ХОРАША ПРА БЕЛАРУСЬ
Перада мной кніжка (255 старонак фармату А-5) Валеры Буйвала “Un paese nel centro dell' Europa” (“Беларусь — краіна ў цэнтры Эўропы”), якая толькі што выдадзеная ў Італіі ўнівэрсітэтам у Пэруджы. У кнізе з навуковых беларускіх пазыцыяў асьветлены важныя этапы нашага гістарычнага разьвіцьця і культурныя дасягненьні. Тут распавядаецца італьянцам пра беларускую тэрыторыю і народ, пра прыняцьце Хрысьціянства і змаганьне з ворагамі, пра Люблінскую Вунію і Патоп XVII-га стагоддзя (“Вялікую катастрофу”), пра імпэрскую палітыку маскоўшчыны і змаганьне з агрэсыўным Усходам; асьветлены таксама час нашай найноўшай гісторыі XX-га стагоддзя (найперш — 90-я гады), дзейнасьць Народнага Фронту, здабыцьцё незалежнасьці і змаганьне за пабудову Беларускай незалежнай дзяржавы.
Як мастацтвазнавец і гісторык мастацтва Валеры Буйвал зь веданьнем расказаў у кнізе пра эстэтычную сутнасьць і дасягненьні беларускага мастацтва, найбольш спасылаючыся на культуру Рэнесансу і Барока, калі быў сапраўдны росквіт (залаты час) беларускага мастацкага духу.
З вопыту дачыненьняў мы ведаем, што італьянцы пасьлядоўна прыхільныя справе нашай беларускай незалежнасьці і свабоды (і ўвогуле прыхільныя да нас, беларусаў). Мяркую, што кніжка Валеры Буйвала ўмацуе іх у іхнай прыхільнасьці (дарэчы, узаемнай) і паспрыяе нашым добрым стасункам у сьвеце.
20 ліпеня 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК