НОВЫЯ КНІГІ
“Сэсія Незалежнасьці”
У жніўні ў Варшаве вышла новая кніга Зянона Пазьняка “Сэсія Незалежнасьці”, пасьвечаная 20-годдзю Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. У кнізе акрамя тэксту аўтара зьмешчана факсіміле стэнаграмы Сэсіі Вярхоўнага Савета, на якой была аб'яўлена і канстытуцыйна зацьверджана Незалежнасьць Беларусі, перапарадкаваныя саюзныя міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы, лясы і нетры, уся сістэма гаспадаркі, эканомікі і кіраваньня ва ўласнасьць і распараджэньне незалежнай дзяржавы Беларусі.
У дадатку да кнігі зьмешчаныя некаторыя архіўныя фота і дакуманты. У варасьні заплянаваная яе прэзэнтацыя ў Варшаве. Ніжэй падаем бібліяграфічную картачку кнігі:
Зянон Пазьняк. СЭСІЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. Выданьне: “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Варшава—Нью Ёрк—Вільня, 2011. — 376 с., іл., (Фармат А4). Наклад 1000 асобнікаў. У кнізе аўтарскія артыкулы, матэр'ялы і стэнаграмы Нечарговай пятай сэсіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га скліканьня (24-25 жніўня 1991 года), на якой аднагалосна была аб'яўлена Незалежнасьць Беларусі, шляхам наданьня Дэклярацыі аб суверэнітэце статуса канстытуцыйнага закона і спынена дзейнасьць камуністычнай партыі (КПБ-КПСС). Кніга разьлічана на гісторыкаў, палітыкаў і шырокага чытача.
ISBN 978-9955-578-15-4
UDK 323(476)(091)
Pa 454
“Пасьвячэньне ў Беларусь”
У Італіі вышла кніжка Зянона Пазьняка “Пасьвячэньне ў Беларусь” (Omaggio alla Bielorussia). Пераклады тэкстаў, вершаў на італьянскую мову і рэдактуру кнігі зрабіў Валеры Буйвал. Прадмову напісаў Дарыё Фэрціліё. У кнізе зьмешчаныя працы Зянона Пазьняка з 2005 года (“Беларуска-расейская вайна” і інш.), а таксама вершы з цыклаў: “Дарога ў Вялікае Княства”, “Вечныя каштоўнасьці”, “Месяц”, “Дом”, “Радыяцыя”, і інш.
Кніжка выдадзеная ў Мілане ў выдавецтве “Бібліятэка Альбатрос” з ініцыятывы “Камітэта Свабоды”. У кнізе 134 старонкі ў 1/16 аркуша (А5).
-Інф-