ПРА ШТО ПІШУЦЬ ЗАМЕЖНЫЯ ГАЗЭТЫ (20–21.05.2011)
Зло павінна быць пакарана
20 траўня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала пра парляманцкія дэбаты ва Уругваі. Пасьля месяцаў дэманстрацый і 14 гадзін парляманцкіх дэбатаў левай большасьці не ўдалося правесьці закон аб амністыі па злачынствах дыктатуры, якая валадарыла ў краіне ў 1973-85 гг.
Наш камэнтар: Насельніцтва Уругвая выказалася супраць амністыі злачынцам, якія зьдзекваліся з народа, катавалі і забівалі людзей.
Ніхто ў Беларусі не наважыцца запрапанаваць нейкую амністыю злачынцам эпохі лукашызма. Зло павінна быць пакарана.
Юрка Марозаў
Справа інтэлігенцыі
20 траўня 2011 г. іспанская газэта “АВС” апублікавала артыкул пад тытулам “Усё пра супраціў у Эўропе”. Артыкул прысьвечаны новай кнізе іспанскага гісторыка Хасэ М. Фаральды “Падпольная Эўропа” пра антыфашыстоўскі і антыкамуністычны супраціў у Эўропе ў 1938-49 гг. Згадваюцца Польшча, Украіна, прабылтыйскія рэспублікі.
Наш камэнтар: Беларусь і беларускі нацыянальны супраціў для аўтара не існуе. Як разумеем паводле газэтнай рэцэнзіі, згадкі пра нас няма і ў кнізе. Вось такое “Усё пра супраціў у Эўроле”. Вось такі ўзровень там акадэмічнай навукі. Хаця гэтаму ёсьць тлумачэньне. У лепшым выпадку іспанскі навуковец пазнаёміўся з расейскімі і польскімі выданьнямі пра Супраціў (чужынцы не напішуць праўду пра беларусаў, зь якімі змагаліся. могуць нават адмыслова не згадаць іх). Пісаць пра народ — справа нацыянальнай інтэлігенцыі.
Алесь Хадасевіч
Іспанцы змагаюцца
20 траўня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала, што іспанскі МУС забараніў дэманстрацыі напярэдадні мясцовых выбараў у краіне. Але іспанская моладзь не паслухалася забароны і пачала масава пратэставаць супраць сацыяльнай несправядлівасьці, патрабаваць ліквідацыі электаральнай сістэмы, якая дае прыярытэт дзьвюм партыя — Сацыялістычнай і Народнай. Дзесяткі тысячаў маладых ставяць намёты ў цэнтры Мадрыда, Барсэлоны і іншых гарадоў.
Наш камэнтар: Моладзь нават у дэмакратычнай дзяржаве салідарызуецца, каб абараніць свае правы і аказаць уплыў на палітычную сістэму, якая сваім лібэралізмам і брусэльскім намэнклатурным маразмам давяла краіны да крызісу. Іспанцы змагаюцца за сваю будучыню.
Алесь Хадасевіч
Яны думалі камфортна існаваць пры дыктатуры
20 траўня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” апублікавала турыстычную рэкламу самых прывабных і эканамічных падарожжаў на лета: Албанія, Ірляндыя, Партугалія, Арабскія Эміраты... Эўрапейцы зьбіраюцца на курорты і ў падарожжы.
Наш камэнтар: Цяпер на вуліцах і ў грамадзкім транспарце ў Беларусі можна пачуць шмат дыялогаў, у якіх гучыць сумнае: “Это же надо, мы семьёй последніе два года только зажілі. Вот в отпуск маршрут выбіралі, думалі в Турцію поехать отдохнуть. І вдруг всё обвалілось, валюты нігде нет...” Постсавецкія людзі яшчэ не да канца зразумелі маштабы бяды, якая абрынулася на нашу краіну. Многіх пакуль што ўсхвалявала толькі праблема сарваных плянаў летняга адпачынку. Яны даволі доўга думалі, што “всё ідёт путём”, “всё до лампочкі”, “ведь мы нікуда не суёмся”. Яны думалі, што можна прыстасавацца да фашыстоўскай сістэмы дыктатуры і нават камфортна існаваць пры ёй. Ды й на краіну-Беларусь ім было з большага “начхаць”. А аказалася, што ўсё ў жыцьці ўзаемазьвязана.
Алесь Хадасевіч
На вайне ваююць
20 траўня 2011 г. нямецкая газэта “Die Welt” апублікавала артыкул і фота, прысьвечаныя 70-м угодкам бітвы за Крыт. 6 красавіка 1941 г. гітлерскія войскі атакавалі Югаславію і Грэцыю. Югаслаўская армія была разгромлена за лічыныя дні. На мяжы з Грэцыяй немцаў сустрэлі ўмацаваньні лініі Мэтаксаса, якія ім удалося прарваць зь вялікімі цяжкасьцямі і стратамі. У траўні 1941 г. немцы высадзілі вялікі паветраны дэсант на Крыце. Камандаваньне дапусьціла сур'ёзныя памылкі. Вайскоўцам вэрмахту патлумачылі, што іх сустрэне прыязнае да немцаў насельніцтва. Усё было наадварот. У баях з войскамі і мясцовым паспалітым рушэньнем дэсантнікі панесьлі каласальныя страты.
Наш камэнтар: Гітлер разьлічваў, што захоп Грэцыі будзе лёгкай апэрацыяй бліц-крыгу, але пралічыўся. Немцаў уразіла ўпартасьць, зь якой на лініі Мэтаксаса біліся грэцкія жаўнеры. Нават параненыя, што ляжалі на дне траншэяў, не здаваліся ў палон, а адбіваліся ад ворага нажамі і штыкамі, калі канчаліся патроны і гранаты. На Крыце мужчынскае насельніцтва зьбягалася зь віламі, сякерамі і паляўнічымі рушніцамі на месцы, куды прызямляліся нямецкія дэсантнікі і забівала незапрошаных гасьцей. Камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі Нямеччыны генэрал Штудэнт назваў Крыт “могілкамі нашых дэсантнікаў”.
Гісторыя дае свае лекцыі і прапануе свае аналогіі. У Маскве таксама здаецца, што на Беларусі можна арганізаваць нейкі лёгкі бліц-крыг і што насельніцтва будзе сустракаць незапрошаных гасьцей з кветкамі. Бывае, што агрэсары моцна пралічваюцца...
Юрка Марозаў
Новыя “апазыцыянэры” ў Маскве
20 траўня 2011 г. ангельская газэта “Guardian” пісала пра маскоўскага банкіра Аляксандра Лебедзева. Напісала, што банкір — важная постаць у апазыцыі ў Расеі. Апошнім часам банкір скардзіўся, што на яго моцна цісьне ФСБ. Таму ён вырашыў перайсьці ў “народны фронт”, які стварае эфэсбіст Пуцін.
Наш камэнтар: Які герой-апазыцыянэр! Які “барэц”! Кшталту Чыгіра, Краўчанкі або Лебедько. Толькі нешта нічога мы ня чулі пра “апазыцыянэра” Лебедзева, як ён кіруе Расейскім рэзэрвовым банкам. Пэўна нездарма ангельцы запусьцілі ў Лёндан безьліч розных “апазыцыянэраў” з Масквы.
Алесь Хадасевіч
Швайцарцы шануюць сваё
20 траўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што насельніцтва кантона Цурых на рэфэрэндуме прагаласавала за абавязкавае веданьне швайцарскага дыялекту для тых, хто працуе ў сістэме адукацыі. Немкі з Дрэздэна і іншых месцаў Нямеччыны зьбіраюць чымаданы. Яны зараблялі грошы ў Цурыху, працуючы выхавацелькамі ў дзіцячых садках. Яны размаўляюць на германскай нямеччыне — Hochdeutsch — і ня ведаюць швайцарскага дыялекту нямецкай мовы.
Наш камэнтар: Швайцарцы патрабуюць веданьня нават свайго дыялекту, клапоцяцца пра выхаваньне дзяцей. У Беларусі любая “русскоязычная” істота, што прыбыла з Разані або Каўказу, адразу прымаецца на працу ў школу і іншыя дзіцячыя ўстановы, больш таго робіць у нас кар'еру навыперадкі перад беларусамі. А спытаеш істоту нешта па-беларуску, яна гыкне: “Ась-ась? Я вас не понімаю...” Гэты блюзьнерскі прыём акупацыйнага рэжыму адразу будзе ліквідаваны пасьля падзеньня акупацыі.
Юрка Марозаў
Вялікая небясьпека
21 траўня 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Масква купляе Беларусь за мільярды”. Цытуем газэту, якая напісала пра расейскія крэдыты ў Беларусь: “Гэта як мёртваму прыпаркі... Цяпер як ніколі рэальнай ёсьць пагроза імпэрскага паглынаньня Расеяй”, — ацаніў расейскую дапамогу палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Ён меў на ўвазе, што Расея за крэдыты будзе патрабаваць свабодны доступ да прыватызацыі стратэгічных прадпрыемстваў”.
Наш камэнтар: А. Класкоўскі вельмі выразна і адназначна сказаў пра пагрозу паглынаньня Расеяй нашай Беларусі. Журналістка Прахазкава ў сваім маскоўскім бюро не зразумела (або зрабіла выгляд, што не разумее), што йдзецца далёка ня толькі пра прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў. Йдзецца пра пачатак імпэрскай агрэсіі супраць нашай незалежнай дзяржавы.
Алесь Хадасевіч
Варшаўскія салаўі
21 траўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала зь Менску. Як у беларускай сталіцы ўсталяваныя два пункты, на якіх людзі будуць слухаць салаўёў: у Батанічным садзе і ў заапарку. Больш за дзьве тысячы асобаў зьяўляюцца аматарамі салаўіных сьпеваў.
Наш камэнтар: Але газэтны маразм! Гэта хто ж у рэдакцыі вядомай польскай газэты выбірае такія сюжэты з нашай сталіцы на фоне падзеяў, пасярод якіх беларусам зусім не да сьпеваў і не да птушак? Нагадаем, што за ўсе месяцы з часоў апошняга выбарчага фарсу гэтая газэта не зрабіла аніводнага больш менш глыбокага аналізу сытуацыі ў суседняй з Польшчай краіне.
Алесь Хадасевіч