ДЗЕЯНЬНІ БАНДФАРМАВАНЬНЯЎ У МЕНСКУ
22 чэрвеня ў цэнтры нашай сталіцы адбылася чарговая акцыя пратэсту з удзелам тысячаў людзей. Беларусы сабраліся разам, каб прадэманстраваць рэжыму сваю нязгоду з яго антынацыянальнай палітыкай. Людзі стаялі і йшлі, маўчалі і не рабілі ніякіх заяваў. Але нават гэтая ініцыятыва да сьмерці напалохала прамаскоўскі рэжым і яго начальніка. Хунта кінула супраць беларусаў свае рэпрэсіўныя сілы. Асобы ў міліцэйскай уніформе і ў цывільным кідаліся на людзей, валаклі іх у аўтазакі, білі і зьневажалі. Былі брутальна затрыманы дзесяткі беларусаў.
Удзельнікі і сьведкі падзеяў заўважылі, што паліцэйшчына і гэбоўшчына рэжыму дзейнічала нахабна і цынічна, не хаваючыся. Пад хапун патрапілі многія людзі, якія не лічылі сябе ўдзельнікамі акцыі, а проста ішлі па сваіх справах. Цяперашнія магчымасьці фіксацыі падзеяў дазволілі пакінуць шмат фота- і відэасьведчаньняў рэпрэсіўных дзеяньняў дзяржымордаў. Дык вось, людзі зафіксавалі ўдзел у рэпрэсіях структураў маскоўскіх акупантаў. На дзьвярах некаторых аўтазакаў былі выявы дзяржсьцяга Расеі і эмблемы расейскай паліцыі.
Беларусы адзначылі, што многія з дзяржымордаў у цывільным не разумелі аніслова па-беларуску і размаўлялі на грубай расейшчыне. З гэтага людзі зрабілі выснову, што напалоханы супрацівам рэжым атрымаў дапамогу з Масквы. Гэта ёсьць ужо непасрэднае ўмяшаньне імпэрскіх структураў у беларускія справы. Імпэрыя ўзялася за непасрэднае здушэньне беларускага народу на нашай нацыянальна-дзяржаўнай тэрыторыі.
У міжнародных законах гэта кваліфікуецца як інтэрвэнцыя супраць незалежнай дзяржавы. Трэба нагадаць, што рэжымныя арганізатары гэтых дзеяньняў акупантаў падпадаюць пад вельмі сур'ёзныя артыкулы крымінальнага кодэксу, у якіх йдзецца пра дзяржаўную здраду і супрацоўніцтва з чужой дзяржавай супраць беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Йдзецца пра дзяржаўнае злачынства.
Трэба нагадаць таксама, што адказнасьць за злачынныя дзеяньні супраць нашага народу нясуць таксама мясцовыя выканаўцы злачынных загадаў хунты. Беларусы зафіксавалі шэраг партрэтаў гэтых асобаў. Трэба складаць фотагалерэі дзяржымордаў, ідэнтыфікаваць іх, высьвятляць іхнія прозьвішчы, званьні і пасады ў структурах рэжыму. Усё неабходна рабіць для падрыхтоўкі трыбуналу над злачынцамі рэжыму. Трэба таксама папярэдзіць гэтых асобаў аб тым, што на трыбунале яны не адкруцяцца ад адказнасьці заявамі кшталту “я выполнял пріказ...”
Расейскія афіцыйныя асобы адмаўляюць, што расейскія аддзелы ўдзельнічаюць ў здушэньні белрусаў. Агентура распускае чуткі, што гэта містыфікацыя антыбеларускага рэжыму. Нам патрэбныя безумоўныя доказы. Трэба ідэнтэфікаваць бандытаў і бандфармаваньні.
Ня трэба забывацца, што актыўныя арганізатары і выканаўцы рэпрэсіяў супраць беларусаў жывуць сярод нас. Апошнімі гадамі рэжым пабудаваў для іх асобныя дамы ў сталіцы і іншых гарадах нашай краіны. Ідэнтыфікацыя злачынцаў ва ўніформах і ў цывільным павінна суправаджацца высьвятленьнем адрасоў іхняга пражываньня. Трэба не дапусьціць, каб гэтыя асобы ўцяклі за мяжу ў Расею. Лёс гэтых суб'ектаў па закону вырашыць беларускі трыбунал.
Янка Базыль