ЗАМЕЖНЫ ДРУК (23–28.06.2011)
Беларускі нацыянальны Сьцяг у Польшчы пад забаронай?
28 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра нядаўнія падзеі ў польскім горадзе Быдгашчы. Тамака на стадыёне адбываўся матч міжнароднага турніру паміж зборнымі па баскэтболу Беларусі і Летувы. Калі беларускія заўзятары ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, ахова стадыёна выдаліла іх, ужываючы сілу. Гэта выклікала пратэстную рэакцыю на старонках беларускага Сеціва. Цікава, што ні ахова, ні дырэкцыя стадыёна не прызнаюцца, хто аддаў ім загад на выдаленьне беларусаў і забарону беларускай нацыянальнай сымволікі. Беларусы мяркуюць, што гэта было зроблена на патрабаваньне афіцыйнай дэлегацыі з РБ. Прадстаўнік магістрата горада Быдгашча Пётр Курэк заявіў: “Мы зьвярнуліся сёньня ў Польскі баскэтбольны зьвяз па афіцыйныя тлумачэньні. Горад Быдгошч мае традыцыю змаганьня за свабоду”. Беларускія заўзятары зьвяртаюцца з заявай у пракуратуру Польшчы. Гэта першы выпадак забароны ў Польшчы беларускага нацыянальнага сьцягу, забароненага рэжымам Лукашэнкі.
Наш камэнтар: Прыкры эпізод. Беларусы спадзяюцца, што ўся справа будзе высьветлена афіцыйнымі польскімі структурамі і ў будучыні такога не паўторыцца.
Алесь Хадасевіч
Меркаваньне міністра
23 чэрвеня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” паведаміла пра заяву Абдэль Рахмана Шальгама, былога амбасадара Лібіі ў ААН і міністра замежных справаў. Ён заявіў: “Кадафі ведае, што ён больш ня можа кіраваць у Лібіі... Я мяркую, што праз два-тры тыдні ён пакіне Лібію, магчыма накіруецца ў Беларусь”.
Наш камэнтар: Бедная наша краіна! Антыбеларуская хунта ператварае яе ў сьметнік для тыранаў, якія ўцякаюць ад народнага гневу.
Алесь Хадасевіч
Крымінальны плян маскоўскіх атамшчыкаў
23 чэрвеня 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква хавае праўду. Расейскія атамныя станцыі ненадзейныя”. Прэзыдэнту РФ Медведеву быў прадстаўлены даклад на 150 старонак ўрадавай камісіяй, якая абсьледвала расейскія АЭС. У дакладзе напісана, што расейскія АЭС будаваліся без уліку сэйсмічнай небясьпекі зонаў пабудовы. Яны не выпрабоўваліся таксама на ўзьдзеяньне ўдараў землятрусу. Гэта ёсьць вялікая небясьпека ў сьвятле трагедыі на японскай АЭС у Фукусіме.
Наш камэнтар: Злачынная дзейнасьць па пабудове Масквой катастрафічнай АЭС у Беларусі (у сэйсмічнанебясьпечнай зоне вакол Астраўца) зьяўляецца наступным актам нашай народнай драмы. Трэба не дапусьціць рэалізацыі шалёнага пляну маскоўскіх крымінальных атамшчыкаў.
Юрка Марозаў
Маскоўская міфалогія валіцца
23 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра публікацыю ў Маскве зборніка дакумэнтаў пра дзейнасьць савецкай выведкі напярэдадні 22 чэрвеня 1941. Укладальнікі зборніка дэманструюць, што Сталін ведаў пра падрыхтоўку і дзень нямецкай інвазіі на СССР. Газэта напісала, што савецкая армія, аслабленая сталінскімі чысткамі афіцэрскага складу, не магла вытрымаць першага магутнага ўдару немцаў.
Наш камэнтар: Цікава назіраць, як маскоўская гісторыяграфія і крамлёўская параганда штогод крок за крокам саступаюць з сваіх міфалагічных пазыцый. У Маскве ўжо даўно прызналі, што не было ніякага “вераломнага нападу на СССР”, што Сталін ня верыў Гітлеру і г.д. Цяпер, аказваецца, Сталін усё ведаў. Але застаецца пазыцыя, што “савецкая армія была аслабленая”.
Усёй гэтай лухце пярэчаць успаміны беларусаў, якія бачылі, як на працягу траўня-чэрвеня 1941 г. саветы перасоўвалі да заходняй мяжы незьлічоныя масы бранетэхнікі, артылерыі і мільёны вайскоўваў. Сталін рыхтаваў атаку на немцаў, але Гітлер яго апярэдзіў на вельмі кароткі час. Вось гэтую пазыцыю Масква ня здасьць ніколі.
Алесь Хадасевіч
Ён узурпатар, ён незаконны
24 чэрвеня 2011 г. італьянская газэта “La Repubblica” паведаміла, што сірыйскія маніфэстанты выставілі новы лёзунг на сваіх дэманстрацыях. Група дысыдэнтаў “Сірыйская рэвалюцыя-2011” запрапанавала на Facebook лёзунг “Башар больш не зьяўляецца маім прэзыдэнтам, і ягоны ўрад не прадстаўляе мяне”.
Наш камэнтар: Вельмі важна, каб народ у супраціве дыктатуры ўрэшце канстатаваў, што монстр, які ўзурпаваў уладу ў краіне, зьяўляецца не прэзыдэнтам, а ўзурпатарам, які павінен быць пад судом.
Юрка Марозаў
Яны змагаліся і перамаглі
24 чэрвеня 2011 г. латвійская газэта “Diena” пісала пра гісторыю змаганьня за незалежную дзяржаву. У чэрвені 1919 г. хаўрусныя войскі Латвіі і Эстоніі разбілі нямецкія часткі ў бітве каля латвійскага горада Цэсіс. У Латвіі склалася тады вельмі цяжкая сытуацыя. Большую частку краіны займалі бальшавіцкія войскі, у Рызе сядзеў чырвоны ўрад Стучкі. Частку краіны займалі войскі нямецкіх легіянэраў, якія хацелі падпарадкаваць Латвію. Нацыянальны ўрад Ульманіса сядзеў на караблі каля порта Ліепаі, пад аховай ваеннага флёту Антанты. Перамога пад Цэсісам адкрыла шлях да поўнага вызваленьня краіны.
Наш камэнтар: Народы Балтыі не напалохаліся шматлікіх і стракатых ворагаў і акупантаў. Яны змагаліся за сваю дзяржаву ў самых цяжкіх умовах. І перамаглі.
Алесь Хадасевіч
20 гадоў пасьля краху крамлёўскага райху
24 чэрвеня 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала пра загадкі і таямніцы СССР, камэнтуючы вялікую публікацыю ў амэрыканскім часопісе “Foreign Policy”. Сярод таямніцаў, якія імкнуцца раскрыць народы і людзі: куды падзеліся залатыя запасы КПСС, што зьбіраўся рабіць СССР падчас Карыбскага крызісу, што рабіў Гарбачоў і Крэмль у першыя дні пасьля Чарнобыльскай катастрофы?
Наш камэнтар: Праз 20 гадоў пасьля краху крамлёўскага райху людзі ва ўсім сьвеце разгортваюць усё новыя старонкі гісторыі існаваньня жудаснага імпэрскага стварэньня з цэнтрам у Маскве.
Юрка Марозаў