ДЛЯ РЭЖЫМУ ВАЖНА, КАБ БЕЛАРУСЫ НЯ МЕЛІ ГРОШАЙ І МАЁМАСЬЦІ
(Чэрвеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
12 чэрвеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Перашачарговая задача” (публікуецца). З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі.
Сутнасьць антынацыянальнай дзейнасьці дыктатарскага рэжыму, які пануе ў Беларусі, становіцца зразумелай усё большай колькасьці нашых людзей. Шок ад эканамічнага правалу, які адбыўся на працягу апошніх тыдняў, паступова мінае і грамадзяне пачынаюць рабіць высновы і задумвацца аб бліжэйшай будучыні. Беларусы пераканаліся, гэтым разам вельмі глыбака і балюча, што на працягу амаль 17 гадоў кіруючая групоўка выконвала задачы пастаўленыя перад ёю іншай дзяржавай у яе, гэтай дзяржавы, інтарэсах. Задачы наступныя: дэмаралізацыя насельніцтва, зьнішчэньне беларускай мовы і культуры, ліквідацыя беларускага бізнэсу, а потым канчатковы абвал беларускай эканомікі.
Групоўка дзейнічала і дзейнічае паводле законаў унутранай акупацыі: нібыта пад прыкрыцьцём сувэрэннай дзяржавы, а на самой справе супраць гэтай дзяржавы і яе насельніцтва, на ўтрыманьні і пад камандай імпэрскай Масквы. Нашы людзі пачалі таксама выразна бачыць і лагічную сувязь у падзеях апошняга паўгоддзя. Жульніцкая псеўдавыбарчая кампанія з актыўным удзелам падстаўных кандыдатаў ад псэўдаапазыцыі, груба сфальшаванае шоў пад назовам “прэзыдэнцкія выбары”, крывавыя рэпрэсіі супраць беларускай моладзі і ўсяго грамадзтва пасьля псэўдавыбараў, а ўвесну этап эканамічнага і фінансавага хаосу. Шмат людзей ацэньвае дзеяньні антыбеларускага рэжыму як спробу здаць нашу краіну спачатку пад расейскі рубель, а потым і ў расейскую імпэрыю.
Людзі ня хочуць гэтага і кажуць, што трэба супраціўляцца акупацыйнаму пляну. Вельмі важна даводзіць да людзей інфармацыю аб тым, што цяперашнія працэсы абвалу ёсьць рацыянальнай палітыкай зьнішчальнікаў Беларусі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Паўсюль адбываецца закрыцьцё пунктаў дробнага прадпрымальніцтва: няма валюты, тавараў. Людзі губляюць працу. Расейскія кампаніі скупляюць прадпрыемствы і рынкі, беларусы страчваюцца і губляюць вялікія сродкі, укладзеныя ў разьвіцьцё нацыянальнага бізнэсу. На шэрагу прадпрыемстваў і будоўляў няма каму працаваць, бо работнікі выехалі на рабскую працу ў Расею.
Рэжым знайшоў “выйсьце”: пачалася мабілізацыя вайсковых рэзэрвістаў, якіх пасылаюць на гэтыя прадпрыемствы і будоўлі. Гэта ёсьць вядомы таталітарысцкі прыём вырашэньня эканамічных і сацыяльных праблемаў. Беларусы вяртаюцца з паездак у цывілізаваныя эўрапейскія краіны агаломшаныя: іх уражваюць кошты на прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак, лекі і іншыя тавары першай неабходнасьці, якія ёсьць у Польшчы, Летуве і ва Украіне значна, а часам і ўдвая таньнейшымі, чым Беларусі. Людзі заўважылі, як прагна лукашыстоўскія начальнікі заяўляюць у выступах па БТ аб тым, што “на руках у грамадзянаў Беларусі застаецца яшчэ шмат замежнай і беларускай валюты”.
Начальнікі называюць высокія, дакладныя лічбы (цікава, адкуль яны гэта ведаюць?). Грамадзтва ўстрывожана тым, што антынародны рэжым робіць усё (і не хавае гэтага), каб выцягнуць з кішэняў працоўных людзей гэтыя парэшткі народных зьберажэньняў. Рэжым робіць “зачыстку” фінансавага поля перад сваёй чарговай акцыяй — увядзеньнем расейскага рубля ў Беларусі. Для рэжыму важна, каб беларусы ня мелі грошай і маёмасьці.
Людзі зразумелі таксама, што паведамленьні псэўдаапазыцыі аб тым, што “беларускае насельніцтва згубіла столькі і столькі мільярдаў у выніку эканамічнага крызісу” ёсьць не зусім дакладнымі і поўнымі па сутнасьці. Псэўдаапазыцыя “забылася” завяршыць думку. У эканоміцы нішто не зьнікае бяссьледна, сколькі людзі згубілі, роўна столькі нейкія іншыя асобы атрымалі. У выніку абрабаваньня мільёнаў беларусаў узбагаціліся на суму абрабаванага тыя, хто кіруе эканамічным правалам у нашай акупаванай краіне: лукашыстоўскія адміністратары ўсіх узроўняў і набліжаныя да іх асобы. Для таго менавіта былі прыдуманы і задзейнічаны некалькі курсаў абмену валютаў, сістэма рублёвых крэдытаў, якія раздаваліся “сваім людзям” перад пачаткам абвалу і іншыя валюнтарысцкія крымінальныя дзеяньні ў эканоміцы. Спыніць крымінальную практыку і нармалізаваць жыцьцё ў нашай краіне можна толькі палітычнымі мэтадамі праз ліквідацыю акупацыйнага, кіруемага Масквой рэжыму.
Сойм разгледзеў плян мерапрыемстваў па дзейнасьці Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
12 чэрвеня 2011 г.