ЗАМЕЖНЫ ДРУК (29.06–02.07.2011)
У Эгіпце без перамен
29 чэрвеня 2011 г. ангельская газэта “Guardian” паведаміла пра магутную хвалю пратэстаў у Каіры. Дзесяткі тысячаў маладых мужчын біліся ў цэнтры эгіпецкай сталіцы з атрадамі мясцовых амонаў. Больш за 1000 чалавек было паранена. Дэманстранты патрабавалі ад вайсковай рады, якая кіруе краінай пасьля падзеньня Мубарака, правядзеньня рэформаў.
Наш камэнтар: Эгіпцяне не даюць новым кіраўнікам кіраваць па-старому і настойліва нагадваюць пра іхную адказнасьць перад народам. Ніхто ў Эгіпце не спадзяецца, што кіраўніцтва краіны нешта падорыць або нешта саступіць.
Алесь Хадасевіч
Яны зноў за “вольныя выбары” пад лукашызмам
29 чэрвеня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” напісала, што “лідэры беларускіх апазыцыйных партый і рухаў вырашылі аб'яднаць дэмакратычную апазыцыю, якая будзе імкнуцца да вызваленьня палітычных зьняволеных і да вольных выбараў”. Паводле паведамленьня агенцыі “Інтэрфакс” працытаваны выказваньні “Лебедкі”, Калякінаса (старшыні партыі “Справедлівыйс мірс”) і Мілінкявічуса.
Наш камэнтар: Яны зноў “аб'ядноўваюцца”, зноў тыя ж самыя. І зноў з тым жа самым — заклікаць на “вольныя выбары” пад лукашызмам.
Усе летувіскія газэты з гатоўнасьцю перадрукоўваюць гэтую фантасмагорыю.
Алесь Хадасевіч
Тактыка зьнішчэньня
29 чэрвеня 2011 г. латвійская газэта “Neatkariga Rigas Avize” напісала, што Расея ўначы паабяцала адключыць падачу электраэнэргіі ў Беларусь, бо тая не заплаціла за пастаўкі. Віцэ-прэм'ер Расеі І. Сечын сказаў, што гэта не палітычнае, а эканамічнае рашэньне.
Наш камэнтар: У інфармацыйнай прасторы розныя “аналітыкі” ізноў загаварылі пра “чарговую вайну” паміж РФ і РБ. А разумныя людзі ў Беларусі даўно ўжо не вераць у гэтыя “войны” і разумеюць, што прамаскоўскі рэжым удае абаронцу сувэрэнітэту, а потым здае Маскве ўсё і нават больш. Вядома, што лукашысты ўжо паслалі ў Маскву грошы і “вайна” скончылася. У чарговы раз маскоўская агентура ў Менску пакрасавалася ў амплуа “зашчітніков отечества”, а маскоўскія ворагі “прадэманстравалі варожасьць” да Лукашэнкі.
Юрка Марозаў
Дапамога паўстанцам
29 чэрвеня 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла, што французкая авіяцыя скінула на тэрыторыю Лібіі, занятую паўстанцамі, зброю і амуніцыю для частак, якія ваююць супраць рэжыму Кадафі.
Наш камэнтар: Калі народ змагаецца за вызваленьне ад дыктатуры, ён абавязкова атрымлівае дапамогу.
Пазьней стала вядома, што Расея рэзка і шумна пратэставала на міжнароднай арэне супраць гэтай акцыі падтрымкі народнага паўстаньня. Міністар замежных справаў РФ Лаўроў ажно галавой трос і ўдаваў сьвяшчэнны гнеў, што паказалі тэлеканалы ўсяго сьвету. Што ж зробіш, правальваецца чарговы крамлёўскі кліент.
Алесь Хадасевіч
Помнік Рональду Рэйгану
29 чэрвеня 2011 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” паведаміла, што прэм'ер Угоршчыны Віктар Орбан урачыста адсланіў у Будапэшце помнік прзыдэнту ЗША Рональду Рэйгану, “за яго вялікія заслугі ў развале Савецкага Саюза”.
Наш камэнтар: Цывілізаваныя народы дагэтуль ня могуць нарадвацца падзеі 20-гадовай даўніны. Для сёньняшняй моладзі вызваленьне з імпэрыі — натуральная дадзенасьць. А старэйшыя людзі памятаюць, як гэта было ня проста.
Алесь Хадасевіч
Звычайны дыктатарскі маразм
30 чэрвеня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала фотаздымкі з Трыпалі. Кадафі залікаў жанчын брацца за зброю і бараніць ягоны рэжым. Высунуты лёзунг “Кожная маці стане машынай сьмерці”. На здымках: цёткі трэніуюцца з “калашнікамі”, чарнабровыя маладзіцы сьмяюцца і ўздымаюць аўтаматы...
Наш камэнтар: Адным словам, поўны маразм дыктатарскай прапаганды.
29 чэрвеня лукашызм таксама мабілізаваў сваіх бэрэсэмак і бэрэсэмаў на абарону рэжыму ад дэманстрацый маладых патрыётаў на вуліцах Менску. Мабілізаваным пакуль “калашнікі” не давалі. Ім раздалі сьцягі РБ-БССР і загналі за загароджу на Кастрычніцкай плошчы, выпусьлі перад імі расейскую папсу. Прыкладна 200 бэрэсэмаў удавалі “восторг”, “верность презіденту” і яшчэ нешта. Выглядала гэта даволі квола.
Алесь Хадасевіч
Рыхтаваліся да незалежнасьці
2 ліпеня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул і фотаздымкі, прысьвечаныя падзеям 20-гадовай даўніны. 25 чэрвеня 1991 г. Славенія разам з Харватыяй абвясьціла сваю дзяржаўную незалежнасьць. Сэрбы адразу пачалі ваенныя дзеяньні супраць Славеніі. Вайна працягвалася 10 дзён. З першага дня Славенію бараніла славенская армія і паспалітае рушэньне. Людзі падбівалі югаслаўскія верталёты і танкі, зьнішчалі і бралі ў палон югаслаўскіх вайскоўцаў. Першымі здаліся ў палон і былі вернуты на радзіму косаўскія албанцы, якім зусім не хацелася ваяваць за Сэрбію. Сотні бацькоў прыехалі з Сэрбіі ў Славенію і вымусілі абвясьціць спыненьне агню і замірэньне.
Наш камэнтар: Славенцы ня проста ўзялі ды абвясьцілі незалежную дзяржаву. Яны на працягу гадоў рыхтавалі ўсё: нацыянальную эліту, вайсковыя часткі, рабілі склады зброі і амуніцыі, умацоўвалі пазыцыі. І калі хістанулася белградская імпэрыя, народ і армія былі гатовы да пераможнага змаганьня.
Юрка Марозаў