ЗАМЕЖНЫ ДРУК (30.05.2011)
Младзіч дурэе
30 траўня 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра арыштаванага сэрбска-басьнійскага генэрала Младзіча. Младзіч заявіў пасьля арышту, што “ня меў нічога агульнага” з забойствам людзей у Срэбраніцы. Ён казаў таксама, што палітычным адказным за вайну ёсьць Мілошавіч. Больш таго, адказнасьць ёсьць не яго, — Младзіча, — а ўсяе Сэрбіі. Младзіч таксама пачаў дэманстраваць прыкметы псіхічнай хваробы. Газэта зазначае, што гэта мабыць будзе лініяй абароны Младзіча ў Гаагскім трыбунале.
Наш камэнтар: Ну вось, пыхлівы генэрал, калі яго схапілі за акрываўленыя рукі, залемантаваў пра сваю “невінаватасьць”. Маўляў, “начальнік вінаваты” і г.д. І адразу захварэў розумам. Усе злачынцы аднолькавыя.
У хуткім часе мы ў Беларусі наслухаемся і наглядзімся такіх маналогаў і мізансцэнаў у выкананьні пыхлівых лукашыстаў.
Алесь Хадасевіч
Уцяклі ад Кадафі
30 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” паведаміла, што яшчэ восем высокапастаўленых вайсковых начальнікаў уцяклі ад Кадафі. Яны цяпер робяць заявы ў Рыме.
Наш камэнтар: Начальнікі ўцякаюць ад дыктатара і выступаюць супраць яго. Такі ёсьць закон падзеньня дыктатуры.
Алесь Хадасевіч
Бароняць генэрала
30 траўня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведаміла пра сутычкі тысячаў дэманстрантаў з паліцыяй і спэцназам у Белградзе. Дзесяткі людзей паранены і арыштаваны. Дэманстранты пратэстуюць супраць арышту Радка Младзіча.
Наш камэнтар: Многія ў Сэрбіі лічаць Младзіча вялікім патрыётам, а не ваенным злачынцам і ня хочуць, каб яго судзілі.
У вызваленай ад акупацыі Беларусі ніхто ня будзе бараніць, напрыклад, такога ваеннага злачынцу, як расейскі генэрал Усхопчык. Вядома, што Усхопчык ня толькі хаваецца ў нашай краіне ад суда Летувы за свае злачынныя дзеяньні ў 1991 г. у Вільне (дзесяткі забітых і параненых летувіскіх патрыётаў), але і робіць бліскучую кар'еру пад лукашызмам. Расейскія ваенныя злачынцы павінны стаць перад судом.
Юрка Марозаў
Псіхапат гаворыць
30 траўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Крызіс загнаў Лукашэнку ў псіхоз”. Газэта напісала: “Лукашэнка паказвае вінаватых у крызісе, які паралізуе гаспадарку ягонай краіны. Гэта беларускі народ, за які яму сорамна, бо ён скупляе тавары, і карэспандэнты замежных СМІ, якіх трэба вытурыць з краіны. Выправіць сітуацыю можна, паводле дыктатара, ўвядзеньнем асноваў ваеннай гаспадаркі і працай па 50 гадзінаў у суткі”.
Наш камэнтар: Увесь сьвет з разьзяўленым ротам назірае за ўзмацненьнем псіхапатыі ў антыбеларускім рэжыме.
Алесь Хадасевіч
Пішуць пра дэвальвацыю
30 траўня 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Дэвальвацыя беларускага міфа: “ідзеш у краму і баісься — хопіць грошай ці не”. Газэта даволі падрабязна апісвае падвышэньне цэнаў і падзенье рубля, думкі беларускіх людзей, узятыя з інтэрв'ю.
Наш камэнтар: Летувіская газэта ўрэшце пачала высылаць рэпарцёраў на падзеі ў суседнюю краіну. Раней часьцей за ўсё ім хапала расповедаў пра згаданы “беларускі міф” такіх тыпаў, як Мілінкявічус, Вячоркас і падобных з псэўдаапазыцыі. Нешта зараз іх ужо не цытуюць у летувіскіх газэтах.
Алесь Хадасевіч
Маскоўскі гэбізм рыхтуецца да выбараў
30 траўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што шэраг вядомых расейскіх праваабаронцаў, артыстаў і мастакоў заклікалі Крэмль правесьці дэмакратычныя парляманцкія і прэзыдэнцкія выбары. Аўтары звароту патлумачылі, што калі маючыя адбыцца выбары будуць толькі імітацыяй, то Медведев і Пуцін будуць несьці адказнасьць за непазьбежны палітычны крызіс і яго катастрафічныя наступствы.
Наш камэнтар: Таленавітыя творчыя людзі шукаюць справядлівасьці ў гэбоўскіх лідэраў. Гэта само па сабе кур'ёзна. Але яшчэ цікава, што пачынае паўтарацца той абсурд, які Лубянка ўжо апрацавала ў Беларусі. Падстаўная псэўдаапазыцыя ўсьлед за творцамі пачне гукаць: “Усе на выбары! Завалім гэбоўскі рэжым на гэбоўскіх выбарах!” Што будзе потым, беларусы ўжо ведаюць.
Алесь Хадасевіч