ЗЬВЕСТКІ З-ЗА МЯЖЫ (06–10.08.2011)

Пагналі б у карак

6 жніўня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” напісала пра рэлігійныя цырымоніі і пахаваньне ў Грузіі. Сотні людзей сабраліся, каб разьвітацца з 23-гадовай Тамтай Ліпартэліяні, якая загінула падчас тэракту на выспе Уцёя каля Осла. Прысутнічаў прэзыдэнт краіны Міхаіл Саакашвілі. Ён зьвярнуўся да сям'і ахвяры і да ўсёй грамады з прачулай прамовай. Дзяўчына была запрошана на маладзёвыя палітычныя мерапрыемствы ў Нарвэгію.

Наш камэнтар: Немагчыма сябе ўявіць, каб узурпатар Лукашэнка зьявіўся б у нейкай беларускай сям'і і нешта б выказваў. Калі б раптам, аднак, ён зьявіўся, то беларусы пагналі б яго ў карак ад парогу.

Юрка Марозаў


Першая задача — ліквідацыя

7 жніўня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала з Эгіпту. Пад Мубаракам многія мусульмане былі арыштаваны як патэнцыйныя ісламісты. Нават звычайныя паліцэйскія баяліся спэцслужбаў. Пасьля рэвалюцыі эгіпецкія спэцслужбы не былі распушчаны, яны толькі зьмянілі сваю назву. Ахвяры распавядаюць пра зьдзекі і катаваньні, якіх яны нацярпеліся ў засьценках мубарацкіх спэцслужбаў.

Наш камэнтар: Першая задача ў працэсе ліквідацыі антынароднага рэжыму — ліквідацыя рэжымных спэцслужбаў. Вунь пад Лукашэнкам яны нават не зьмянілі сваю назву.

Юрка Марозаў


Папярэджаньне Чэрчыля

8 жніўня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала пра разгром цэлага квартала ў Лёндане, пра сутычкі з паліцыяй мясцовай моладзі. Пасьля вымушанага забойства паліцэйскім мясцовага крымінальніка натоўпы пачалі падпальваць, рабаваць і граміць усё. Сотні асобаў арыштаваны.

Наш камэнтар: Чамусьці французкая газэта (і многія іншыя) не згадвае, што абсалютная большасьць у гэтым квартале — выхадцы з Азіі і Афрыкі (усе з брытанскімі пашпартамі). А папярэджваў Уінстан Чэрчыль яшчэ ў 50-я гады, што нельга дапускаць у эўрапейскую Брытанію вялікія колькасьці гэтых “суграмадзянаў”, у якіх ёсьць свае айчыны.

Алесь Хадасевіч


Танная прапаганда

8 жніўня 2011 г. італьянская газэта “La Stampa” паведамляла з Масквы: “Расейская моладзь згубіла ўпэўненасьць і моцныя ідэалагічныя схемы савецкай эпохі, але атрымала свабоду думкі і дзеяньня. Яна мае пэўную ўладу. Калі параўнаць з праблемамі іхных бацькоў, жыцьцё для маладых пакаленьня 1991-га параўнальна лепшае і больш ураўнаважанае”. Далей журналіст апісвае, як моладзь танцуе на Чырвонай плошчы, марыць стаць мэнэджэрамі і мадэлькамі і г.д. Маўляў, сацапытаньні паказалі, што 82% маладых падтрымліваюць Пуціна, а 76% Медведева. Ёсьць, аднак, журналісцкая агаворка наконт верагоднасьці гэтых апытаньняў у краіне, якая яшчэ “далёкая ад заходняга разуменьня дэмакратыі”.

Наш камэнтар: Адным словам, чарговая лухта на маскоўскую тэму. Магчыма, што гэты тэкст добра аплочаны імпэрскімі структурамі. Хаця і без мафійнай аплаты заходні лапух напісаў бы прыкладна тое ж самае. На правінцыі ён не пабыў, ня ўбачыў жахі сапраўднага расейскага жыцьця для мільёнаў маладых. Ён так і не заўважыў, як сотні тысячаў юнакоў хаваюцца ад арміі, бо ня хочуць паміраць за імпэрыю, як валіцца расейская адукацыя. Але самае сьмешнае — гэта тэарэтызаваньне пра папулярнасьць “Чука і Гека”, як расейская моладзь ахрысьціла тандэм Пуцін-Медведев. Расейская моладзь не зьбіраецца ісьці на крамлёўскія выбары. Гэтага італьянец не заўважыў.

Алесь Хадасевіч


“Няхай пра гэта памятаюць у Маскве”

8 жніўня 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” паведаміла, што ў Лёндане памерла 96-гадовая Нэнсі Вэйк, легендарная гераіня антыфашыстоўскага супраціву. Яна нарадзілася ў Новай Зэляндыі, працавала ў 1930-я гады журналісткай у Францыі. Падчас акупацыі дзейнічала ў шэрагах французкага Супраціву. Яе называлі “Белай Мышшу” за здольнасьць абводзіць вакол пальца гестапа. У адным з інтэрв'ю яна была сказала: “На маю думку, адзіным добрым немцам быў мёртвы немец. І чым ён хутчэй памрэ, тым лепш”.

Наш камэнтар: Калі акупанты захопліваюць краіну, няхай яны не зьдзіўляюцца, што людзі мірных прафэсій пачынаюць забіваць іх і жадаць ім сьмерці. Няхай пра гэта памятаюць у Маскве.

Юрка Марозаў


Масква падтрымала

8 жніўня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала пра зьяўленьне ў Летуве журналісткі Натальлі Радзінай. Яна працавала ў камандзе Саннікава. У сьнежні 2010 г. была арыштавана ў Менску. Потым яе вызвалілі і накіравалі на радзіму ў Кобрын. Адтуль яна зьбегла ў Маскву, дзе атрымала пашпарт ААН. Яе прынялі Нідэрлянды, а цяпер яна папрасіла палітпрытулку ў ЗША.

Наш камэнтар: Цікавая гісторыя ўдзельніцы псэўдаапазыцыі. Ад перасьледу прамаскоўскага рэжыму яна ратуецца ў Маскве. Там атрымлівае “пашпарт Нансэна” і яе завочна прымаюць да сябе Нідэрлянды. Але ў хуткім часе яна ўжо просіцца ў Летуву (якая ў той жа дзень здае Лукашэнку ўсю банкаўскую інфармацыю пра менскую псэўдаапазыцыю). Галава ідзе кругам ад паваротаў сюжэту, дэтэктыў нейкі.

Але падобна, што дэтэктыў палітжанру. Бачна, як такімі асобамі займаюцца ўзгоднена і салідарна эўрапейскія і маскоўскія структуры — для іх яны вельмі патрэбныя. Бачна, што мэта ў Масквы і брусэльска-берлінскіх дзеячаў адна: падтрымка прамаскоўскай псэўдаапазыцыі ў Беларусі — вікаўскай псэўдаапазыцыі, для якой беларушчына і беларуская мова ёсьць пустым гукам, а нацыянальная дзяржава — пустой зьявай.

Алесь Хадасевіч


Рабаўнікі

9 жніўня 2011 г. ангельская газэта “Telegraphe” пісала пра тое, як падчас ІІ Сусьветнай вайны нацысты скралі ў акупаваных краінах творы мастацтва. Дагэтуль многія зь іх ня знойдзены. Напрыклад, “Партрэт маладога чалавека” пэндзля Рафаэля, захоплены немцамі ў Кракаве.

Наш камэнтар: Маштабы рабункаў мастацкіх каштоўнасьцяў нацыстамі ўражваюць. Але расейскія акупанты царскага і савецкага пэрыядаў пераўзышлі іх у гэтай злачыннай дзейнасьці. Ды і абрабоўвалі яны захопленыя народы на працягу стагоддзяў. Наперадзе вяртаньне нарабаванага ў Беларусь і іншыя краіны.

Алесь Хадасевіч


Вялае грамадзтва

10 жніўня 2011 г. славацкая газэта “SME” напісала з Англіі. Лідэр ультраправай партыі Ліга Абароны Англіі Стэфэн Ленан заявіў, што сябры ягонай партыі арганізавана выходзяць на вуліцы ангельскіх гарадоў, каб абараніць грамадзтва ад пагромшчыкаў. На ягоную думку, гэта неабходна, бо паліцыя не дае рады.

Наш камэнтар: Газэта выкарыстоўвае адмоўны па інтанацыі тэрмін “ультра”, але вымушана прызнаць, што толькі нацыяналісты з усяго ангельскага грамадзтва аказаліся здольнымі на арганізаваны супраціў дзікаму гвалту і на салідарную праяву грамадзянскай адказнасьці.

Алесь Хадасевіч