ХУНТА СПАДЗЯЕЦЦА НА РАСЕЮ
У нашай сталіцы напярэдадні лукашэнкаўскага шабасу, прызначанага на 3 ліпеня, амаль штовечар па вуліцах грукатала бранетэхніка. Мэтро і тралейбусы-аўтобусы едуць амаль пустыя, бо ў розных раёнах Менску людзі тоўпяцца на ходніках і ня могуць перайсьці вуліцу, каб вярнуцца з працы дахаты. З танкаў і самаходак на іх глядзяць стомленыя маразмам загадаў жаўнеры і афіцэры. Усе ведаюць, што адбылося 24 траўня сёлета — ляснула фінансавая сістэма лукашызма, рэжым абрабаваў мільёны нашых людзей. Замест таго, каб ратаваць краіну, хунта наладжвае пампезныя скокі, каб напалохаць грамадзтва, паказаць, якая яна магутная.
Людзі ня стрымліваюцца і гукаюць праклёны ў адраз рэжыму і яго начальніка, крычаць: “Вось, дзе народныя грошы! Яму, прыдурку, адно парады!” Жанчыны зьвяртаюцца да маладога танкіста, што сядзіць на брані, а ён гукае ў адказ: “Рэвалюцыю трэба!...” Беларусы адэкватна ацэньвалі калгасную фантасмагорыю, якая разгортвалася перад іхнымі вачыма.
Грамадзтва ўжо ведае, што маскоўская імпэрыя засьвеціцца сваёй мілітарысцкай мордай на лукашэнкаўскім парадзе. Паперадзе беларускай арміі перад трыбунай з агентам Масквы ў пацешным маршальскім мундзіры будуць маршыраваць расейскія часткі пад сваім трыкалорам. Пры чым, не якія-небудзь, а тыя, што “вызначыліся на Каўказе”: Пскоўская паветрана-дэсантная дывізія. Як яны там вызначыліся, вядома ўсім.
Нядаўна чачэнскія партызаны вывесілі ў Сеціве сьпіс зь імёнамі і “заслугамі” тых, хто забіваў, гвалціў і рабаваў мірнае насельніцтва, катаваў палонных, блюзьнерыў у сьвятынях. Патрыёты ўжо пакаралі ў цэнтры Масквы аднаго з самых прыкметных ваенных злачынцаў расейскай банд-арміі: палкоўніка Буданава, які спэцыялізаваўся ў забойствах маладых дзяўчат. Чачэнцы цярпліва вялі ягоную справу ў юрыдычным рэчышчы, прадстаўлялі сьведкаў і адвакатаў, спадзяваліся на адэкватны прысуд. А “герой отечества” Буданаў пасьля судоў-перасудаў пасядзеў у зоне некалькі гадоў і ўжо два гады як камфортна пражываў на волі ў Маскве.
Пасьля пакараньня забойцы расейская мілітарысцкая кодла замітусілася, залемантавала: “Это что же такое! Это как!” Расейскія тэлеканалы тэрмінова выдалі сюжэты пра асуджэньне практыкі народнага пакараньня ваенных злачынцаў, непакараных дзяржавай. У якасьці адмоўнага сюжэта сярод іншага паказалі кароткае інтэрв'ю з чачэнскай жанчынай, якая ўзначальвае ў Грозным гуманітарны фонд “Чалавечнасьць”. На пытаньне пра Буданава, чачэнка спакойна адказала: “Народ у такіх выпадках кажа: “Сабаку сабачая сьмерць...” Расейскае тэлебачаньне прызналася, што пасьля ліквідацыі Буданава быў пакараны сьмерцю яшчэ адзін расейскі адстаўны палкоўнік, які таксама “вызначыўся быў”.
І вось гэтая хеўра, якую расшукваюць чачэнскія партызаны, ня крыючыся маршыравала па нашай шматпакутнай зямлі, пад сваім акупанцкім сьцягам. Антыбеларускі рэжым прызвычайвае беларусаў да маскоўшчыны, хоча, каб гэтыя манструальныя формы ўспрымаліся як натуральныя.
Больш таго, беларускі народ павінен будзе заплаціць мільёны Маскве, каб закупіць у Расеі сучасныя супрацьракетныя комплексы С-400 “Трыюмф” і арганізаваць з самога сябе жывы шчыт на заходніх межах антыканстытуцыйнай “саюзнай дзяржавы”. Пасярод фінансавага калапсу мы павінны за свае ж грошы стацца першым эшалонам абароны Масквы на заходнім накірунку.
Усё ж складваецца ўражаньне, што лукашызм ужо затанцаваўся і згубіў адчуваньне рэчаіснасьці. Калі моладзь гукае з беларускіх танкаў пра рэвалюцыю, час фінальнага існаваньня антыбеларускай хунты вельмі абмежаваны.
Янка Базыль