ЗАМЕЖНЫ ДРУК (03–04.08.2011)
Сямейная мафія пад судом
3 жніўня 2011 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” напісала пра судовы працэс у Каіры. Ськінутага народам былога прэзыдэнта Мубарака прывезьлі на працэс у рухомым шпітальным ложку. На здымку ў газэце: за кратамі стаяць два сыны дыктатара, якіх таксама судзяць за злачынствы перад нацыяй.
Наш камэнтар: Сямейная мубарацкая мафія не адкруцілася ад адказнасьці за злачынствы. Гэта ёсьць выразнае папярэджаньне лукашыстоўскай мафіі.
Юрка Марозаў
Падзеі ў Сірыі
3 жніўня 2011 г. бэльгійская газэта “Het Nieuwsblad” паведаміла з Сірыі. Танкі рэжыму занялі цэнтар горада Хама, дзе адбываюцца масавыя дэманстрацыі супраць дыктатуры Асада і баявыя сутыкненьні.
Наш камэнтар: Загінула шмат мірных людзей, калі танкі стралялі па гораду. Але на відэаздымках з Хамы бачна, што сярод дэманстрантаў зьявіліся ўзброеныя аўтаматамі мужчыны, якія адказваюць на агонь рэжымных войскаў. Вядома, што калі рэжым беспакарана страляе ў народ, то народ пачынае ўзбройвацца і страляць у рэжым.
Алесь Хадасевіч
Мобы-шмобы ў Маскве
3 жніўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра “Армію Пуціна”. Гэтая “армія” ёсьць групоўкай маладых дзяўчат, якія раз-пораз выконваюць нейкія акцыі апранутыя ў шорты і станікі. Гэтым разам яны пасярод вуліц мылі машыны расейскай вытворчасьці. Кіроўцы былі задаволены.
Наш камэнтар: Дэманстрацыя “здоровой, сексопільной націі” і “высокай тэхналагічнай эканомікі”? Пуцінская гэбельсаўшчына скача танец “шуціху” з элемэнтамі палітэротыкі... Сьвет зьдзіўлена прыглядаецца да гэтага маразму, газэтам ёсьць пра што пісаць.
Алесь Хадасевіч
Парада для Лукашэнкі
3 жніўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала, што міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заклікаў Лукашэнку распачаць перамовы па мірнай перадачы ўлады і “не чакаць, пакуль яго адсунуць, як гэта апошнім часам робіцца ў Паўночнай Афрыцы”.
Наш камэнтар: Практычная заява польскага міністра. Найбольшая пагроза для Беларусі — працяг дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Ён павінен быць адсунуты ад улады.
Юрка Марозаў
Плянуюць капаць роў
4 жніўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што Грэцыя мае намер выкапаць вялізны, глыбокі роў даўжынёй у 120 км на мяжы з Турцыяй. Мэта будоўлі — спыненьне нелегальных мігрантаў, якія менавіта праз Грэцыю імкнуцца ў Заходнюю Эўропу. Праходы ў Турцыю будуць зьдзяйсьняцца праз шэраг мастоў над ровам.
Наш камэнтар: Цунамі незапрошаных гасьцей урэшце стаміла грэкаў і іншыя эўрапейскія народы. Эліны пачалі бараніцца. А лібэральна-сацыялістычная дзяржпубліка ўсё разважае пра “правы чалавека” (чытай — правы прайдзісьвета і злачынцы).
Алесь Хадасевіч
“Всё на благо народа”!
4 жніўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што Дзярждума РФ прыняла папраўкі да закону, які абмяжоўвае продаж піва. Паўстала кур'ёзная сытуацыя. 22 ліпеня сёлета юрыдычную сілу страціў ранейшы закон, які рэгуляваў продаж піва. Але новы закон уступіць у сілу толькі праз год. Гэта значыць, што на працягу года піва можна будзе дэ-юрэ прадаваць нават у дзіцячых садках і ў грамадзкім транспарце.
Наш камэнтар: Нешта ня верыцца, што ў Дзярждуме сядзяць наіўнячкі, якія не змаглі зьвесьці разам два тэксты. Усё проста — у Расеі набліжаецца гістарычны працэс: выбары! Паводле рускага звычаю, удзельнічаць у гэтым працэсе лепш пад вясёлым градусам. Адным словам, “всё на благо народа”!
Юрка Марозаў