НАВІНЫ ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (21–22.06.2011)

Разбамбілі вілу

21 чэрвеня 2011 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла, што ўначы авіяцыя НАТО разбамбіла вілу Аль Хамідзі, якога газэта назвала “шышкай рэжыму Кадафі”. Генэрал Хамідзі — адзін з 5 генэралаў арміі, які зьдзейсьніў у 1969 г. вайсковы пераварот пад кіраўніцтвам Кадафі і ліквідаваў манархію ў краіне. Генэрал ацалеў у бамбардоўцы.

Наш камэнтар: НАТО ўзялося за лібійскіх жадобіных. Пакуль што ім удаецца схавацца ад пакараньня за злачынствы... Пакуль што.

Юрка Марозаў


Вар'ят можа спаліць дом

21 чэрвеня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул, прысьвечаны ўгодкам увядзеньня заходненямецкай маркі (21.06.1948 г.). Увядзеньне нацыянальнай валюты было адной з галоўных прыкметаў стабілізацыі ФРГ, паступовага выйсьця краіны з пасьляваеннай разрухі.

Наш камэнтар: Ва ўсіх цывілізаваных краінах грамадзяне і кіраўніцтва высока цэняць сваю нацыянальную валюту — адзін з галоўных атрыбутаў дзяржаўнай незалежнасьці. Гэта толькі маскоўскі агент Лукашэнка можа публічна абзываць беларускія рублі “этімі бумажкамі” і рабіць пры гэтым брыдкія грымасы. Пасьля такіх тэлевыказваньняў агента ўсім стала зразумела, што рэжым унутранай акупацыі ўзяў курс на ліквідацыю беларускіх грошай і ўвядзеньне акупанцкага расейскага рубля.

Юрка Марозаў


Баяцца больш чым злачынцаў

21 чэрвеня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала пра рэформу расейскай паліцыі, якую разгортвае прэзыдэнт Медведев. Газэта напісала, што “многія расейцы баяцца сваёй міліцыі нашмат больш чым злачынцаў, якіх яна павінна перасьледваць”.

Наш камэнтар: Перадвыбарчыя абяцанкі крамлёўскага кіраўніцтва скончыць з карупцыяй і зьверствамі ў паліцыі так і застануцца абяцанкамі. Гэта цудоўна ведаюць у Расеі і ў суседніх краінах. Дэфашызацыя ня можа эфэктыўна рабіцца нячыстымі рукамі крамлёўскіх паханоў.

Алесь Хадасевіч


Крэмль трывожыцца

21 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра заклапочанасьць расейскага дзяржкіраўніцтва тым, што Украіна арыентуецца на Захад, прэзыдэнт Януковіч часта езьдзіць туды, выступае пра эўраінтэграцыю і супрацоўніцтва з НАТО і г.д.

Наш камэнтар: Нездарма трывожыцца Крэмль. Які б прамаскоўскі ня быў Януковіч, але нават ён цудоўна разумее, што гнілы шлях арыетацыі на Маскву беспэрспэктыўны (у тым ліку і для ягонай кар'еры). Нават гэтая крэатура Расеі адварочваецца тылам да свайго лубянскага “дэміурга”.

Алесь Хадасевіч


Злачынства кіраўніцтва

22 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала, што пасярод ракі Ултавы ў Празе выстаўлены на плыце савецкі танк, пафарбаваны ў ружовы колер. Такім шоў грамадзтва адзначае 20-годдзе поўнага вываду савецкіх войскаў з Чэхаславакіі. Апошні эшалон з савецкімі войскамі і тэхнікай пакінуў краіну 21 чэрвеня 1991 г.

Наш камэнтар: Беларусы ведаюць, што многія вайсковыя савецкія эшалоны былі накіраваны ў нашу Беларусь з вызваленых краінаў Цэнтральнай Эўропы ў 1991-93 гг. Дзесяткі тысячаў расейскіх асаднікаў атабарыліся на нашай зямлі з нянавісьцю да ўсяго беларускага. Гэта было палітычнае злачынства тадышняга кіраўніцтва нашай краіны.

Юрка Марозаў


Шамаценьне і мітусьня

22 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Праціўнікі Пуціна ня могуць стартаваць на выбарах”. Мінюст Расеі адмовіў упісаць у рэестар палітычных партый Партыю Народнай Свабоды. Яе ўтварылі для ўдзелу ў парляманцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах “чатыры лідэры дэмакратычнай апазыцыі М. Касьянаў, Ул. Мілаў, Б. Нямцоў і Ул. Рыжкоў”.

Наш камэнтар: У Расеі разгортваецца шамаценьне і мітусьня на тэму выбараў. Гэта ўсё вельмі цікавіць СМІ ў розных краінах — пісаць ёсьць пра што. Нібыта на радзіме гэбізму могуць быць нейкія выбары...

Юрка Марозаў