ХАЛОДНАЯ ВАЙНА

Адбываецца расейскае разбурэньне нашай эканомікі рукамі антыбеларускага акупацыйнага рэжыму

На фоне бравурных справаздачаў лукашыстоўскай гэбельсаўшчыны працягваецца інтэнсіўнае разбурэньне беларускай эканомікі. Нашы людзі ўжо не чакаюць паказчыкаў афіцыйнай статыстыкі. Ім самым усё становіцца зразумелым, калі яны спрабуюць паўнавартасна забясьпечыць свае сем'і, напрыклад, прадуктамі харчаваньня. Нават у такім буйным цэнтры гандлю, як Камароўскі рынак у Менску, узьніклі праблемы з забесьпячэньнем кліентаў сьвінінай і маслам (элемэнтарнымі артыкуламі спажывецкага гандлю).

Штодня назаўжды зачыняюцца шапікі, у якіх да фінансавага калапсу рэжыму (24 траўня 2011 г.) актыўна гандлявалі прадуктамі. Такая ж карціна назіраецца па ўсей краіне. Калі людзі пытаюцца, чаму ўсё так, гандляры тлумачаць ім, што сьвініна і масла не раскупляюцца, псуюцца і ў выніку гандаль дае вялікія страты прадпрымальнікам. Кошты на гэтыя прадукты настолькі высокія, што большасьць людзей ня можа дазволіць сабе купіць іх. Панесшы страты, гандляры ўжо ня робяць замову на гэтыя тавары. Гандлёвыя кропкі зачыняюцца, гандляры застаюцца без працы і сродкаў на існаваньне. Разумныя людзі кажуць, што такім чынам вельмі лёгка давесьці краіну да недаяданьня, а потым і да голаду. Бравурнымі маршамі па БТ і карцінкамі “народнага дабрабыту пры першым прэзыдэнце” ужо нікога не падманеш.

На малыя і вялікія прадпрыемствы і фірмы ў Беларусі бэтоннай плітой навалілася праблема адсутнасьці замежнай валютай для гандлю нават з Расеяй і Украінай і для паставак неабходнай сыравіны з замежжа. Расейцы апэратыўна вынайшлі спосаб і адначасова не забыліся пра ўласную выгоду. Яны адкрылі рахункі ў банках РБ і дазволілі беларускім прадпрыемствам разьлічвацца зь імі беларускімі рублямі. Але прымусілі пры гэтым плаціць ім па самым высокім (спэкулятыўным) курсе абмену беларускага рубля. У выніку нажываецца імпэрская мафійна-эканамічная структура, беларускія работнікі нясуць вялікія страты.

Гэта ёсьць толькі пачатковы пэрыяд імпэрскага разбурэньня нашай эканомікі рукамі антыбеларускага акупацыйнага рэжыму. Калі грамадзтва ня ўсьведаміць, што гэтую злачынную дзейнасьць неабходна спыняць палітычнымі мэтадамі, працэсы з кожным месяцам будуць набываць яшчэ больш пачварныя кшталты.

Янка Базыль