“МЫ ЯШЧЭ СУСТРЭНЕМСЯ...”

З кожным тыднем усё больш беларусаў пераконваюцца, што ад рэпрэсіяў рэжыму не схаваешся. Некаторыя грамадзяне далёка абыходзяць тыя месцы ў сталіцы і іншых гарадах, дзе павінны адбыцца грамадзкія пратэсты. Яны спакойна перасоўваюцца або стаяць там, куды яшчэ не запрашалі “сацыяльныя сеткі”. Але аказалася, што гэта зусім не зьяўляецца гарантыяй асабістай бясьпекі людзей. Так, у сераду на мінулым тыдні грамадзяне спакойна стаялі на аўтобусным прыпынку ў мікрараёне Уручча, у ладкі не пляскалі і маўчалі “проста так”, без усялякага сэнсу. Раптам каля прыпынку рэзка затармазіў паліцэйскі аўтазак, зь яго вылецела група амонаў. Дзяржыморды накінуліся на разгубленых грамадзянаў, закруцілі рукі пяцём мужчынам, кінулі іх у аўтазак і зьехалі.

Зразумела, што тэрарыстычнымі дзеяньнямі рэжым імкнецца напалохаць беларускае грамадзтва, давесьці нашых людзей да стану здранцьвеньня і поўнага падпарадкаваньня катам. Некаторыя сапраўды пачалі баяцца, а іншыя, наадварот, прынялі для сябе рашэньне пра выбар новай жыцьцёвай пазыцыі.

Падчас адной з паліцэйска-гэбоўскіх “зачыстак” у Менску па вуліцы ішоў адстаўны беларускі афіцэр, вэтэран Аўганскай вайны. Ішоў па сваіх справах, ніколі не цікавіўся палітыкай. Яго ўдарылі ззаду, закруцілі рукі, зрабілі ўдушаючы прыём, павалілі, закінулі ў аўтазак. Прывезьлі ў раённы аддзел міліцыі, дзе растлумачылі, што ён “лаяўся матам і дэманстраваў”. Беларускі афіцэр вымушаны быў заплаціць штраф. Праз колькі дзён ён пагаліўся, надзеў парадны мундзір, начапіў усе свае ордэны і мэдалі і зайшоў у той раённы аддзел міліцыі. Там ён зьвярнуўся да дзяжурных міліцыянтаў з кароткай прамовай. Вось што ён сказаў: “Я ніколі ня быў у апазыцыі, мяне гэта не цікавіла. Цяпер я ў апазыцыі і мяне гэта цікавіць. Тое самае сказалі мне хлопцы з майго батальёну. Мы з вамі яшчэ сустрэнемся...”

Алесь Хадасевіч