ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (03–06.06.2011)

Ініцыятыва культурнага народу

3 чэрвеня 2011 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала пра дзейнасьць мясцовага Клюба гісторыі авіяцыі. Група сяброў клюба выязджае ў Нямеччыну, каб знайсьці бамбавік, які састрэліла нямецкая зэнітная артылерыя ў верасьні 1941 г. пад Гамбургам. У самалёце загінула шэсьць чэхаславацкіх лётнікаў, якія ваявалі ў складзе брытанскай авіяцыі. Сябры клюба ўжо сабралі шмат матэр'ялаў пра герояў. Яны спадзяюцца паразмаўляць з нямецкімі сьведкамі трагедыі 1941-га года.

Наш камэнтар: Гэтая ініцыятыва, вартая культурнага народу. У вызваленай Беларусі таксама будзе зроблена ўсё для высьвятленьня праўды пра нашых дзядоў, якія загінулі ў войнах.

Алесь Хадасевіч


Даўно было

3 чэрвеня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул і фота, прысьвечаныя 50-м угодкам саміту ў Вене. 3-4 чэрвеня 1961 г. у Вене адбылася сустрэча М. Хрушчова з прэзыдэнтам ЗША Джонам Кенэдзі. Хрушчоў часам грубіў і пагражаў вайной. Увесь сьвет сачыў за гэтай падзеяй. Нічога сур'ёзнага на сустрэчы не падпісалі. А праз кароткі час, 15 жніўня 1961 г., саветы пачалі будаваць Берлінскі мур.

Наш камэнтар: Амэрыканцы з задавальненьнем пазіравалі з Хрушчовам. А ўсе абяцанкі Масквы як заўсёды скончыліся падманам і гвалтам.

Алесь Хадасевіч


Сірыя змагаецца

4 чэрвеня 2011 г. бэльгійская газэта “La Libre Belgique” напісала, што ў Брусэлі адбылася канфэрэнцыя 200 сірыйскіх прадстаўнікоў апазыцыі рэжыму Асада. Яны адзінадушна падтрымалі Рэвалюцыйную раду, створаную днямі ў Анталіі (Турцыя).

Наш камэнтар: Паўсюль за межамі Сірыі разгортваецца рух у падтрымку народнай рэвалюцыі і вызваленьня ад дыктатуры. Займаюцца гэтым сапраўдныя патрыёты і рэвалюцыянэры.

За межамі Беларусі апошнім часам заўважана даволі шмат тусоўшчыкаў ад псэўдаапазыцыі, якія ўдаюць дзейнасьць, а на самой справе кіруюцца рэжымнай канторай (дзімітрыевы і іншыя).

Юрка Марозаў


Заява ў Трыпалі

5 чэрвеня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра відэазварот групы маладых мужчынаў з Трыпалі, яшчэ акупаваным рэжымам Кадафі. Яны заявілі, што падтрымліваюць рэвалюцыйны ўрад, які дзейнічае ў вызваленай ад дыктатуры частцы краіны, і будуць змагацца супраць дыктатуры Кадафі.

Наш камэнтар: Калі ў розных кутках краіны народ злучаецца ў народную салідарнасьць — такая рэвалюцыя абавязкава пераможа.

Алесь Хадасевіч


Дапамога для Партугаліі

5 чэрвеня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра парляманцкія выбары ў Партугаліі. Адбываецца перадвыбарчая барацьба паміж рознымі партыямі. Эўразьвяз і МВФ заявілі, што даюць краіне 78 мільярдаў эўра дапамогі дзеля выйсьця з крызісу.

Наш камэнтар: Партугалія атрымае вялікую дапамогу, таму што ў краіне ёсьць дэмакратыя і дэмакратычныя выбары.

Алесь Хадасевіч


Крэмль нэрвуецца

5 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра выступ віцэ-прэм'ера Расеі С. Іванова на канфэрэнцыі краінаў паўднёва-усходняй Азіі (АСЭАН). Іваноў скардзіўся на НАТО, якое ўпершыню выкарыстала супраць войскаў Кадафі верталёты і “знаходзіцца ў кроку ад пачатку наземнай апэрацыі” у Лівіі.

Наш камэнтар: Нездарма шумяць і нэрвуюцца Іваноў і Крэмль. Кааліцыя абавязкава дапаможа лівійскаму народу разграміць прамаскоўскі рэжым. І тады высьветліцца і знойдзецца шмат чаго пра “лівійска-маскоўскую дружбу”.

Алесь Хадасевіч


“Ня выратуе...”

5 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін ратуе Лукашэнку. Тры мільярды крэдыту”.

Наш камэнтар: Не-е, Лукашэнку ўжо нішто ня выратуе...

Юрка Марозаў


Бэн Алі азваўся

6 чэрвеня 2011 г. партугальская газэта “Diariо de Noticias” напісала, што скінуты прэзыдэнт Туніса Бэн Алі (хаваецца ў Савудаўскай Аравіі) назваў судовы працэс над ім “фарсам” і спробай зрабіць зь яго “ахвярнага казла”.

Наш камэнтар: Калі распачнуцца суды над злачынцамі эпохі лукашызма, мы пачуем таксама шмат гуканьняў наконт “паляваньня на вядзьмарак” і іншай крывадушнай “лірыкі”.

Алесь Хадасевіч


Ракетныя гульні

6 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала, што міністар абароны Расеі Сердзюкоў у Брусэлі выступаў у НАТО. Ён патрабаваў ад Захаду, каб антыракетныя сістэмы, якія рыхтуюцца да ўсталяваньня ў Цэнтральнай Эўропе, былі ўсталяваны на такой адлегласьці, каб яны не маглі дасягнуць расейскія ракетныя базы і іншыя аб'екты.

Наш камэнтар: Прыпякло маскоўскіх камандзёраў, яны памкнуліся ў Брусэль, загаварылі пра “мір і дэмакратыю”. Напалохаліся высокатэхналагічнай заходняй зброі. Вось зь якім “хаўрусьнікам” зьбіраецца супрацьстаяць НАТО прамаскоўскі рэжым у Менску. Зноў злачынная імпэрыя прыкрываецца ад Эўропы нашым народам, ставіць беларусаў у першы эшалон абароны Масквы.

Юрка Марозаў