РАЗАБЛАЧЭНЬНЕ КАРОННАГА МІФА

На жаль, тэксты выступаў расейскіх навукоўцаў-гісторыкаў І. Глебавай і Ю. Піваварава на канфэрэнцыі ў Будапэшце недаступныя ў Сеціве. Але нават у камэнтарах на гэтыя даклады адчуваецца, што яны добра зачапілі імпэрскую пыху. У паведамленьні расейскай інфармагенцыі Regnum (якое мы зьмяшчаем ніжэй на нашай старонцы) захоўваецца бонтон і ўсё ж такі перадаюцца асноўныя тэзісы навуковых дакладаў пра вайну. Проста аўтары дакладаў называюцца “не навукоўцамі” і “не гісторыкамі”. А вось на іншых хвалях Сеціва ім дасталося значна больш: яны і русафобы і фальсіфікатары і “вечны праклён”...

Што ж здарылася? Проста два маскоўскія гісторыкі выступілі ў адной з эўрапейскіх сталіцаў і заявілі пра відавочныя рэчы. Пра тое, што вайна 1941-45 гадоў не была “Айчыннай” і не была “савецкай перамогай” і што антычалавечы імпэрскі маскоўскі рэжым выкарыстоўвае гэтую тэму для свайго паратунку. Для аўтараў камэнтароў і, мяркуем, што таксама для імпэрскага кіраўніцтва, нечаканасьцю было, што з такімі канстатацыямі-разаблачэньнямі выступілі менавіта маскоўскія навукоўцы. Трэба чакаць, што на наступныя навуковыя канфэрэнцыі сапраўдных навукоўцаў з Масквы ўжо ня будуць пасылаць. Пашлюць з дакладам якога-небудзь праверанага Праханава, ён ім там на Захадзе мозгі прачысьціць...

Нагадаем, што міф — гэта тое, чаго ніколі не было, што было народжана больш або менш мастацкай фантазіяй. У старажытных цывілізацыях міфы ўзьнікалі спантанна, дзеля ўсьведамленьня карціны сьвету і ягоных зьяваў. У новы час міфы ляпіліся і лепяцца сьвядома, штучна, і займаюцца гэтым адпаведныя колы спэцыялістаў, часьцей за ўсё на замову кіруючай улады. Так быў зьлеплены міф пра “Вялікую Айчынную”. Няхай расейцы спрачаюцца паміж сабой наконт трактоўкі гэтага міфа. Для беларусаў ад пачатку і да канца ўсё ў гэтай тэме ёсьць фальшам. Пачынаючы з таго, што для заходніх земляў Беларусі (занятых паводле Рыжскага міру 1921 г. Польшчай) вайна пачалася не 22 чэрвеня 41-га, а 1 верасьня 1939 г. З бамбардовак нямецкай авіяцыі нашых гарадоў і аб'ектаў, з удзелу дзесяткаў тысячаў беларускіх жаўнераў і афіцэраў, мабілізаваных у Войска Польскае, у баях супраць фашыстаў. І 9 траўня 1945 г. было для нас не перамогай, а заменай адной акупацыі другой акупацыяй. Сотні тысячаў нашых людзей пацярпелі ад рэпрэсіяў “вызваліцеляў”, многія загінулі. Маскоўскія акупанты інтэнсіфікавалі зьнішчэньне нашай культуры і мовы.

Але міф жыве, ягонае існаваньне падтрымліваецца руплівасьцю мясцовай псэўданавукі і шызоіднай лукашыстоўскай прапагандай. Як тут ня ўспомніць самога начальніка рэжыму? Колькі гадоў таму ён (народжаны ў 1954 г.) так расчуліўся на сустрэчы з вэтэранамі “ВОВ”, што матлянуў галавой і заявіў: “Да, товарішчі, мой отец тоже погіб на войне...” І вось ізноў лукашыстоўскія міфолагі раскручваюць махавік хлусьні на нашай зямлі. Нават у раённых газэтах днямі былі надрукаваныя аб'явы пра рэжымнае “меропріятіе”. А 23.00 22 чэрвеня ў шэрагу гарадоў і мястэчак будуць арганізаваны шоў на тэму “вераломнага нападу” немцаў на СССР. Сёлета спаўняецца роўна 70 гадоў з тае падзеі. Можна сябе ўявіць, што гэта такое будзе. З рэпрадуктараў будуць выць бамбавікі і “вставай, страна огромная...” Усхваляць Сталіна і ягонае палітбюро, нагадаюць, што “немцы былі плохіе, а Сталін хорошій” і г.д. Пампезных скокаў на 9 траўня і 3 ліпеня рэжыму ўжо мала. На працягу няпоўных двух месяцаў рэжым арганізуе ажно тры “усенародных сьвяткаваньні”.

Нават інтэлігентным людзям у Маскве ўжо абрыдла гэтая крывадушная какафонія гэбізму. Інтэлігентныя людзі ведаюць, што памяць ахвяраў і героі вайны ў цывілізаваных краінах ушаноўваюцца зусім ня так. Абрыдла ўжо глядзець на зьнішчальнікаў нашай радзімы, якія спэкулююць на народнай трагедыі 1939-45 гадоў. Няхай лукашысты самы з сабой водзяць свае прапагандысцкія карагоды.

Янка Базыль

Расейская акадэмія навук у Будапэшце

10-11 чэрвеня ўгорскі Цэнтар русістыкі Будапэшцкага ўнівэрсітэту імя Лоранда Этвэша (праф. Дзюла Свак) і кафэдра гісторыі Усходняй Эўропы (праф. Тамаш Краўс) правялі ў Будапэшце міжнародную навуковую канфэрэнцыю на тэму “Вялікая Айчынная вайна” — 70 гадоў нападу нацыстоўскай Нямеччыны на СССР”. Угорская інфармацыйная агенцыя МТІ дала на старонках свайго парталу два кароткія паведамленьні пра кожны дзень працы канфэрэнцыі.

З усіх дакладаў удзельнікаў канфэрэнцыі карэспандэнту МТІ асабліва прыкметнымі падаліся толькі два выступы старэйшага навуковага супрацоўніка ІНІОН РАН Ірыны Глебавай і дырэктара ІНІОН РАН акадэміка Юрыя Піваварава.

Вось некалькі цытатаў з паведамленьня карэспандэнта МТІ ў перакладзе з угорскай. У сваім дакладзе Ірына Глебава сьцьвярджала наступнае: “У сучаснай грамадзкай сьвядомасьці вызначальную ролю ў легітымацыі іграе міф пра перамогу. У ідэнтыфікацыі постсавецкага грамадзтва значную частку займае так званая Вялікая Айчынная вайна... Міф, створаны вакол савецкай перамогі над нацыстоўскай Нямеччынай, валодае легітыміруючай моцай... Сродкі масавай інфармацыі жывяць савецкі міф пра перамогу... Для сістэмы, створанай Пуціным, міф пра перамогу ў сусьветнай вайне служыць асноўным момантам легітымацыі. Ён служыць для злучэньня [улады?] з народам. Яны абнавілі стары міф. Сьвяткаваньне дня Перамогі штогод у траўні працягваецца два-тры тыдні. Мы ўсё яшчэ зноў і зноў перамагаем немцаў... Для абнаўленьня старога легітыміруючага міфа гераізіруюць падзеі савецкага пэрыяду. Злачынныя і памылковыя крокі савецкай сістэмы рэабілітуюцца. Недахопы савецкага кіраўніцтва заднім рахункам апраўдваюцца. Савецкую гісторыю ачышчаюць з пункту гледжаньня перамогі ў вайне. Напрыклад, гэта тычыцца зьвязаных з падрыхтоўкай да вайны гвалтоўнымі індустрыялізацыяй і калектывізацыяй... Перамога ў сусьветнай вайне — важнейшы легітымны міф сучаснага расейскага грамадзтва, часткай якога зьяўляецца сьцьверджаньне, што Захад быў ня здольны перамагчы нацыстоўскую Нямеччыну, а Савецкі Саюз, наадварот, здолеў гэта зрабіць... Гэты міф працуе. Міф пра сьвяшчэнную народную вайну, якая завяршылася яркай перамогай, патрэбны расейскаму народу пасьля распаду савецкай імпэрыі і страты статуса вялікай дзяржавы...

Шкоднай часткай для ўмацаваньня міфа служыць тое, што ў народную сьвядомасьць ўносіцца міф пра Сталіна-правадыра. Падтрыманьню сталай гатоўнасьці да вайны служыць тэзіс, што трэба перамагчы любым коштам, патрэбна самаахвяраваньне. У гэтай сувязі нельга гаварыць пра страты... Не ў апошнюю чаргу гэты міф пра перамогу апраўдвае любое самаўпраўства цяперашняй улады... Праблема заключаецца ў тым, што сёньня ўмацаваньне гэтага міфа расейскія грамадзяне ня хочуць прыняць у цэлым”.

А вось, што сказаў у сваім дакладзе акадэмік Расейскай акадэміі навук Юры Півавараў: “Культ савецкай перамогі ў сусьветнай вайне — асноўнае легітымнае абгрунтаваньне сучаснай Расеі. Яго голасна агучваюць тэлебачаньне, газэты, іншыя сродкі масавай інфармацыі. На гэтым грунце будуецца сьвядомасьць дваццацігадовых. Гэтая перамога для нас усё, ніколі ад яе не адмовімся, толькі мы зможам перамагчы — гэта галоўныя складнікі міфа. Міф пра перамогу ў сусьветнай вайне, які аддаў у забыцьцё мільённыя ахвяры, стаў пасьля 1945 г. галоўным грунтам легітымацыі другога выданьня камуністычнага рэжыму ў СССР, а потым і ў цяперашняй Расеі”.

Такім чынам, для І. Глебавай і для Ю. Піваварава Вялікая Айчынная — не Вялікая і не Айчынная, а “так званая” вайна, а перамога ў ёй — міф. Апошняе вызначэньне так спадабалася ўгорскаму карэспандэнту МТІ, што ён паўтарыў яго ў сваім караценькім паведамленьні 15 разоў! Гэты міф нейкімі цёмнымі сіламі ў Расеі, а дакладней, яе нібыта “несправедлівай уладай”, штучна канструюецца, уносіцца ў народную сьвядомасьць, а цяпер праз 70 гадоў пасьля падзеі яшчэ і абнаўляецца.

Чаму такой важнай падалася невядомаму ўгорскаму карэспандэнту МТІ вынесеная з міжнароднай канфэрэнцыі ў Будапэшце канцэпцыя МІФА, для большага аўтарытэту выказаная, нібыта, як ён сьцьвярджае, “расейскімі акадэмікамі”? Дык толькі таму, што менавіта 10 чэрвеня міністры юстыцыі краінаў Эўразьвязу, што сабраліся ў Будапэшце, на прапанову ўрадаў Угоршчыны, Польшчы і Летувы правялі нараду “аб увекавечваньні памяці ахвяраў злачынстваў таталітарызму”. Па выніках нарады была выдадзена адмысловая дэкларацыя. У якасьці памятнай даты для гэтага прапануецца 23 жніўня — г. зн. дзень заключэньня пакту аб ненападзе паміж СССР і Нямеччынай у 1939 г.

У чым прычына адзначанай антырасейскай накіраванасьці канфэрэнцыі, арганізаванай угорскім прафэсарам Дзюлай Свакам? Відавочна, што ў падборы ўгорцамі ўдзельнікаў канфэрэнцыі з расейскага боку. Ні Юры Півавараў, ні Ірына Глебава не зьяўляюцца ні гісторыкамі, ні вузкімі спэцыялістамі ў вобласьці гісторыі Вялікай Айчыннай. (...)

Крыніца: http://www.regnum.ru/news/polit/1415885.html

Пераклад з расейскай.