НІДЭРЛЯНДСКІ ДАВІД

У гісторыі засталіся імёны вялікіх заваёўнікаў і агрэсараў: Аляксандра Македонскага, Чынгіз-хана, Тамэрлана, Напалеёна і г.д. Іхная “веліч” вымяраецца памерамі тэрыторыяў, колькасьцю захопленых і разбураных гарадоў і дзяржаваў, лічбамі ахвяраў. Паводле прыхамаці лёсу, прафэсійныя гісторыкі і безьліч звычайных людзей менавіта ў каласальных маштабах імпэрыяў, масах войскаў, горах захопленых багацьцяў шукаюць несьмяротнасьці пэрсанажаў, папулярнасьць якіх не аслабевае на працягу стагоддзяў. У расейцаў ёсьць такія папулярныя пэрсанажы, якія пашыралі іхную імпэрыю і вызначыліся ў “рэформах”: Іван Жахлівы, Пётр І (Шалёны), Кацярына ІІ. Гэта сапраўдныя галіяфы гісторыяграфіі, яны добра вядомыя беларускаму народу сваімі злачынствамі.

Ужо 20 гадоў, як наша чытаючая публіка павінна была б адкласьці ў бок савецкія падручнікі і пашукаць сабе новыя гістарычныя арыентыры і ідэальныя вобразы з гістарычнай мінуўшчыны.

З 1990 года пачалі зьяўляцца кнігі і артыкулы, у якіх адлюстравалася праўда нацыянальнай і чужой гісторыі. Хто не праспаў, той пасьпеў ачысьціцца ад навязаных стэрэатыпаў і ўзбагаціцца ведамі. Акупанцкі лукашызм брутальна спыніў гэты працэс інтэлектуальнага ацьверазеньня. Але праца беларускай эліты на працягу некалькіх далукашысцкіх гадоў не прайшла марна. З заваяваных навуковых пазыцый нашу гістарычную навуку не ссуне ўжо ніхто і нішто.

Многія беларусы ўпершыню ўбачылі і адчулі сапраўдную веліч сваёй культуры і цывілізацыі. Яны зразумелі, што наша веліч грунтуецца не на разбуральных заваёвах і шматлікасьці скораных рабоў. Залаты век ВКЛ — гэта пэрыяд стваральнай працы, самаўдасканальваньня і творчасьці ва ўсіх галінах дзейнасьці, зьдзяйсьненьня цывілізатарскай місіі беларусаў на абсягах ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Беларусы ўмелі атакаваць, але наша школа ваеннага мастацтва вызначылася перш за ўсё майстэрствам абароны. Пра гэта сьведчаць вялікія перамогі беларускай арміі, якая біла агрэсараў, што былі ў тры, пяць і нават у дзесяць разоў больш шматлікімі.

Нам роднасныя не тамэрланы і чынгіз-ханы. Мы павінны шукаць аналогіі і крыніцы натхненьня ў гісторыі народаў, блізкіх нам па духу, па культуры і вялікіх ня колькасьцю, а сваімі зьдзяйсьненьнямі. Не выпадкова беларускія афіцэры многіх пакаленьняў ехалі вучыцца ваеннай справе ў Нідэрлянды, маленечкую паўночнаэўрапейскую краіну, якая ў выніку 80-гадовай вайны супраць магутнай Іспанскай імпэрыі заваявала сваю незалежнасьць у 1659 годзе. Подзьвіг нідэрляндскага Давіда сапраўды велічны і прыўкрасны.

Працавітая і багатая кальвінісцкая рэспубліка раздражняла каласальнага суседа. “Кароль-Сонца”, як сучасьнікі называлі Людовіка XIV, лічыў посьпехі невялічкай краіны каля сваіх межаў сапраўдным афронтам аўтарытэту Францыі і перашкодай яе гандлю на кантынэнце і на моры. У 1672 годзе вэрсальскія стратэгі прынялі рашэньне расправіцца з “гэтай недарэчнасьцю”. На Нідэрлянды рушыла самая вялікая і сучасная армія Эўропы начале з самым манархам. Зразумела, што за “чалавека-сонца” камандвалі палкамі ягоныя лепшыя палкаводцы маршал Цюрэн і прынц Кандэ. Уся Эўропа затаіла дыханьне, калі 110 тысячаў французаў няспыннай плыньню перайшлі па пантонных мастах Рэйн і пачалі інвазію. Людовік XIV быў у добрым настроі і гаварыў афарызмамі: “У мяне тут такі эскорт, што я магу дазволіць сабе шпацыр па Галяндыі”. Нідэрляндцаў у першы момант ахапіла паніка. У гарадах і сталіцы пачаліся бунты.

І тут на сцэну выйшаў малады (21-гадовы) прынц з роду Аранскіх (Oranje). Вільгельм ІІІ быў праўнукам легендарнага лідара нацыянальна-вызвольнай барацьбы і заснавальніка рэспубліканскай дынастыі Вільгельма Маўклівага. Калі 8 ліпеня 1672 г. яго прызначылі статгальтэрам Нідэрляндаў і галоўнакамандуючым арміі, ён адказаў агрэсару сваім афарызмам: “Мы будзем паміраць на апошнім канале”. Маладзён невысокага росту, ссутулены і непрыкметны пачаў арганізоўваць абарону краіны. Ён суткамі ня злазіў з каня і быў паўсюль, натхняючы войскі і супакойваючы насельніцтва. Але сілы былі няроўнымі, нідэрляндцы адступалі пад ударамі магутнага праціўніка. Праз тыдзень баёў вораг захапіў Арнхэм і Утрэхт і наблізіўся да сэрца краіны. Французы былі ў 22 мілях (адзін пераход) ад Амстэрдама. Здавалася, што параза была непазьбежнай.

І тут Вільгельм аддаў загад, які ўразіў нават ягоных паплечнікаў. Жаўнеры пачалі разбураць дамбы і шлюзы. Мора ўварвалася на раўніну, вынішчаючы плён працы некалькіх пакаленьняў. Арміі давялося адбіваць атакі фэрмэраў, якія кінуліся ратаваць свае гаспадаркі ад гібелі. Але французкая армія стала перад непераадольнай воднай перашкодай і не магла маршыраваць далей. Французы меркавалі распачаць наступ узімку, калі вада пакрыецца лёдам. Але зіма ў той год была мяккая і плян захопнікаў ня зьдзейсьніўся.

Тым часам Вільгельм распачаў актыўную дыпляматычную працу. Ягоныя амбасадары ў Габсбургскай імпэрыі, Брандэнбурзе, Ганавэры, Даніі і Іспаніі даказвалі, што перамога Людовіка занадта ўзмоцніць Францыю і будзе пагрозай для эўрапейскага парадку. Нідэрляндцаў уважліва слухалі ва ўсіх сталіцах, уражаныя іхным зацятым супрацівам і посьпехам абароны. Увесну нідэрляндскія атрады пачалі актыўна дзейнічаць у тыле ворага, парушаючы ягоныя камунікацыі. Стомленая і згаладнелая французкая армія пачала адкатвацца назад. Праект “унівэрсальнай манархі і ўнівэрсальнай рэлігіі” з грукатам праваліўся. Народ перамог агрэсараў.

А так лёгка было саступіць гвалту, паспрабаваць адкупіцца і прыстасавацца. Так лёгка было напалохацца шматлікага ворага, які ўварваўся на маленькую тэрыторыю радзімы. Але ў народа быў сапраўдны лідар, які быў упэўнены ў перамозе і ягоная вера грунтавалася на веры ў Боскую праўду. Нідэрляндскі Давід паваліў імпэрскага Галіяфа.

Тыя, што сёньня тлумяць галовы беларусам сваімі пятрамі-вялікімі ды сталінымі, павінны ведаць — іхная “унівэрсальная імпэрыя” ня мае пэрспэктывы на беларускай зямлі. Яны знойдуць тут сваю пагібель. Няхай лепш паціху дагніваюць у сваіх цяперашніх межах.

У беларусаў ёсьць нацыянальны лідар Зянон Пазьняк, ёсьць нацыянальная традыцыя змаганьня за сваё. Ёсьць моладзь пакаленьня, якое ня зьведала над сабой улады імпэрыі. Ёсьць усё для перамогі над дзікім ворагам.

Валеры Буйвал