У ПАМЯЦЬ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ
6 жніўня 2011 г. група сяброў Кансэватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ выехала з Менску і накіравалася ў Зэльву. Патрыёты сабраліся каля магілы вялікай беларускі, каб ушанаваць яе памяць у дзень 101-х угодкаў яе нараджэньня. Да мінчукоў далучыліся фронтаўцы з Зэльвы і Баранавічаў. Над грамадой луналі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Выступілі сп. Юры Качук, зямляк Ларысы Геніюш, сябра Сойму Партыі і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Фронту і Партыі.
Выступоўцы казалі пра Ларысу Геніюш, якая да канца жыцьця не прыняла савецкага грамадзянства і засталася грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе змагарнае і пакутнае жыцьцё ёсьць адлюстраваньнем той драмы, праз якую прайшоў беларускі народ у ХХ стагоддзі. Зьнічшальнікам нашай дзяржавы і культуры супрацьстаялі такія сьветлыя людзі, як Ларыса Геніюш, што верылі ў сілу і перамогу духа. На вачах нашага пакаленьня зьдзейсьнілася іхняя мара — Беларусь здабыла дзяржаўную незалежнасьць і выйшла на шлях самастойнага разьвіцьця. Але змаганьне супраць нашчадкаў імпэрыі зла працягваецца. І ў гэтым змаганьні беларускія патрыёты натхняюцца прыкладам такіх людзей, як Ларыса Геніюш.
Фронтаўцы прынесьлі з сабой кнігі Ларысы Геніюш, дэклямавалі яе вершы, распавядалі, як яе творчасьць паўплывала на іхняе разьвіцьцё і іхны жыцьцёвы выбар. Тут жа сьпявалі гімн “Магутны Божа” і ўсклалі на магілу Геніюшаў кветкі з бел-чырвона-белымі стужкамі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
6 жніўня 2011 г.