АЖЫВАЕ БЕЛАРУСЬ

Мне прыслалі “лінк” са старонкі, якая назывыецца “национальное телевидение” http://ont.by/programs/programs/kontyry/topics/0067720

Там напісана: “Зенон Позняк: “Призываю воздержаться от участия в акциях протеста, рекламируемых через социальные сети. Эта инициатива неэффективна”.

Увесь матэрыял я ўжо глядзець ня стаў, шкода часу чытаць лукашысцкую пэцканіну. Я ўвогуле нідзе не выказваўся і не пісаў нічога пра “рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі”. Працытаваныя словы — гэта ёсьць выдумка, нізкасьць, на якую здольныя толькі лукашысцкія саўдзельнікі.

Карыстаючыся нагодай зазначу, што ініцыятыва “рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” справа добрая і яе трэба разьвіваць. Нічога (літаральна нічога!) ня будзе папраўлена і станоўча вырашана пакуль краінай кіруе цемра, а на вяршыні ўлады сядзіць вар'ят. Яго не павінна быць. Задача ськіданьня вар'ята ёсьць цяпер задачай выратаватьня нацыі. Цяпер усе сродкі прадатныя, якія вядуць да кансалідацыі беларусаў супраць вар'яцкага антыбеларускага рэжыму.

Некалькі практычных заўваг хацелася б мне ўставіць у гэтае паведамленьне.

Трэба адмовіцца ад апартуністычных выкрыкаў, што “міліцыя з народам”. Лукашысцкая міліцыя не з народам, а з рэжымам. Яна сьведама выконвае антызаконныя загады. І за гэта мусіць быць расплата (трэба фіксаваць нягоднікаў).

Другое — трэба трымацца далей ад так званай “вікаўскай апазыцыі”, якая нясе палітычную адказнасьць разам з Лукашэнкам за тое, што сталася ў Беларусі пасьля 19-га сьнежня 2010 года. Калі ў “вулічную рэвалюцыю” ўмяшаюцца гэтыя брусэльска-маскоўскія клоўны, справа будзе правалена.

І трэцяе — неабходна зь вялікай пашанай адносіцца да нашай беларускай мовы (гэта мова контра рэжым, лукашызм на ёй не гаворыць); трэба шанаваць нашы сьвятыя нацыянальыя сымвалы, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоню. Калі сотні тысяч людзей выйдуць на вуліцы (а гэты час набліжаецца) — хай лунаюць нашыя сымвалы над нашым шляхам да чаканай свабоды.

22 чэрвеня 2011 г.

Зянон Пазьняк