АНТЫКУЛЬТУРА НАД СОЖАМ

Пасярод хаосу, які штодня ўсё мацней апаноўвае Беларусь, “выспай спакою” застаецца рэжымная тэлегэбельсаўшчына. 22 траўня ў выпуску навінаў БТ пахвалілася “сусьветным дасягненьнем” у музэйнай справе. У музэйным комплексе “Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў”, што ў Гомлі, наведвальнікам пачалі раздаваць аўтаэкскурсаводы. Бярэш у рукі невялікую слухаўку, націскаеш кнопкі, і салодкі голас распавядае табе пра помнікі і экспазыцыі. БТ падкрэсьліла, што аўтаэкскурсаводы даюць інфармацыю “на русском, англійском і французском языках, в бліжайшем будушчем будут немецкій і італьянскій”. Зразумела, што пра дзяржаўную беларускую мову тэлегэбельсаўцы нават не згадалі. Ёй у гэтым правінцыйным беларускім музэі месца няма.

Мы ўжо згадвалі на нашай партыйнай старонцы пра разбуральныя зьявы русіфікацыі ў горадзе над Сожам. Правінцыйныя дыверсанты антыбеларушчыны прыклалі і прыкладаюць шмат намаганьняў, каб заслужыць адабрэньне ад гаспадароў з сталіцы, якія захапілі ўладу ў нашай краіне. Мяркуючы з пазыцыі класічных правілаў музэйнай справы, усё ў згаданым палацава-паркавым комплексе зроблена з дакладнасьцю да наадварот. У нармальным музэі ў залях палаца была б разгорнута сталая экспазыцыя гомельскіх мастакоў некалькіх пакаленьняў. Гомельшчына ўслаўлена выдатнымі майстрамі пейзажнага жанру (ня дзіва, бо ў непадцэнзурных краявідах мастакі былі зусім ня сьціснутыя ў сваёй творчасьці і маглі любымі жывапіснымі сродкамі выказаць сваю любоў да роднай зямлі). Што праўда, іхныя работы не схаваны ў запасьнікі. Але яны чамусьці вісяць у сутарэньнях палаца, дзе функцыянуюць гардэроб і прыбіральня. У галоўных залях выстаўлена ўсялякая лухта. У гістарычнай частцы экспазыцыі ўсхваляюцца расейскія цары і іхныя прыслужнікі, у асноўным Паскевіч. Там, дзе пры саветах віселі партрэты Леніна і Маркса, цяпер вісяць такія ж барадатыя партрэты Мікалая І і Мікалая ІІ.

У самым парку некалькі гадоў таму ўлады зьнішчылі адзін з цікавых помнікаў паркавай архітэктуры: так званы “Грот”, пабудову, выкананую ў рамантычным стылі ў другой палове 19 ст. Насупраць палаца пастаўлены помнік акупанту — князю Румянцаву-Задунайскаму, якому Кацярына ІІ падарыла Гомельшчыну, яе багацьці і тысячы беларускіх людзей ў фэадальнае валадараньне пасьля І падзелу Рэчы Паспалітай.

Непадалёк ад палаца ўзвышаецца класіцыстычны Петрапаўлаўскі сабор. Нават пры камуне будынак сабора ня быў пашкоджаны перабудовамі. Лукашызм сказіў вобраз сабора, надбудаваўшы над галоўным парталам дызгарманічную “православнейшую” вежу. Побач з саборам завяршаецца “рэстаўрацыя” пахавальнай капліцы, выкананай у сэцэсійным стылі на пачатку 20 ст. На корпус капліцы варварская псэўдарэстаўрацыя лепіць ярка-жоўтыя купалы-цыбуліны (таксама “православнейшіе”), якіх ніколі не было на гэтым гістарычным будынку (і у прынцыпе быць не магло). Атрымліваецца архітэктурнае злачынства, кшталту псэўдарускіх “какошнікаў” на вежы Нясьвіжскага замку. А з самога сабора праз гукаўзмацняльнікі па ўсім наваколькі разносіцца фальклор РПЦ. Праваслаўныя бацюшкі на мове акупантаў вучаць маліцца за “святую Русь”.

Як і па ўсёй Беларусі, у Гомлі даўно ўжо разгромлены ўсе беларускія школы і беларускія культурныя асяродкі, якія зьявіліся і закрасавалі былі на пачатку 1990-х гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны. Панаваньне прамаскоўскага хама пакінула свой разбуральны сьлед на роднай зямлі, у культуры і ў душах людзей. Многія не заўважалі зьдзеку з нацыянальнай культуры і мовы — гэта ж нейкая там “надстройка”, як тлумачылі нам марксісты, што цяпер пагалоўна запісаліся ў “православнейшія”. З “базісам” у апошнія гады над Сожам было о'кэй. Многія людзі паезьдзілі на курорты ў Турцыю і Эгіпет, купілі аўтамабілі, завялі рахункі ў банках і на банкаўскіх картках. Але гэта была часовая і штучная зьява.

І вось напярэдадні вакацыйнага сэзону грымнуў фінансавы крызіс, які толькі за апошнія дні праглынуў дэвальвацыяй больш за палову грашовых укладаў людзей ( і гэта толькі пачатак).

Гамельчукі схамянуліся і кінуліся ратаваць сваю маёмасьць. Менавіта над Сожам былі заўважаны самыя доўгія чэргі каля банкаматаў і самыя высокія хуткасьці распаўсюджваньня панічных чутак (якія на наступны дзень рэалізаваліся ў сапраўднасьць). У некаторых месцах натоўпы пагражалі дырэкцыям лінчам, калі яны зачыняць свае крамы а 19.00. А 10.00 наступнага дня пад гэтымі крамамі ўжо стаялі яшчэ больш грозныя натоўпы. Людзі разьмяталі электроніку, бытавую тэхніку і будматэр'ялы (трыяду-сымвал цяперашняга вітку крызісу).

Паспрабуй сказаць нашым працавітым і практычным людзям, што імклівае разбурэньне іхнага жыцьцёвага “базісу” праводзіцца рэжымам пасьля завяршэньня варварскага пагрому нашай нацыянальнай культуры (па-іхнаму “надстройкі”). Людзі не павераць і адмахнуцца.

Але аказалася, што немагчыма прыстасавацца і камфортна праіснаваць нават на гістарычна кароткі час ва ўмовах антыбеларускага акупацыйнага рэжыму. Павычвараўшыся над беларускай душой, зьнішчальнікі ўзяліся нішчыць матэр'яльнае існаваньне беларусаў. А беларускія патрыёты папярэджвалі, што менавіта так яно і будзе, калі дапусьціць у душу русіфікатарскага нягодніка, калі забыцца пра сьвятое і роднае.

Што ж рабіць? Як ратавацца? Паратунак ў вяртаньні да сьвятога і роднага — у нацыянальнай і чалавечай Беларускай Салідарнасьці. Не ачысьціўшы душу ад русіфікатарскай ціны, не вярнуўшыся да нашай беларускай мовы і нашай беларускай эўрапейскай культуры, нам ніколі ня ўдасца вырвацца з палону маскоўскай арды і яе мясцовых янычараў.

Янка Базыль