НАВІНЫ ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (29.05–02.06.2011)

Вайна ў Лібіі

1 чэрвеня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала, што ў лівійскі горад Місрату прыбыла група вэтэранаў брытанскіх спэцвойскаў. Вэтэранаў нанялі для выкананьня задачы прыватныя брытанскія фірмы. Афіцэры вывучаць сытуацыю на полі бою і перададуць НАТО інфармацыю пра стан войскаў рэжыму Кадафі. Горад Місрата абараняецца ад войскаў рэжыму з самага пачатку народнага паўстаньня.

Наш камэнтар: Мужныя абаронцы Місраты выклікаюць сымпатыю ў многіх краінах. Вэтэраны брытанскіх спэцчастак вырашылі падтрымаць іх на справе. Зразумела, што яны цяпер будуць вучыць паўстанцаў эфэктыўна дзейнічаць супраць ворага.

Алесь Хадасевіч


Младзіч выказваецца

29 траўня 2011 г. дацкая газэта “Information” паведаміла, што арыштаваны сэрбскі ваенны злачынца Младзіч заявіў на высунутыя супраць яго абвінавачваньні: “Усе сэрбы павінны адчуваць віну”.

Наш камэнтар: Камандзёр-забойца гэтым разам сказаў праўду. Ад самага пачатку распаду сэрбскай імпэрыі сэрбы пагалоўна кінуліся бараніць свой імпэрскі труп. Калі не са зброяй у руках, то на шматтысячных дэманстрацыях падтрымкі імпэрскіх забойцаў: Мілошавіча, Караджыча, Младзіча і інш. Імпэрыялізм — гэта сур'ёзны від масавага псіхозу.

Алесь Хадасевіч


Сядзеў бы лепш у Франкфурце...

1 чэрвеня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул Ганса Ульрыха Гумбрэхта пра Маскву. Аўтар праехаў па Маскве на таксі і ўбачыў, што там будуюць гандлёвыя цэнтры, сьветлавыя рэкламы перш за ўсё начных клюбаў, таксама зьявілася безьліч мадэрновых аўтамабіляў. За год усё мяняецца, як за дзесяцігоддзе. Немца зацікавілі сталінскія манумэнтальныя скульптуры і сем хмарачосаў, пабудаваных пры Сталіне. Аўтар напісаў, што ніхто ўжо ня верыць ва ўтопію Маркса і Леніна, але сталінскія помнікі стаяць. Немец палічыў, што гэта ёсьць матэр'ял для гісторыі ідэй і стыляў.

Наш камэнтар: Сыты і самазадаволены немец паглядзеў на Маскву з вакна таксоўкі. Мільёнаў абрабаваных і абяздоленых расейскіх грамадзянаў ён ня ўбачыў. Ня ўбачыў ніякіх прыкметаў расейскага штодзённага кашмару. Ён і не зразумеў, што ўтопія аўтарства аднаго беспрацоўнага немца з Трыра і аднаго няўдалага адваката з Сімбірска — гэта толькі абалонка расейскай стратэгіі і ідэі пэўнага пэрыяду. Што марксізм-ленінізм — толькі часовае прыкрыцьцё вечнай імпэрска-ардынскай экспансіі і вечнага маскоўска-мангольскага варварства. Сядзеў бы лепш гэты немец у сваім Франкфурце...

Алесь Хадасевіч


Злачынстваў не схаваюць

1 чэрвеня 2011 г. ангельская газэта “Guardian” напісала, што ў Чылі пачалося рассьледваньне справы сьмерці Пабла Нэруды. Ёсьць зьвесткі, што ён быў атручаны агентамі спэцслужбаў Піначэта пасьля путча ў верасьні 1973 г.

Наш камэнтар: У вызваленай ад прамаскоўскай дыктатуры Беларусі таксама будуць перагледжаны справы па забойствах і гвалтоўнай сьмерці беларускіх інтэлектуалаў і творцаў: Рыгора Баразны, Васіля Быкава і іншых.

Юрка Марозаў


Слухаюць правакатара

1 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла пра тое, што ў Эўрапарляманце ў Стразбурзе выступаў А. Дзімітрыеў. Ён казаў з трыбуны, зьвяртаючыся да рэжыму Лукашэнкі: “Хочаце грошай, выпускайце вязьняў сумленьня!” Меліся на ўвазе звароты лукашыстаў па грошы ў заходнім накірунку.

Наш камэнтар: У Беларусі вядома, што гэты Дзімітрыеў быў першым з усіх, хто засьвяціўся ў правакацыі 19 сьнежня 2010 г. Па БТ ён заяўляў пра цяжка параненага паэта Уладзіміра Някляева, што “міліція не віновата” і г.д. І вось правакатар ужо на “міжнароднай арэне”. Наш час — час кур'ёзных падзеяў і постацяў.

Юрка Марозаў


Сірыйцы змагаюцца

2 чэрвеня 2011 г. іспанская газэта “El Pais” паведаміла, што 360 дэлегатаў сірыйскай апазыцыі ўтварылі у турэцкім горадзе Анталіі Раду Рэвалюцыі. У Сірыі працягваюцца шматтысячныя дэманстрацыі супраць рэжыму Асада, гінуць людзі.

Наш камэнтар: Сірыйцы робяць адэкватна. Калі змагаецца народ, але няма магчымасьці арганізаваць нацыянальны ворган народнай улады на радзіме, такі ворган трэба ствараць за мяжой.

Алесь Хадасевіч


Забаранілі акупацыйныя сымвалы

2 чэрвеня 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала, што парлямант Грузіі адзінагалосна прыняў закон пад назовам “Хартыя Свабоды”. Закон зацьвярджае забарону ў Грузіі савецкай і нацыстоўскай сымволікі і вызначае працэс люстрацыі. Былым супрацоўнікам КГБ і КПСС будзе забаронена займаць дзяржаўныя пасады. Грузія парывае сувязь з савецкім мінулым.

Наш камэнтар: Грузія дае прыклад дэсаветызацыі, дэрусіфікацыі і дэгэбізацыі.

Юрка Марозаў


Усе кінуліся лавіць дыктатара

2 чэрвеня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул і фота, прысьвечаныя рэвалюцыйным падзеям у горадзе Тыргавіштэ ў сьнежні 1989 г. Удзельнікі падзеяў успамінаюць, як было. 16 сьнежня стала вядома, што ў горадзе Цімішаара пачаліся народныя выступы супраць Чаўшэску. Мясцовая міліцыя пачала патруляваць вуліцы і атрымала загад з Бухарэста падрыхтаваць месцы у турме для арыштаваных у Цімішаары. Усё было ціха. Раніцай 22 сьнежня на Бухарэст пайшла калёна танкаў мясцовага гарнізону. Але праз некалькі гадзінаў у той жа дзень народ уварваўся у мясцовы гаркам кампартыі і разграміў яго. Людзі схапілі першага сакратара і хацелі скінуць яго з балкона, ён цудам выратаваўся. Замест яго з балкона выкінулі партрэт Чаўшэску. У канфэрэнц-зале пачаў засядаць ўтвораны рэвалюцыйны камітэт. У той жа дзень стала вядома, што Чаўшэску з жонкай знаходзяцца ў Дэмбовіцы непадалёк ад горада. Усе кінуліся лавіць дыктатара.

Наш камэнтар: Але як усё хутка разьвівалася! Як пачалося, то мясцовыя ўлады турму рыхтавалі. А як праваліўся рэжым, то кінуліся разам з рабочымі і сялянамі Чаўшэску лавіць (яго злавілі і расстралялі пасьля паседжаньня трыбунала, якое доўжылася 19 хвілінаў). Але надакучыў усім дыктатар!

Алесь Хадасевіч


Падумалі, што такога не бывае

2 чэрвеня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь валіцца, дыктатар працягвае руку”. Газэта паведаміла, што Лукашэнка папрасіў пазыкі ў Міжнароднага валютнага фонду, каб утрымацца пры ўладзе. Цытуем газэту: “Просьба азначае, што дыктатарскі рэжым стаіць на парозе калапса”. Газэта паведаміла, што беларускі рубель быў дэвальваваны на 36%.

Наш камэнтар: Лічба дэвальвацыі ў 56,7% настолькі неверагодная, што газэта дапусьціла памылку ў 20%. Прызвычаяныя да ўсяго газэтчыкі падумалі, што такога не бывае ў эканоміцы.

Юрка Марозаў


Гнілая бюракратыя

2 чэрвеня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра публікацыю ў Сеціве, зробленую Бюро Сьледчага Журналізму. Бюро паказвае ў справаздачы, што члены Эўракамісіі (ураду Эўразьвязу) і супрацоўнікі іхных штатаў выдаткоўваюць мільёны эўра на паездкі лімузінамі, раскошныя гатэлі ў экзатычных краінах, дарагія віны і нанятыя аркестры. Напрыклад, у 2006-10 гг. камісары выдаткавалі на прыватныя палёты рэактыўнымі самалётамі 7,5 мільёнаў эўра.

Наш камэнтар: Усё гніе ў брусэльска-стразбурскім гадзюшніку. Гніеньне аплочваюць эўрапейскія падаткаплацельшчыкі.

Алесь Хадасевіч