ВЫЗНАЧАЛЬНАЯ ПАДЗЕЯ Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Сёлета 21-я гадавіна прыняцьця Дэклярацыі аб Незалежнасьці.
Нашая Незалежнасьць здабывалася доўга, пакутліва і цяжка на працягу двухсот гадоў расейскай акупацыі. На алтар Незалежнасьці пакладзены мільёны беларускіх жыцьцяў, панесены вялікія страты. Яны не змарнаваліся, не прапалі дарма.
Першы этап незалежнасьці, які громам адазваўся ў гісторыі нацыянальнага Адраджэньня, адбыўся 25 Сакавіка 1918 года, калі было аб'яўлена аб незалежнасьці толькі што ўтворанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты Акт стаў падзеяй велізарнага значэньня, адчыніў новую незалежніцкую эпоху беларускага змаганьня.
Другі (вырашальны) этап адбыўся 25 Жніўня 1991 года пасьля правалу камуністычнага імпэрскага путчу ў Маскве, калі стварылася ўнікальная магчымасьць перамогі для змагароў за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць акупаваных краін у СССР. У Беларусі сытуацыя была найгоршай з прычыны антынезалежніцкага характару камуністычнай намэнклятуры, якая трымала на той час усю ўладу ў краіне. Супраціўленьне намэнклятуры было пераадолена дэпутатамі Фронту — незалежнасьць была дасягнута.
Але перад 25-м жніўнем 1991 г. адбылася падзея 27-га ліпеня 1990 г., якая істотна аблегчыла і канкрэтызавала аб'яўленьне незалежнасьці Беларусі. Гэтая падзея — прыняцьце Вярхоўным Саветам Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларускай ССР.
Тады, у ліпені 1990-га, Дэпутаты Народнага Фронта выкарысталі няўмелую палітыку Гарбачова па абнаўленьні СССР (які хацеў шляхам прыняцьця фармальных дэклярацыяў аб суверэнітэце “рэспублік” заключыць новую “саюзную дамову” і зачыніць пытаньне пра незалежнасьць).
Дэпутаты-фронтаўцы рашуча паўплывалі на напісаньне тэксту Дэклярацыі і ўзялі ініцыятыву ў свае рукі, ажыцьцявілі гнуткую і незразумелую камуністам псіхалагічную тактыку імітацыі адваротнай пазыцыі, удаваньня абструкцыі дасягнутага (выхад з залі галасаваньня) з мэтай згуляць на іхняй псіхалогіі і справакаваць іх прывычна прагаласаваць “у піку” і супраць БНФ (а ў рэальнасьйці — за тэкст Дэклярацыі, які фронтаўцы дыскусійна выйгралі ў камуністаў).
Прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце само па сабе было важным дасягненьнем на шляху да незалежнасьці Беларусі. Гэты Акт павярнуў думаньне грамадзкасьці ў натуральнае незалежніцкае рэчышча, дазволіў беларусам убачыць пэрспэктыву краіны, сфармаваць сваю пазыцыю і спосаб паводзінаў.
Паміж дзьвума вялікімі падзеямі — 25 Сакавіка 1918 і 25 Жніўня 1991 — знаходзіцца Дэклярацыя 27 Ліпеня 1990 года — вызначальны чыньнік нацыянальнай барацьбы, які папярэднічаў і паспрыяў дасягненьню незалежнасьці.
Гэтую дату — 27 ліпеня — (якую ў пачатку 90-х афіцыйна сьвяткавалі як Дзень Незалежнасьці) беларусы павінны памятаць і адзначаць у сваім календары як этап да свабоды і вызначальную падзею ў гісторыі Беларусі.
27 ліпеня 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК