ДА АНТЫЧАЛАВЕЧАЙ СІСТЭМЫ НЕЛЬГА ПРЫСТАСАВАЦЦА
Якім доўгім, амаль бясконцым здаецца гэты першы месяц пасьля фінансавага калапсу лукашызма, што адбыўся 24 траўня сёлета! Як мы і прадказвалі, той дзень у інфармпрасторы ужо назвалі “чорным аўторкам”, але зрабілі гэта чамусьці маскоўскія журналісты-аглядальнікі. Ім мабыць адтуль лепш бачна афарбоўку беларускай драмы, чым мясцовым блізарукім “аналітыкам” ад “незалежнай дэмакратыі”.
У няпоўны пасьлякалапсавы месяц умясьцілася столькі падзеяў і сэнсацый, што мільёны людзей яшчэ не да канца зразумелі сутнасьць і хаду падзеяў. Многія, вельмі многія яшчэ працягваюць зьдзіўляцца і разгублена разводзіць рукамі. Раптам захварэў галоўны банкір рэжыму Пракаповіч, які “клятвенно обешчал, что девальваціі, товарішчі, не будет”. Знікла і не зьяўляецца ў абменьніках замежная валюта, нягледзячы на абяцанкі трубадураў рэжыму. А жыць зь ёю (з валютай) прызвычаяліся многія людзі, якія ўжо пачалі былі лічыць яе наяўнасьць натуральнай зьявай, кшталту наяўнасьці ў атмасфэры паветра.
У дварах і ў гаражах застылі на прыколе (які невядома колькі працягнецца) прыватныя аўтамабілі, а грамадзяне напоўнілі сабой аўтобусы, мэтро і тралейбусы, бо немагчыма заправіцца палівам па такіх шалёных цэнах. Прыходзіцца выбіраць: або праехацца або пагаладаць усёй сям'ёй. Пакупка ў краме двух памідораў і аднаго агурка становіцца нармальнай практыкай вельмі многіх гурманаў нашага грамадзтва. Пагроза страты працы і нават таго мізэрнага заробку, які застаўся пасьля дэвальвацыі і падвышэньня цэнаў, навісла над сотнямі тысячаў працоўных людзей. Прыватныя фірмы буксуюць, кіраўнікі пачынаюць казаць пра масавыя скарачэньні супрацоўнікаў.
Тэмпэрамэнтныя маналогі на публіцы нашых амаль заўсёды стрыманых і замкнёных у сабе людзей паступова становяцца нормай. З выгляду рабочы чалавек сярэдніх гадоў, чыста апрануты і цьвярозы, махае кулакамі каля вакзала ў Койданаве і крычыць: “Гады! Праклён вам!” Аказалася, што ён паспрабаваў забраць у банкамаце свой заробак. А мэханічны голас на мове акупанта артыкулятыўна выдаў яму: “Заберите карточку... Заберите карточку...” І беларус ідзе да хаты з пустымі рукамі.
Маладыя маці стаяць перад вітрынай “Дзіцячага сьвету” і кажуць адна адной: “Мне сёлета трэба дваіх дзяцей у школу выпраўляць. Толькі на строі трэба аддаць па 150 тысячаў. А па тэлевізару ўсё хваляцца, як жыць добра...” Інтэлігентная маладая дама прызнаецца, што пасьпела забраць свае даляры з банку яшчэ да калапса. Яна распытвае старэйшых, а што было з укладамі насельніцтва ў 1991 годзе, калі яна не была яшчэ дарослай. Калі ёй кажуць, што ўклады тады не вярнулі, дама губляецца і адразу ня верыць. Можна цяпер успомніць, як некаторыя гэтакія дамы, скрывіўшы вусны, казалі ў свой час: “Так что мне за Поздняка голосовать что ли? Чтобы он меня по-белорусски заставил разговаривать?” І рабілі “свой выбар”... Цяпер разгубленыя многія людзі. Многія прызнаюцца, што апошнія некалькі гадоў “толькі ўздыхнулі, толькі зажылі, а тут бах!”
Нават ня верыцца, што большасьць беларускіх сем'яў “уздыхнулі-зажылі” толькі ў апошнія пяць — максімум шэсьць гадоў. Менавіта ў гэты прамежак часу двары і тратуары запоўніліся аўтамабілямі, грамадзяне зьездзілі на курорты ў Турцыю і Эгіпет. Яны не заўважалі разгрому нашай нацыянальнай культуры і школы, зьверстваў лукашызма над патрыятычнай моладзю. Яны нават не задумваліся над тым, што адбываецца навокал.
Хаця не, задумваліся па-свойму. Яны спадзяваліся прыстасавацца да антыбеларускага рэжыму, пачалі нават атрымліваць магчымасьць для пэўнай самарэалізацыі. У здольных на фармулёўку жыцьцёвай плятформы склаліся свае крэда, якія яны агучвалі ў рэдкіх дыскусіях: “А што мне на барыкады ісьці, я што — ненармальны? Мне і так добра. Галоўнае на працу не спазьняцца, рабіць сваю справу. Горш ня будзе...”
Абыякавасьць да лёсаў сваёй дзяржавы, мовы, культуры, да любой агульнай беларускай грамадзкай справы здавалася многім гарантыяй дастаткова камфортнага існаваньня і забясьпечанай будучыні пасярод любых прыхамацяў рэжыму. Даўні местачковы дэвіз “Абы нікуды не савацца!” увайшоў у многія “фамільныя гэрбы” абыватэляў. Здавалася, што так яно, па-здрадніцку нетаропка і роўна, будзе рухацца праз гады і дзесяцігоддзі, пяройдзе ў спадчыну дзецям і ўнукам. І ўсіх мы абхітрым, пакуль грузіны ваююць, а грэкі страйкуюць... І раптам “бах”!
Міф лукашыстоўскай стабільнасьці аказаўся пустой порхаўкай. Хунта, якая валодае нашай акупаванай краінай, вырашыла, што досыць ужо беларусы паезьдзілі на сваіх аўтамабілях і паймелі даляраў у сваіх кішэнях. Што трэба ў нашага народу забраць апошняе з маёмасьці. Аказалася, што той, хто аддаў ворагу чалавецтва сваю душу (культуру, нацыянальны гонар, родную мову) павінен урэшце рэшт аддаць ворагу жыцьцё сваё і сваіх дзяцей. Прамаскоўскі рэжым на нашых вачах забірае нашу нацыянальную маёмасьць. Для каго гэта абстракцыя, той павінен зразумець, што ягоная прыватная маёмасьць таксама зьяўляецца часткай нацыянальнага багацьця і таксама павінна быць забрана зьнішчальнікамі, якія ўпэўнены, што беларусы ня будуць супраціўляцца, калі акупанты будуць абрабоўваць іх да ніткі і забіваць іх.
Агульная народная бяда апошніх тыдняў павінна б была вярнуць нашых людзей з ілюзорных сфэраў міфалогіі ў рэчаіснасьць барацьбы за выжываньне. За выжываньне ня толькі асабістае, але і як нацыянальна-культурнай, цывілізацыйнай супольнасьці, за выжываньне як нацыі. Іншага шляху дзеля паратунку няма. Паасобку нас растопчуць і зьнішчаць пры маўклівай згодзе навакольнага сьвету, які будзе думаць: “А можа яны і самы хочуць быць рускімі, можа ім так і падабаецца?”
Прыстасавацца, ператрываць, сьцярпець-прыцярпецца нікому ня ўдасца. Супрацьстаяць рабаўнікам, палітычным крымінальнікам і акупантам можна толькі супольнай сілай і разам, адной нацыянальнай сям'ёй — Беларускай Салідарнасьцю. І пачынаць нацыянальны супраціў трэба ўжо зараз (хаця, па-праўдзе — ўчора і даўно).
Алесь Хадасевіч