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала, што амэрыканская інфармацыйная група SITE, якая адсочвае інфармацыю на ісламісцкіх форумах, зрабіла важную выснову. Прыхільнікі Джыхаду заклікаюць далучацца да актаў гвалту ў Брытаніі і выкарыстоўваць іх для сьвяшчэннай вайны Іслама.

Наш камэнтар: Прысутнасьць мільёнаў асобаў чужой мэнтальнасьці і традыцыі ёсьць вялікай пагрозай для эўрапейскага грамадзтва. Асабліва ў пэрыяды сацыяльнай нестабільнасьці. Той, хто жыве нянавісьцю да ўсяго эўрапейскага і хрысьціянскага, заўсёды выкарыстае мясцовыя праблемы і канфлікты.

Алесь Хадасевіч


Кампэнсацыі ў Парагваі

11 жніўня 2011 г. швэдская газэта “Svenska Dagbladet” напісала з Парагваю. Улады Парагваю прынялі рашэньне выплаціць кампэнсацыі ахвярам дыктатуры, якая панавала ў краіне ў 1954-89 гг. 40 мільёнаў даляраў будуць выплачаны на працягу наступных пяці гадоў.

Наш камэнтар: Пасьля падзеньня дыктатуры ў Беларусі таксама будуць прадпрыняты такія дзеяньні. Але толькі пасьля ўважлівай люстрацыі шэрагу асобаў з апазыцыі. Палітімітатарам, палітбізнэсоўцам і палітжулікам, а таксама агентуры рэжыму спадзявацца на сацыяльную кампэнсацыю ня трэба.

Юрка Марозаў


Дрэнны прагноз у Бельгіі

11 жніўня 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што бэльгійскія палітыкі Філіп Муро і Алэн Дэтэксэ выказаліся пра магчымасьць успышкі гвалту ў некаторых кварталах Брусэля на ўзор драматычных падзеяў у Англіі. Бэльгійскія СМІ ўжо даўно паведамляюць пра напружаныя адносіны паміж мясцовым насельніцтвам і маладым пакаленьнем з шматлікай мусульманскай супольнасьці. У кварталах, дзе жывуць імігранты, беспрацоўе дасягае ўзроўню 30-50% (ня хочуць працаваць). Праблемай ёсьць бескантрольная іміграцыя ў Бэльгію.

Наш камэнтар: Гэта ўсё на ўскраінах бэльгійскай сталіцы. А ў цэнтры Брусэля “сімфанічны аркестр Эўразьвязу” пад дырыжорствам Барозу ўсё пілікае пра “правы чалавека”, “шматкультурнасьць” і “шматрасавае грамадзтва”.

Алесь Хадасевіч


Здаюць беларусаў

11 жніўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Польская пракуратура, падобна як і летувіская, магла перадаць дадзеныя на тэму банкаўскіх рахункаў вядомага беларускага дзеяча правоў чалавека Алеся Бяляцкага — даведалася Радыё TOK FM”.

Наш камэнтар: Беларускія патрыёты ўвесь час папярэджвалі “дзеячаў правоў чалавека”, што іхняя “дзейнасьць” скончыцца скандалам.

Юрка Марозаў


Баяцца сваёй цені

11 жніўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Партугалія баіцца паўтарэньня Лёндану”. Партугальская паліцыя пастаўлена ў стан вышэйшай гатоўнасьці ў сувязі з небясьпекай беспарадкаў і актаў вандалізму. Небясьпека зыходзіць перад усім з кварталаў партугальскіх гарадоў, дзе жывуць пераважна імігранты з Бразіліі і былых афрыканскіх калёній Партугаліі.

Наш камэнтар: Зноў брусэльскія “шматкультурнасьць” і “шматрасавасьць”...

Алесь Хадасевіч


Пуцін даў нурца

12 жніўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін вылавіў 1500-гадовыя амфары, з сэнсацыі ўсе сьмяюцца”. У расейскім інтэрнэце тэлесюжэт з Пуціным, які нырае ў мора каля старажытнагрэцкага паселішча Фанагарыя на Кубані і дастае дзьве амфары, выклікае агульны сьмех. Людзі ўспамінаюць эпізод з савецкай камэдыі “Брыльянтавая рука”.

Наш камэнтар: Што б ні вытваралі цяпер крамлёўскія супэрначальнікі, ва ўсім будзе толькі фальш і мана. Добра, што расейцы бачаць гэта.

Алесь Хадасевіч


Тэрарыст у Эстоніі

12 жніўня 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала пра нядаўні тэракт у Таліне. Высьветлілася, што напад на міністэрства абароны Эстоніі і захоп закладнікаў зьдзейсьніў 57-гадовы грамадзянін Эстоніі Карэн Драмб'ян. Адбылася перастрэлка з паліцыяй, тэрарыст застрэліўся. Больш ніхто не пацярпеў падчас тэракту.

Гэты Драмб'ян нарадзіўся ў Арменіі, скончыў юрфак у Калініградзе, у 1993 г. атрымаў эстонскае грамадзянства. Займаўся юрыдычным абслугоўваньнем рускамоўных груповак і партый у Эстоніі. У 2009 г. кандыдаваў на эўравыбарах і мясцовых выбарах, але няўдала. Юрыдычная практыка ішла слаба, і за няўплату ў яго канфіскавалі дом. Драмб'ян апублікаваў быў нават “Зварот” пра дыскрымінацыю расейскамоўных у Эстоніі. Псіхіятры кажуць пра блізкасьць ягонай псіхічнай мадэлі да нарвэжскага тэрарыста Брэйвіка. Вядомы расейска-эстонскі дзеяч Дзімітры Кленскі сказаў, што тэрарыст дзейнічаў на аснове асабістых, а не палітычных матываў.

Наш камэнтар: Зьвяртае на сябе ўвагу стракатая савецкая біяграфія выпускніка юрфаку з неэстонскім прозьвішчам. Падобна, што гэты спэц так і не наважыўся засвоіць дзяржаўную мову краіны, у якой камфортна атабарыўся. Бачна, што эстонцы ўвесь час яго нэрвавалі і ён актыўна туліўся да русскоязычных, “бараніў іхныя правы”. Сьледства пакажа, наколь самастойнымі былі тэрарыстычныя дзеяньні гэтай асобы зь юрфака (вечнай крыніцы гэбоўскага рэзэрву). А эстонцам трэба больш узважваць перш чым раздаваць свае пашпарты абы каму.

Алесь Хадасевіч


“Ня п'е, працуе і дбае аб сям'і”

12 жніўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Мусульмане б'юць расейцаў”. 4 жніўня адбыліся сутычкі паміж мясцовымі курдамі і мясцовымі расейцамі ў пасёлку Цалінным пад Саратавым. Расейскія СМІ толькі цяпер паведамілі пра гэта. Газэта напісала: “Тут будзе сталіца Кудыстану! Усё будзе наша!” — крычалі курды, зьнішчаючы сквэр у Цалінным.

Над Волгай ісламскія курды пачалі сяліцца пасьля падзеньня СССР. Яны прыбывалі галоўным чынам з сярэднеазіяцкіх рэспублік, дзе апынуліся ў выніку загадаў Сталіна. Яны займаліся агародніцтвам. З посьпехам, што часта адрозьнівала іх ад расейскіх суседзяў. Бо ў расейскіх вёсках аўтарытэт працы, падарваны калектывізацыяй, раскулачваньнем і алкагалізмам, апынуўся на значна ніжэйшым узроўні, чым у тых, што прыехалі”. Газэта згадвае пра зьбіцьцё расейцаў арганізаванымі групамі нярускіх у розных месцах Расеі. Завяршаецца артыкул такой высновай: “Мусульмане нават на этнічна расейскіх тэрыторыях ужо не баяцца ўваходзіць у канфрантацыю з расейскай большасьцю”.

Наш камэнтар: Зьвяртае на сябе ўвагу такі факт. Калі на Захадзе імігранты з мусульманскіх краінаў у асноўным жывуць на “сацыяльную дапамогу” (“містэр — халява!”), то ў Расеі ўсё наадварот. Мусульманскія сем'і і супольнасьці ў Саратаўскай, Ленінградскай вобласьцях, у Сібіры і г.д. арганізавана працуюць, даглядаюць гаспадарку і дом, маюць шмат дзяцей, жывуць у сваёй традыцыі, здольныя на праявы нацыянальнай і чалавечай салідарнасьці.

Мясцовыя расейцы (так званая “большасьць”) у асноўным сьпіваюцца і выміраюць, даўно ня здольныя працаваць, але п'янымі галасамі гукаюць пра веліч сваёй імпэрыі. Татары ў Яраслаўскай вобласьці на поўным сур'ёзе сказалі журналістам, што праз 20 гадоў вобласьць будзе мусульманскай. Расейскія жанчыны лічаць жыцьцёвым посьпехам выйсьці замуж за татарына (бо ня п'е, працуе і дбае аб сям'і). Ідуць цікавыя працэсы на “матушцы Русі”. А што ж нам, беларусам, баяцца на сваёй зямлі, у сваім народным доме?!

Юрка Марозаў