ПЕРШАЧАРГОВАЯ ЗАДАЧА

(Выступ на чэрвеньскім Сойме БНФ і Партыі БНФ)

...Настае абвостраны час. Але нічога ня станецца само сабой, без падрыхтоўкі і арганізацыі працэсаў. Сацыяльныя пратэсты будуць пашырацца і выяўляцца ў розных формах. Але без палітычнай падрыхтоўкі і базавай нацыянальнай ідэалёгіі яны скончацца альбо нічым, альбо пры стыхійным пашырэньні будуць скарыстаныя палітычнымі прайдзісьветамі і пры падтрымцы з-за мяжы прывядуць да такіх жа (а то і горшых) антынародных і антыбеларускіх вынікаў, як і пры існуючым рэжыме Лукашэнкі.

Без беларускай нацыянальнай ідэі і без беларускага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга над галовамі усялякі пратэст стане толькі формай зьмены аднаго антыбеларускага маразму іншым і спосабам вынішчэньня Беларусі, якімі б “дэмакратычнымі” фразамі ён ні прыкрываўся. Маем ужо вялікі станоўчы і адмоўны гістарычны вопыт у гэтай справе. Таму падрыхтоўка і пашырэньне базавай нацыянальнай сьвядомасьці людзей была і застаецца нашай агульнай палітычнай задачай. Гэта неабходнасьць, бо нацыянальна-культурнае разбурэньне нашага грамадзтва, праведзенае камуна-саветамі і антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі, такое маштабнае, што сама па сабе сытуацыя ўжо не паправіцца. Патрэбная шырокая (і ахвярная) праца ўсёй беларускай палітычнай і культурнай інтэлігенцыі.

Другой агульнай задачай ёсьць падрыхтоўка нацыянальна-дэмакратычнай арганізацыі, здольнай арганізаваць і ўзначаліць стыхійныя сацыяльныя пратэсты насельніцтва. Патрабуецца прыліў новых сілаў і палітычна актыўных людзей. Неабходны зараз інтэнсіўны і мэтавы распаўсюд нацыянальна-асьветніцкай інфармацыі (на папяровых носьбітах) і непасрэдныя кантакты з выбранымі людзьмі. Наш наробак улётак трэба скарыстаць, плюс літаратура. У аснове — плятформа Беларуская Салідарнасьць і Рух За новыя выбары без Лукашэнкі.

Узурпатар цяпер паводзіць сябе і выказваецца настолькі груба, цынічна, неразумна і неадэкватна, што нават журналісты і палітыкі ў Эўропе сталі адкрыта казаць пра яго як пра параноіка і вар'ята.

Апошняй паранойнай выхадкай вар'ята сталі яго заявы аб прадажы нацыянальных каштоўнасьцяў, рэсурсаў і нетраў Беларусі (пры тым па ськінутай цане, абы праіснаваць ва ўладзе яшчэ пару гадоў). Як прыклад — заява аб прадажы Беларуськалія за 30 мільярдаў даляраў для рускага капіталу.

У гэтай сувязі прасіў бы сяброў Сойму даць ацэнку гэтым вар'яцкім заявам і даручыць кіраўніцтву Партыі зрабіць адпаведнае афіцыйнае папярэджаньне ўсім інвэстарам і прэтэндэнтам на гандаль нацыянальнай маёмасьцю з Лукашэнкам. Сутнасьць гэтага папярэджаньня мусіць быць у тым, што ўсялякая купля нацыянальнай маёмасьці ў Лукашэнкі будзе анулявана новай народнай уладай Беларусі і сродкі незаконнай зьдзелкі будуць залічаныя ў даход Беларускай дзяржавы. Ніякая асоба (ні прыватная, ні дзяржаўная) ня мае права прадаваць беларускія нетры, радовішчы і стратэгічную эканоміку. Гэта супярэчыць Канстытуцыі і зьяўляецца злачынствам. І інвэстары ды “купцы” пра тое ведаюць. Лукашэнка ня ёсьць выбраным, прызнаным і легітымным прэзыдэнтам. Гэта ўзурпатар улады ў Беларусі, і ўсялякія маёмасныя зьдзелкі з гэтай асобай ня ёсьць юрыдычна сапраўднымі.

Я ўстрымліваюся ад эмацыйных ацэнак намераў вар'ята, але нашыя палітыкі і інтэлектуалы павінны ведаць, што Салігорскае (Старобінскае) калійнае радовішча мае запасы солі на сотні гадоў здабычы. Гэта сотні мільярдаў, трыльёны даляраў. Наш ацэначны вердыкт аб вар'яцкіх намерах узурпатара павінен быць вельмі жорсткім.

Апошнія гады я пастаянна нагадваю аб вялікай небясьпецы для нацыі, калі Лукашэнка і надалей будзе існаваць ва ўладзе. Гэтая небясьпека ўвесь час павялічваецца. І дзеяньні, і лексіка ўзурпатара робяцца ўсё больш неадэкватнымі, агрэсіўнымі і безадказнымі. Нядаўна да нас дайшлі зьвесткі, што калі рабочыя аднаго з цэхаў Менскага трактарнага завода, нездаволеныя абніжэньнем зарплаты і ростам цэнаў, вырашылі спыніць парцу, узурпатар прыслаў туды АМАП, узброены аўтаматамі, і гэбістаў, якія гукалі пад аўтаматамі: “Ну, кто здесь недоволен?”

Акупацыйны рэжым даўно ўжо агаліўся, і шмат каму стала відаць яго зьвярыная поўсьць. Бяда, аднак, што нашае грамадзтва, адлучанае ад нацыянальнай культуры, яшчэ не да канца разумее антыбеларускую сутнасьць гэтага рэжыму. Таму ахвяры амаль непазьбежныя. Гэта паказаў і 19-ы сьнежань, і выбух у Менскім мэтро, і варварскія суды над невінаватымі беларусамі.

Шмат праблемаў накапілася ў беларусаў за 17 гадоў уладнай цемры, хамства і варварства: гэта і неабходнасьць адраджэньня беларускай культуры і беларускай школы, права і законнасьці, гэта і рэформы эканомікі, якія не рабіліся з пачатку 90-х гг., гэта і дачыненьні з Расеяй і Эўропай. Але прыярытэтная па парадку, першасная праблема, якая стаіць перад беларускім грамадзтвам, — гэта праблема вар'ята ва ўладзе. Без яе хуткага вырашэньня нічога ня зрушыцца нідзе, усё будзе толькі горшаць (як і горшае ўвесь час).

На жаль, яе вырашэньне не такое простае. Як зь ёй парадзіць, мусяць задумацца беларусы, найперш — нашая эліта грамадзтва. Усім, аднак, варта ўсьвядоміць простую праўду. Лукашэнка — гэта беларуская праблема, і толькі самыя беларусы могуць яе вырашыць. Усялякія спадзевы на Ўсход, Захад, суседзяў будуць памылковымі. Пакуль само грамадзтва ня зоймецца сабой і сваёй уладай, — дыктатура будзе існаваць. Вынікі яе існаваньня надзвычай разбуральныя і могуць стаць фатальнымі для ўсёй нацыі.

12 чэрвеня 2011 г.

Зянон ПАЗЬНЯК